Гідраэнэргетыка Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гезгальская ГЭС

Гідраэнэргетыка Беларусі — галіна энэргетычнай вытворчасьці Беларусі заснаваная на выкарыстаньні гідраэнэргіі.

У мінулым гідраэнэргетычныя рэсурсы на тэрыторыі Беларусі актыўна выкарыстоўваліся праз вадзяныя млыны і пільні, так у 1941 годзе іх дзейнічала больш за 1000.

Эканамічны гідраэнэргетычны патэнцыял Беларусі ацэньваецца ў 325 МВт або 1,5 млрд кВт*г у год (2007)[1]. Але і наяўны патэнцыял асвоены толькі на 3% (2003), тымчасова як у Летуве на 14%, у Нямеччыне — 70%, Бэльгіі — 75% (2007). Замінаюць асваеньню асаблівасьці рэльефу — тэрыторыя Беларусі раўнінная, таму могуць быць выкарыстаны толькі нізканапорныя гідраэнэргетычныя аб’екты. На 2004 доля ГЭС у выпрацоўцы электраэнэргіі энэргетычнай сыстэмай складае толькі 0,1%, на 2007 — 0,3%.

У 1950—1960-я гады ў БССР была пабудавана 179 малых ГЭС агульнай магутнасьцю каля 20 тыс. кВт (найбольш буйная — Асіпавіцкая ГЭС), якія штогод вырацоўвалі 88 млн кВт*г электраэнэргіі. Але за разьвіцьцём Беларускай энэргетычнай сыстэмы большасьць зь іх закінутая або закансэрваваная. Будаўніцтва 1 кВт гідраэнэргетычных магутнасьцей у 2,1 разы (2006) даражэй за будаўніцтва магутнасьцей традыцыйнай (газавай) энэргетыкі, але цэны на газ няўхільна павышаюцца, таму з пункту гледжаньня энэргетычнай бясьпекі краіны гідраэнэргетыка пэрспэктыўная галіна. Цяпер некаторыя з колішніх малых ГЭС аднаўляюць, таксама будуюцца новыя.

На самым Дняпры і ў басэйне Прыпяці магчымасьці будаўніцтва гідраэлектрастанцый абмежаваныя з-за вялізных плошчаў, якія будуць затопленыя пры стварэньні вадасховішчаў, але на прытоках Дняпра, а таксама ў басэйнах Дзьвіны і Нёману маюцца ўмовы для стварэньня досыць эканамічных і экалягічна бясьпечных гідраэлектрастанцыяў. У пэрспэктыве гідраэнэргетыка ў Беларусі можа разьвівацца ў напрамку будаўніцтва гідравузлоў комплекснага выкарыстаньня — стварэньня вадасховішчаў для рэгуляваньня сьцёку пры адначасовым выкарыстаньні іх у мэтах энэргетыкі, водазабесьпячэньня, воднага транспарту, мэліярацыі і аховы вод.

На пачатак 2004 году вызначаная магутнасьць 21 ГЭС[2] на балянсе ДВА «Белэнэрга» склала 10,9 МВт, а іх гадавая выпрацоўка электраэнэргіі — ~29 млн. кВт*г (0,1% ад выпрацоўкі ўсёй энэргасыстэмай), што адпавядае ~8 тыс. т.у.п.[3] Паводле «Канцэпцыі энэргетычнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь»[4], да 2020 году плянуецца выйсьці на паказчыкі артыманьня за кошт гідраэнэргетыкі да 0,8-0,9 млрд. кВт*г у год, што адпавядае 220-250 тыс. т.у.п. і будзе складаць ~8% у выпрацоўцы электраэнэргіі ўсёй энэргетычнай сыстэмай. Каб дасягнуць гэтых паказчыкаў плянуецца ня толькі ўзнаўленьне і рэканструкцыя ўсіх мэтазгодных колішніх малых ГЭС, а і будаўніцтва каскадаў ГЭС у т.л. каскадаў малых ГЭС на малых рэках — так у пэрыяд 2004—2020 плянуецца пабудаваць 9 ГЭС агульнай вызначанай магутнасьцю 200,4 МВт і 8 малых ГЭС агульнай вызначанай магутнасьцю 1,44 МВт.

Навукоўцы Інстытуту энэргетыкі АПК НАНБ распрацавалі электрагенэратар для мікра ГЭС вызначанай магутнасьцю 15 кВт. Выпрабаваньні экспэрымэнтальнага ўзора генэратара выявілі, што яго ККД на 10—15% вышэй чым у аналягаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ЦНДІКВВР Мінпрыроды Беларусі (2007)
  2. ^ 16 зь іх — ГЭС адноўленыя у 1997—2004 гадах
  3. ^ У сумежнай Летуве ў 1999 годзе працавала 20 ГЭС, у 2003 - 43, у 2005 - 63.
  4. ^ Зацьверджана 26.8.2005