Гісторыя Быхава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панарама Быхава, гравюра XVII ст.

Быхаў — старажытнае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваліся замак Хадкевічаў і Сапегаў, кляштар канонікаў рэгулярных лятэранскіх (XVII ст.), сынагога (XVII ст.), царква Сьвятой Тройцы (сяр. XIX ст.). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[1][2] першы пісьмовы ўпамін пра Быхаў зьмяшчаецца ў «Сьпісе гарадоў далёкіх і блізкіх» і датуецца канцом XIV ст. Тым часам афіцыйна[3] места вядзе сваю гісторыю ад 1370. У розныя часы мясьціна належала Друцкім, Гальшанскім, Гаштольдам.

У XV ст. вялікі князь Жыгімонт Стары ператварыў Быхаў у цэнтар дзяржаўнага староства, якое неўзабаве стала вотчынаю Хадкевічаў. Гетман Ян Караль Хадкевіч збудаваў тут мураваны замак і пераўтварыў места ў магутную фартэцыю — адну з наймацнейшых на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Апроч таго, ён заснаваў касьцёл Сьвятога Казімера. З 2-й пал. XVI ст. у Быхаве пачала працаваць вядомая ў Эўропе людвісарня, дзе мясцовыя майстры выраблялі гарматы, ядры, кулі і інш. Шлюб Ганны, дачкі Яна Караля Хадкевіча, з сынам Льва Сапегі Янам Станіславам (1621) паклаў пачатак эпохі знаходжаньні места ў валоданьні Сапегаў[1].

Плян аблогі Быхава маскавітамі (1707)
1. Замак
2. Касьцёл
3. «Руская» царква
4. Сынагога
5. Вайсковы магазын
6. Вуніяцкая царква
7. Магілёўская брама
8. Быхаўская брама
9. Лягер маскоўскіх войскаў
10. Пазыцыя маскавітаў па вывадзе швэдзкіх войскаў

У XVIІ ст. Быхаў стаў сталіцай графства, аднак адміністрацыйна належаў да Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У гэты ж час у зьвязку з заснаваньнем аднайменнага мястэчка адбыўся падзел на Стары і Новы Быхаў.

Яшчэ ў кан. XVI ст. ваколіцы Быхава пацярпелі ад казацкіх набегаў, у лютым 1590 казацкія загоны Мацюшы занялі паселішча, а ўзімку 1595 па разграбленьні Магілёва праз Быхаў праходзіў загон Севярына Налівайкі. Няўдалая аблога места казацкім войскам Гаркушы адбылася ў 1648. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (16541667) Быхаў сьпярша вытрымаў працяглую аблогу маскоўскіх войскаў (16541656), аднак у 1657 захопнікі штурмам авалодалі ім. У 1661 па непрацяглай аблозе войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места. 20 кастрычніка 1669 кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі выдаў прывілей Старому Быхаву: з улікам шчырага служэньня Рэспубліцы і крайнюю ступень нястачы жыхароў, па адбіцьці казацкіх і маскоўскіх нападаў у час Крывавага патопу, яны атрымалі вызваленьне на 20 год ад усялякіх павіннасьцяў і подацяў[4].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (17001721) Быхаў стаў важным стратэгічным пунктам. 5 кастрычніка 1702 з прычыны пераходу Сапегаў на бок Швэцыі цар маскоўскі Пётар I зруйнаваў места і замак. Увосень 1704 маскоўскае войска пад камандаю Рапніна зноў заняла Быхаў. У 1707 тутэйшы камэндант перайшоў на бок швэдаў: расейцы зноў занялі места, узяўшы ў палон каля 1000 жаўнераў і афіцэраў.

У 1737 у Быхаве пры кляштары канонікаў лятэранскіх адкрылася школа. На 1747 у месьце было 247 двароў, працавалі бібліятэка, паташня, саладоўня, лазьня, астрог[5]. На 1755 — 534 двары, малітоўная школа, 9 гандлёвых радоў; штогод праводзіліся 3 кірмашы[5].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Быхаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай губэрні17961805 заштатнае места Беларускай губэрні). 16 жніўня 1781 ён атрымаў герб: «у чырвоным полі дзьве скрыжаваныя чыгунныя гарматы»[6]. На 1783 у Быхаве было 534 будынкі, працавала павятовая вучэльня. У 1781 зьявіўся генэральны плян, згодна зь якім места набыла рэгулярную структуру. У гэты час існавалі 3 уязныя брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўночнай частцы места) і Рагачоўская (Навабыхаўская, у паўднёвай частцы). На 1825 у Быхаве было 569 будынкаў, 2 навучальныя ўстановы, 8 крамаў, 13 корчмаў, 3 лазьні, 5 садоў, 5 гаспадарскіх дамоў. Існаваў замак з 2 вежамі і 8 калёнамі, мелася карцінная галерэя.

Панарама места, кан. XIX ст.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (18301831) расейскія ўлады канфіскавалі Быхаўскі маёнтак у Сапегаў. На 1841 у месьце 652 будынкі, 19 вуліцаў і завулкаў, флянэлевая фабрыка. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (18631864) у ваколіцах Быхава дзейнічаў аддзел на чале з І. Анцыпам. На пачатак 1880-х — 809 будынкаў, у тым ліку 3 цагляныя, 2 прадпрыемствы з вырабу запалак і цэглы, крупадзёрка, 4 ветраныя млыны, двухклясная павятовая і прыходзкая вучэльня, 1 цагляная і 3 драўляныя цэрквы, 2 касьцёлы, сынагога, 10 малітоўных школ; гарбарная майстэрня (з 1880), тэлеграфная станцыя (з 1882), працавалі 84 гандлёвыя пункты.

Згодна з вынікамі перапісу (1897) у Быхаве было 816 будынкаў, на галоўных вуліцах зьявіліся дашчатыя тратуары (1876), газавыя ліхтары (1878), усталяваны мескі гадзіньнік (1879), запрацавалі лякарня (6 ложкаў), аптэка, паштовая і натарыяльная канторы. У 1902 празь места прайшла чыгунка, якая надала моцны імпульс ягонаму эканамічнаму разьвіцьцю. На 1911 працавалі 6 навучальных установаў, у тым ліку 4-клясная меская, ніжэйшая і рамесная вучэльні, прыходзкія мужчынская і жаночая вучэльні, 2 царкоўна-прыходзкія школы. У жніўні 1913 адкрыўся першы кінатэатар, запрацавалі мукамольнае і лесапільнае прадпрыемствы. У 1916 збудавалі мост празь Дняпро. У 1917 па расейскай Лютаўскай рэвалюцыі бальшавікі арыштавалі ў Быхаве ўдзельнікі карнілаўскага мецяжу — Карнілала, Дзянікіна, Лукомскага. У I Сусьветную вайну 5 сакавіка 1918 места занялі нямецкія войскі, пазьней — корпус Ю. Доўбар-Мусьніцкага. 11 лістапада 1918 сюды ўвайшлі савецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама места, 1941

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Быхаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Быхаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. На 1926 у месьце было 1120 будынкаў, адбыўся ўвод у эксплюатацыю электрастанцыі. У 1930-я савецкія ўлады ўзарвалі званіцу касьцёла Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст.[7]

У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 Быхаў знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Па вайне савецкія ўлады зруйнавалі будынак касьцёла. Да пач. 1990-х у месьце разьмяшчаўся гарнізон марской авіяцыі Балтыйскага флёту і база ракетаносцаў ТУ-16, якіх пазьней замянілі на Ту-22М3.

1 верасьня 2013 у Быхаве прайшоў Дзень беларускага пісьменства, у цэнтры места адбылося ўрачыстае адкрыцьцё cкульптурнай кампазыцыі «Баркулабаўскі летапіс». Да юбілейнага сьвята адкрыліся абноўленыя цэнтар культуры, кінатэатар, фізкультурна-аздараўленчы цэнтар, чыгуначная і аўтобусная станцыі; пачалася рэстаўрацыя замка Хадкевічаў і Сапегаў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Насевіч В. Быхаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 359.
  2. ^ Насевіч В., Удальцоў В. Быхаў // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 145.
  3. ^ Гісторыя Быхаўшчыны (рас.). Быховский районный исполнительный комитетПраверана 21 жніўня 2011 г.
  4. ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 4. Акты Брестского гродского суда. — Вильна, 1870. С. 46—48.
  5. ^ а б Насевіч В. Быхаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 360.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  7. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 395.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]