Гісторыя Івянца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панарама мястэчка, 1930-я гг.

Івянец — даўняе мястэчка, колішняя сталіца графства на гістарычнай Меншчыне, якому ўпершыню ў краіне распрацавалі зямельную сымболіку[1]. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла («Белым касьцёлам») у стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, разбудаваны з гатычнага збора ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама мястэчка, да 1939 г.

Упершыню Івянец упамінаецца ў 2-й палове XIV ст., калі ён знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя Вітаўта. Пад 1522 годам Івянец значыцца як мястэчка Менскага павету, уладаньне Салагубаў. У сярэдзіне XVI ст. тут зьявілася пратэстанцкая супольнасьць, дзейнічалі кальвінскі збор, школа і шпіталь. У 1606 годзе ў мястэчку збудавалі драўляны касьцёл. На 1640 год у Івянцы было 27 двароў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі ўчынілі тут значныя разбурэньні[2].

У пачатку XVIII ст. утварылася Івянецкае графства. У 1702 годзе стольнік менскі Тэадор Ваньковіч заснаваў у мястэчку касьцёл і кляштар францішканаў, у 1745 годзе падскарбі Ян Міхал Салагуб збудаваў мураваны касьцёл. У 1780 годзе ў Івянцы было 174 двары, існавалі Рынак і 7 вуліцаў[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама мястэчка, 1932 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Івянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Царскія ўлады перавялі асабіста вольных местачкоўцаў у стан прыгонных сялянаў (толькі ў 1860 годзе яны дамагліся свабоды і вяртаньня мяшчанскага званьня)[3]. З 1810 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Плявакаў. На 1859 год у Івянцы было 189 двароў[4], на 1861 год — 189. Местачкоўцы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).

Па здушэньні паўстаньня ў 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў Івянцы народную вучэльню, а 28 лістапада 1869 году гвалтоўна перарабілі касьцёлы Сьвятога Міхала і Найсьвяцейшай Тройцы ў цэрквы Маскоўскага патрыярхату. У 1880-я гады ў мястэчку было 288 дамоў[5], 2 школы, 35 крамаў, 17 ганчарных майстэрань, 2 заезныя двары, 2 царквы, 2 сынагогі, праводзіліся штотыднёвыя таргі і 2 кірмашы ў год. У Івянцы неаднаразова спыняліся беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і пісьменьнік Ядвігін Ш. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, колькасьць двароў павялічылася да 399, дзейнічалі 2 царквы і 2 капліцы, працавалі народная вучэльня, 2 малітоўныя школы, 2 багадзельні, прыёмны пакой, вадзяны млын, 15 майстэрняў з абпальваньня гаршкоў, 9 кузьняў, 64 крамы, 2 карчмы і гарэлачны склад, праводзіліся 2 кірмашы штогод і таргі ў нядзелі. У пачатку XX ст. працавалі лякарня і амбуляторыя, у якіх працавалі доктар, 3 фэльчары, некалькі санітарак. У Першую сусьветную вайну ў лютым 1918 году Івянец занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян мястэчка, 1909 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Івянец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 году Івянец занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе ў 1923 годзе стала цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час Івянец знаходзіўся за 16 км ад граніцы з БССР. Рэчка Волма, што цякла празь паселішча, брала свой пачатак па-за гэтай граніцай. Івянец месьціўся на пагорках у атачэньні лясоў і складаўся зь некалькіх вуліцаў, найбольшымі зь якім былі: вул. Пілсудзкага (гістарычная Койданаўская), на ёй месьціліся пошта, гродзкі суд і тры школьныя будынкі, вул. Т. Касьцюшкі (гістарычная Ракаўская) з адміністрацыяй гміны, будынкам агульнаадукацыйнай школы, шпіталем і касьцёлам Сьвятога Аляксея, вул. 3 Мая (гістарычная Віленская), на ёй знаходзіліся найбольш значныя жылыя будынкі, два гатэлі, паліцэйскі пастарунак, аптэка, касьцёл Сьвятога Міхала. У 1934 годзе распачалася электрыфікацыя паселішча. Прыватныя асобы заснавалі электрычную станцыю. Яна месьцілася над рэчкай, у будынках даўняга двару Салагубаў. Праца машыны электрычнай станцыі выкарыстоўвалася на мясцовай лесапільні. У 1936 годзе ў Івянцы збудавалі новую школу на вуліцы Закляштарнай, большасьць вуліцаў забрукавалі, а некаторыя асьвятлілі. На 1938 год у мястэчку было 574 будынкі (зь іх 10 мураваных), працавалі шматлікія цагельні, кінатэтар «Jutrzenka» (бел. Зорка) у Доме жаўнера, вайсковы аэрапорт пры кашарах.

У 1939 годзе Івянец увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1962 году ў Валожынскім раёне). 12 кастрычніка 1940 году паселішча атрымала афіцыйны статут пасёлку гарадзкога тыпу. У гэты час тут было 523 двары. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1998 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб Івянца, створаны на аснове гербу «Праўдзіч» роду Салагубаў. 18—20 ліпеня 2008 году ў мястэчку прайшла 1-я Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі[6].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фарны касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Белы касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чырвоны касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віленская вуліца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Млын[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ На фэсце Св. Міхала ў Івенцы ўпершыню прэзентаваны герб Івянецкага графства. www.ivenec.euПраверана 5 кастрычніка 2011 г.
  2. ^ а б Батвіннік М., Шаблюк В. Івянец // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 469.
  3. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 88.
  4. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
  5. ^ Jelski A. Iwieniec // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 324.
  6. ^ 1-я Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі ў Івянцы, Catholic.by

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]