Гісторыя Віцебску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб Віцебску з прывілея 1597 г.

Віцебск — даўняе магдэбурскае места, адно з найстарэйшых у Беларусі. Колішняя сталіца ўдзельнага княства, цэнтар гістарычнага рэгіёну і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час прэтэндуе на неафіцыйны статус культурнай сталіцы краіны. Тут захаваліся меская ратуша, царква Зьвеставаньня Багародзіцы, царква Покрыва Багародзіцы на Маркаўшчыне, манастыр базылянаў, комплекс кляштару трынітарыяў з касьцёлам Апекі Найсьвяцейшай Панны Марыі, касьцёл Сьвятой Барбары і палац Кудзіновічаў, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся царква Сьвятых Барыса і Глеба на Пескаваціку, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла і Фарны касьцёл, помнікі архітэктуры XVIII ст., зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама цэрквы саборная Прачыстай Багародзіцы (адноўлена), Уваскрасеньня Хрыстова на Рынку (адноўлена), Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, Божага Яўленьня, Уваскрасеньня Хрыстова на Заручаўі, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, Сьвятога Яна Хрысьціцеля, Сьвятога Спаса, Раства Хрыстова, Сьвятога Духа і Сьвятой Тройцы, комплекс езуіцкага калегіюма з касьцёлам Сьвятога Язэпа, кляштарныя комплексы бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Антонія і піяраў з касьцёлам Маці Божай Шкаплернай, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі. Калі на пачатак XIX стагодзьдзя Віцебск упрыгожвала 12 унікальных твораў віленскага барока (другое месца пасьля Вільні), то па расейскім і савецкім панаваньні зь іх захаваўся толькі адзін у перабудаваным выглядзе.

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Віцебскае княства

Датаваньне першага пісьмовага ўпаміну пра Віцебск няпэўнае. Паводле легенды зь Віцебскага летапісу, складзенага ў XVIII ст., горад у 974 годзе заклала княгіня кіеўская Вольга, аднак вядома, што яна памерла яшчэ ў 969 годзе. З гэтай прычыны на сёньняшні дзень паміж гісторыкамі вядзецца спрэчка: як імаверную дату заснаваньня называюць 947 год (паводле «Аповесьці мінулых часоў» у 947 годзе Вольга наведвала міжрэчча Дзьвіны і Дняпра і ўтварыла тут пагосты для збору даніны, у тым ліку на рэках Мсьце і Лузе, магчыма тады зьявіўся пагост і на Віцьбе — Віцебск), а таксама 914 год[1].

Рысунак места Віцебску, 1664 г.

У Х—ХІІІ стагодзьдзях Віцебск займаў важнае месца на «шляху з варагаў у грэкі». У 1021 годзе князь кіеўскі Яраслаў Уладзімеравіч перадаў места разам з Усьвятам князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу пры складаньні міру.

Па сьмерці князя полацкага Ўсяслава Чарадзея (1101 год) Віцебск стаў сталіцай удзельнага княства. Першым князем віцебскім быў Сьвятаслаў Усяславіч, пазьней местам і княствам валодалі ягоныя нашчадкі Васількавічы. У 1167 годзе князь менскі Валадар Глебавіч узяў Віцебск у аблогу, а ў 1196 годзе каля места адбылася бітва аб’яднаных сілаў полацкіх і чарнігаўскіх князёў з смаленскімі князямі. Полацкія князі перамаглі і вярнулі сабе Віцебскае княства. З 1318 году тут княжыў Яраслаў Васільевіч, які аддаў сваю адзіную дачку Марыю замуж за князя крэўскага Альгерда.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Віцебскае ваяводзтва

Па сьмерці князя Яраслава (1320 год) Віцебск паводле спадчыны перайшоў да вялікага князя Альгерда і такім чынам далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1341 годзе тутэйшыя жыхары на чале з Альгердам дапамаглі Пскову супраць крыжакоў[2]. З 1345 году места знаходзілася ў валоданьні Андрэя Альгердавіча.

Герб Віцебскага ваяводзтва

Паводле гістарычных крыніцаў, у 1351 годзе ў Віцебску завяршылася будаваньне княскага палаца і муравана-драўляных Верхняга і Ніжняга замкаў, даўжыня сьценаў якіх складала 1,75 км[2]. У канцы XІV ст. места апынулася ў цэнтры міжусобнай барацьбы паміж сынамі і суродзічамі Альгерда за права валоданьня гэтым важным стратэгічным пунктам. Верхні і Ніжні замкі неаднаразова супрацьстаялі шматлікім і працяглым аблогам. 15 ліпеня 1410 году віцебская харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдзкай бітве.

У XV—XVІ стагодзьдзях Віцебск стаў буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам. На 1441 год ён уваходзіў у лік 15 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле ўстаўной граматы вялікага князя Казімера 1444 году Віцебск атрымаў абмежаванае самакіраваньне, таксама грамата фактычна зафіксавала аўтаномію Віцебскай зямлі[3]. Надалей у XVІ ст. места атрымала некалькі прывілеяў, якія гарантавалі недатыкальнасьць зямельных уладаньняў фэўдалаў і мяшчанаў, правы бязмытнага гандлю і вольнага выезду ў межах дзяржавы[3].

У 1508 годзе на базе Віцебскага намесьніцтва ўтварылася ваяводзтва[4]. 17 сакавіка 1597 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб[5]: «у блакітным полі пагрудная выява Ісуса Хрыста, пад якой чырвоны меч». Вытрымка з адпаведнага вялікакняскага прывілею:

« Герб надаем месту нашему Витебскому в блакитном полю образ святого Спаса Збавителя нашего, а при том зараз трохи нижей меч голый червоный, што ся мает розуметь кровавый. »

У 2-й палове XVІ — пачатку XVІІ стагодзьдзяў у Віцебску ўтварылася супольнасьць кальвіністаў, у якую ўваходзілі заможныя месьцічы і сябры магістрату. Адначасна ў месьце распачалі сваю дзейнасьць праваслаўныя брацтвы, якія спрыялі захаваньню беларускай мовы і культуры

Ад пачатку XVІ ст. Віцебск неаднаразова (у 1502, 1516, 1519, 1534 і 1536 гадох) цярпеў ад агрэсіі Маскоўскай дзяржавы, войскі якой спусташалі ваколіцы места, забівалі і бралі ў палон ягоных жыхароў[6]. У Інфлянцкую вайну маскоўскія захопнікі двойчы бралі Віцебск у аблогу (у 1562 і 1568 гадох), зьнішчаючы ягоныя пасады і ваколіцы[6].

У 1602 годзе вяртаючыся дадому з вайны Рэчы Паспалітай з Швэцыяй места абрабавалі запароскія казакі[6]:

« Того ж року запорозкие козаки у Швецыи были, да ничого не помогли, толко великую шкоду господарю вчинили, бо место славное, место богатое Витебск звоевали, мещан побили, панны поплюгавили, скарбы побрали. »

Баркулабаўскі летапіс

На гэтай жа вайне віцебская мяшчанская харугва колькасьцю 500 чалавек пад камандаю Марка Лыткі авалодала ў 1605 замкам Фэліна, за што пана Лытку ўвялі ў шляхецтва і надалі прозьвішча Фэлінскі[6].

12 лістапада 1623 году ў Віцебск выбухнуў бунт[7], вынікам якога стала забойства полацкага ярхіяпіскапа Язафата Кунцэвіча. За ўдзел часткі жыхароў у бунце места пазбавілі Магдэбурскага права. Самакіраваньне вярнулі толькі ў 1644 годзе разам з правам бязмытнага гандлю. У сярэдзіне XVІІ ст. Віцебск быў буйным адміністрацыйным, рамесным і гандлёвым цэнтрам, у якім налічвалася больш за тысячу дамоў. Тут разьвіваліся мэтала- і дрэваапрацоўка, гарбарнае, ганчарнае, васкабойнае рамёствы, а таксама мёдаварэньне.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Віцебскі замак па амаль 3-месячнай аблозе захапіла 20-тысячнае войска маскоўскіх ваяводаў і ўкраінскіх казакаў. У баях загінула большасьць месьцічаў, значная частка шляхты і жыдоў трапіла ў палон. Акупанты прымусова вывезьлі ў Маскву нямала тутэйшых рамесьнікаў[6]. Толькі ў 1667 годзе Віцебск, згодна з умовамі замірэньня, вярнулі Вялікаму Княству Літоўскаму. Паводле тагачаснага інвэнтару ў месьце было тры замкі — Верхні (Горны), дзе знаходзіўся палац ваяводы, Ніжні (Дольны) і Ўзгорскі. Замкі стаялі ў атачэньні муроў з 20 вялікімі і 3 малымі вежамі. Неўзабаве ў Віцебску адкрыўся езуіцкі калегіюм (1682 год).

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 28 верасьня 1708 году на загад Пятра I[8] места спалілі расейскія войскі[9]. Згарэлі замкі, ратуша, крамы, усе пасады, 12 цэркваў і 4 касьцёлы. 3 гэтага часу пачаўся заняпад эканомікі места[6].

Па аднаўленьні ў 2-й палове XVІІІ ст. Віцебск сваёй велічынёю стаў другім (пасьля Магілёва) местам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1764 годзе яго ўраўнавалі ў правох з сталіцай — Вільняй[10], тут пачалося будаваньне новай мураванай ратушы (скончылася ў 1775 годзе).

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новы мескі герб, 1781 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (у 1796 годзе цэнтар Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні). У 1781 годзе расейскія ўлады зацьвердзілі новы герб места з «Пагоняй» на бел-чырвона-белым фоне. У 1803 годзе на загад з Санкт-Пецярбургу ўсе мескія прывілеі накіравалі ў Сэнат на рэвізію, з тых часоў няма зьвестак пра іхнае месца знаходжаньня[10]. У 1777 годзе ў Віцебску пачало працаваць першае прамысловае прадпрыемства — гарбарня, у 1797 годзе — губэрнская друкарня. У 1804 годзе адкрылася гімназія. У вайну 1812 году з 16 ліпеня да 26 кастрычніка места займалі францускія войскі.

На 1825 год у Віцебску працавалі 10 прадпрыемстваў, 135 крамаў, 8 корчмаў, 150 шынкоў, 6 навучальных установаў, места ўпрыгожвалі 24 сакральныя будынкі розных канфэсіяў. У 1826 годзе ўтварылася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, з 1845 году пачаў сваю дзейнасьць мескі тэатар.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 годзе група гімназістаў і канцылярскіх урадоўцаў спрабавала пакінуць Віцебск і далучыцца да паўстанцкіх аддзелаў, але іх затрымалі ўлады. Расейцы абвясьцілі ў месьце ваеннае становішча[10].

У 1866 годзе празь Віцебск прайшла Рыга-Арлоўская чыгунка, пазьней чыгуначныя лініі злучылі места з Масквой, Берасьцем, Санкт-Пецярбургам і Кіевам. З 1874 году пачало сваю дзейнасьць Віцебскае навуковае таварыства лекараў. У 1881—1882 гадох тутэйшы фатограф Сігізмунд Юркоўскі першым у сьвеце разьлічыў і сканструяваў імгненны фатаграфічны затвор, апісаньне якога апублікаваў у часопісе «Фатограф».

На 1887 год у Віцебску было каля 2,8 тыс. будынкаў, працавалі 3 друкарні і 2 лякарні. На 1891 год у месьце было 22 навучальныя ўстановы, 5 бібліятэк, чытальня. У 1893 годзе тут адкрыўся царкоўна-археалягічны музэй, заснаваны з ініцыятывы Е. Раманава і А. Сапунова. Паводле зьвестак за 1895 год, у Віцебску налічвалася 650 мураваных і 7200 драўляных будынкаў, 2 тэатры, 3 друкарні, 8 кнігарань, 4 бібліятэкі і каля 80 прамысловых прадпрыемстваў. У 1897 годзе Бэльгійскае акцыянэрнае таварыства збудавала ў Віцебску электрастанцыю, а ў 1898 годзе — першую на Беларусі трамвайную лінію з электрычнай цягай. Апроч таго, у цэнтры места праклалі водаправод.

У 1905 годзе ў Віцебску адкрыўся першы кінатэатар. З 1910 году пачаў сваю дзейнасьць першы на Беларусі настаўніцкі інстытут. 20 красавіка (3 траўня) 1917 году жыхары места ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня[11]. У 1917—1918 гадох у Віцебску дзейнічаў Беларускі народны саюз.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Віцебск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада, жыхары Каралёўскай воласьці Віцебскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[12]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Віцебск увайшоў у склад Беларускай ССР[13], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 3 сакавіка 1924 году Віцебск вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну і акругі (з 15 студзеня 1938 году — цэнтар вобласьці).

У 1926 годзе ў Віцебску адкрыўся Тэатар імя Якуба Коласа, які сьпярша зваўся II Беларускім дзяржаўным тэатрам. У 1920-я гады пачало дзейнічаць Віцебскае краязнаўчае таварыства, якое выдавала зборнік «Віцебшчына». Сябры мастацкай сэкцыі таварыства зьбіралі ўзоры народнага мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і інш. У гэты ж час у Віцебску сфармавалася творчая мастацкая школа, якая ў сусьветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву «Віцебскай школы абстракцыянізму» (Ю. Пэн, М. Шагал, К. Малевіч). Мастацкая школа-майстэрня Ю. Пэна пачала сваю дзейнасьць яшчэ ў 1898 годзе.

27 верасьня 1938 году Віцебск атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У гэты час тут працавалі 209 прадпрыемстваў, 3 ВНУ, 42 агульнаадукацыйныя школы, 40 бібліятэк, 11 лякарняў, 3 кінатэатры. Места стала буйным прамысловым і культурным цэнтрам Беларусі.

У Другую сусьветную вайну з 11 ліпеня 1941 да 26 ліпеня 1944 году Віцебск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У верасьні 1941 году ў месьце заснавалі канцлягер «Пяты полк», дзе да канца нямецкай акупацыі забілі 75 тыс. ваеннапалонных і 4 тыс. віцяблянаў[14]. За час нямецкай акупацыі 70 000 (39 %) са 180 000 месьцічаў Віцебска сагналі на прымусовую працу ў Нямеччыну. Таксама расстралялі 20 000 жыдоў і стварылі 4 канцэнтрацыйныя лягеры[15].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Шишанов В. 974, 947 или 914? // «Витебский проспект» № 45, 10 ноября 2005. С. 3.
  2. ^ а б Калядзінскі Л., Ткачоў М. Віцебск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 448.
  3. ^ а б Калядзінскі Л., Ткачоў М. Віцебск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 449.
  4. ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 34—39.
  5. ^ Ткачев М. Замки Беларуси. — Мн., 2002. С. 126.
  6. ^ а б в г д е Калядзінскі Л., Ткачоў М. Віцебск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 450.
  7. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 208.
  8. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебска. Кн. 1. — Мн., 2002. С. 74.
  9. ^ Ткачев М. Замки Беларуси. — Мн., 2002. С. 132.
  10. ^ а б в Віцебск // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  11. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 114—115.
  12. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  13. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  14. ^ Алена Дзядзюля. Сапраўдны твар вайны яшчэ трэба намаляваць // Зьвязда : газэта. — 30 чэрвеня 2011. — № 121 (26985). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  15. ^ Натальля Голубева. Калябаранты. Цана адраджэньня // Зьвязда. — 13 сакавіка 2021. — № 47 (29416). — С. 5.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебска: у 2-х кн. Кн. 1-я. — Мн.: БелЭн, 2002. — 648 с.: іл. ISBN 985-11-0246-6.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебска: у 2-х кн. Кн. 2-я. — Мн.: БелЭн, 2003. — 680 с. ISBN 985-11-0257-1.
  • Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  • Чарняўская Т. Архітэктура Віцебска: З гісторыі і планіроўкі забудовы горада — Менск: Навука і тэхніка, 1980. — 112 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
  • Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
  • Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893.
  • Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — 408 с. ISBN 5-85700-004-1.
  • Любезный мне город Витебск… Мемуары и документы. Конец XVIII — начало XIX в. / Вступ. ст., науч., коммент., сост., публ. В. А. Шишанова. — Мн.: Асобны Дах, 2005. — 40 с. [1]
  • Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002. — 200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7.
  • Шибеко З. Из истории Витебских археологических «курсов» // «Нёман» № 6, 1980.
  • Шишанов В. А. Витебский Музей современного искусства: история создания и коллекции. 1918—1941. — Минск: Медисонт, 2007. — 144 с. [2]
  • Шишанов В. А. Изобразительное искусство Витебска 1918—1923 гг. в местной периодической печати: библиограф. указ. и тексты публ. — Минск: Медисонт, 2010. — 264 с .[3]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Віцебскусховішча мультымэдыйных матэрыялаў