Гісторыя Барысава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панарама. А. Вэстэрвэльд, XVII ст.

Барысаў — старажытнае магдэбурскае места на мяжы гістарычных Меншчыны і Аршаншчыны. Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і скарбніца, помнікі архітэктуры пачатку XIX стагодзьдзя.

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Печ зь пякарні. А. Вэстэрвэльд, XVII ст.

Паводле зьвестак В. Тацішчава[1] паселішча заснаваў князь полацкі Рагвалод-Барыс у 1102 годзе (згодна зь іншымі зьвесткамі — князь кіеўскі Яраславаў Мудры у 1032)[2]. Ім жа, паводле некаторых зьвестак, неўзабаве па сьмерці полацкага князя Ўсяслава, была вылучаная Барысаўская воласьць, сьляды якой захаваліся ў выглядзе межавых камянёў на паўночным усходзе цяперашняе Менскае вобласьці.

Старажытнае гарадзішча месьцілася на левым беразе ракі Бярэзіна. Тым часам найбольш стары пісьмовы ўпамін пра Барысаў як горад Полацкага княства зьмяшчаецца ў Лаўрэнцеўскім летапісе і датуецца 1127 годам.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац Радзівілаў. Я. Лёсік, 1926

У XIII—XIV стагодзьдзях у Барысаве будаваўся замак. Кіруючыся палітычнай гісторыяй Менскага княства, якое ўвайшло ў склад ВКЛ каля 1323—1326 гг., на першую палову XIV ст. трэба адносіць уваходжаньне места ў склад ВКЛ, дзе яно пазьней сталася часткаю Менскага намесьніцтва, пасьля 1345 году — частка альгердавае віленскае «палавіцы» ВКЛ. У 2-й[3] пал. XIV ст., імаверна, адбыўся перанос Барысава зь першапачатковага месца (цяпер — гарадзішча ў вёсцы Старабарысаў) на новае, за 4 км ніжэй плыньню Бярэзіны. Новы драўляны замак збудавалі на высьпе ў абалоне ракі, налева ад яе галоўнага рэчышча, прыблізна за 1,5 км на паўночны захад ад сучаснага аўтамабільнага моста. У кан. XIV ст. Барысаў разам з навакольнай воласьцю падпарадкоўваўся беспасярэдне вялікаму князю Вітаўту, які ў 1396 выдаў «борысовцам» адмысловы прывілей, дзе вызначаў парадак прыёмкі і ўліку мядовай даніны. Побач з суседнімі валасьцямі адносілася да падаткова-гаспадарчай агульнасьці, вядомай у сучаснай гістарыяграфіі як Падняпроўскія воласьці, што вызначала характар асноўнае гаспадарчае дзейнасьці ў рэгіёне.

Герб зь мескай брамай, 1792 год

У 1413 Барысаў стаў цэнтрам воласьці Віленскага ваяводзтва. У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1500—1503) у 1500 тут знаходзілася стаўка вялікага князя Аляксандра, а ў наступную вайну з Масковіяй (1512—1522) у 1514 — месца збору войскаў Вялікага Княства Літоўскага (у Барысаве знаходзілася стаўка вялікага князя Жыгімонта Старога). 27 жніўня 1514 году Канстантын Астроскі разьбіў каля места перадавыя аддзелы маскоўскіх захопнікаў[3].

Прысутныя месцы па пажары

У 1563 кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Барысаву Магдэбурскае права, а 10 жніўня 1565 — мескі герб: «у белым (срэбраным) полі меская брама а дзьвюх вежах, над якой зьмяшчалася выява Сьвятога Пятра з ключом у правай руцэ»[4]. У 1569 Барысаў як цэнтар староства перайшоў зь Менскага павету Менскага ваяводзтва ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводзтва. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Агінскіх, пазьней Радзівілаў.

13 верасьня 1642 барысаўскі староста А. Казаноўскі фундаваў у месьце першы касьцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 19 чэрвеня 1655 маскоўскія войскі захапілі і спалілі Барысаў. Увосень 1657 партызанскі аддзел Багровіча колькасьцю 400—500 чалавек спрабаваў выгнаць акупантаў, аднак места атрымалася вызваліць толькі 9 ліпеня 1662. На 1670 у Барысаве было 104 дымы, дзейнічалі касьцёл і 4 царквы, працаваў заезны двор. Існавалі вуліцы Замкавая, Полацкая, Бярэзінская, Млынавая, Маставая, Аршанская, Забалоцкая і інш. У 1680 у месьце было 382 будынкі, Рынак і 9 вуліцаў[5].

Праект адбудовы прысутных месцаў

На 1732 у Барысаве было 9 вуліцаў, на 1764 — 230 будынкаў[3]. 14 чэрвеня 1792 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацьвердзіў мескі герб: «у срэбным полі брама, паміж дзьвюма вежамі над брамай постаць сьвятога Пётры з двума ключамі ў руцэ»[6].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Барысаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 стаў цэнтрам павету Менскай губэрні. У вайну 1812 году ў канцы чэрвеня места занялі францускія войскі, аднак 26—29 лістапада каля Барысава расейскія войскі нанесьлі ім значную паразу ў часе пераправы праз раку Бярэзіну. На 1825 у месьце было 319 будынкаў (зь іх 1 мураваны), на 1854 — 600 будынкаў, дзейнічалі касьцёл, 2 царквы, сынагога і 5 малітоўных дамоў, працавалі 70 крамаў.

Капліца на Кальварыі.
Ф. Рушчыц, 1899

На 1863 у Барысаве быў 601 жылы дом, дзейнічалі касьцёл, 2 царквы, 8 сынагогаў і малітоўных дамоў, працавалі 70 крамаў, 5 гарбарных, піваварны і цагельны заводы. У 1871 праз Барысаў прайшла Маскоўска-Берасьцейская чыгунка; на правым беразе Бярэзіны ўзьнікла чыгуначная станцыя, а пры ёй — паселішча Новабарысаў, злучанае з старым местам драўляным мостам. На 1878 — 1188 будынкаў (зь іх 5 мураваных), дзейнічалі 2 царквы (1 мураваная), касьцёл (мураваны) і сынагога, працавалі павятовая і прыходзкая вучэльні, 2 піваварных і лесапільны заводы, 5 корчмаў. Паводле вынікаў перапісу (1897) працавалі паштова-тэлеграфная кантора, 2 лякарні, меская вучэльня, жаночы пансіён, 215 крамаў, 9 заводаў.

Праект прыбудовы званіцы да царквы Сьвятога Андрэя

У 1901 і 1910 Барысаў моцна пацярпеў ад пажараў. На 1904 у месьце было 27 вуліцаў і завулкаў, 2 пляцы, 1868 жылых дамоў (зь іх 73 мураваныя), 244 газавыя ліхтары, 11 фабрык і заводаў, 59 рамесных майстэрняў, банк, 2 натарыяльныя канторы, паштова-тэлеграфная кантора, 6 заезных двароў, 11 корчмаў і харчэўняў, 10 гасьцініцаў, 2 друкарні, бібліятэка-чытальня, чытальня, 8 школаў (17 настаўнікаў, 404 вучні), 2 лякарні, 2 аптэкі і 5 аптэных магазынаў. Штогод праводзіліся 4 кірмашы. На 1910 тут было больш за 1520 двароў, 32 прамысловыя прадпрыемствы, зь іх найбольшыя — запалкавыя фабрыкі «Вікторыя» і «Бярэзіна», 2 лесапільныя заводы, гута, вінакурня, паперня «Папірус», паравы млын, працавалі 112 крамаў, ніжэйшая лясная школа, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, мэтэастанцыя. У Першую сусьветную вайну 2 сьнежня 1918 Барысаў занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Барысаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[7]. У красавіку 1919 тут адбылося антысавецкае паўстаньне. Зь верасьня 1919 да 25 траўня 1920 места займалі польскія войскі. 17 ліпеня 1924 Барысаў стаў цэнтрам раёну. У 1925 у месьце працавалі 5 лесапільных і фанэрных заводаў, запалкавая і папяровая фабрыкі, шклозавод і іншыя прадпрыемствы. 27 верасьня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. На 1939 тут працавала каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, 3 сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, 10 агульнаадукацыйных сярэдніх школаў, 11 дашкольных установаў, 2 лякарні, паліклініка, 2 кінатэатры, тэатар, 31 бібліятэка.

У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 1 ліпеня 1944 Барысаў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рака Бярэзіна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Ўваскрасеньня Гасподняга[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новае Места[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старабарысаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Татищев В. Н. История Российская, т. 1. М. — Л., 1962.
  2. ^ Дулеба Г. Барысаў // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 315.
  3. ^ а б в Грынявецкі В. Барысаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 294.
  4. ^ Дзевяць стагоддзяў Барысава / Ж. В. Гілевіч, Г. В. Штыхаў, В. Л. Насевіч, Л. Ф. Белая. — Менск: БЕЛТА, 2002.
  5. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 57.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 113.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]