Гісторыя Глыбокага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панарама мястэчка, 1869 год

Глыбокае — даўняе мястэчка на мяжы гістарычных Ашмяншчыны (частка Віленшчыны) і Полаччыны. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі сармацкага і віленскага барока, часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі віленскага барока, капліца Сьвятога Ільлі ў стылі клясыцызму і калёна ў гонар Канстытуцыі 3 траўня, помнікі гісторыі і архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла пры манастыры базылянаў ў Беразьвеччы, адзін з найвыдатнейшых узораў віленскага барока, які па апошняй вайне зруйнавалі савецкія ўлады, а таксама палац Радзівілаў, сынагога і капліцы Сьвятога Крыжа і Сьвятога Язафата, помнікі архітэктуры XVIII ст.

Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, 1896 год
Плян мястэчка, 1934

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл і кляштар кармэлітаў да руйнаваньня, 1878 год

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[1][2] першы пісьмовы ўпамін пра Глыбокае (двор, цэнтар маёнтку Зяновічаў) зьмяшчаецца ў Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага і датуецца 1514. Аднак афіцыйна[3] паселішча вядзе сваю гісторыю ад 1414 году, калі яно ўпамінаецца як зямля, што належала Зяновію Братошычу. Апошні атрымаў ад вялікага князя Вітаўта дазвол на права валоданьня спадчынай свайго бацькі.

На 1556 год Глыбокае мела статус мястэчка. Рэчка Бярозаўка падзяляла яго на 2 часткі: паўднёва-заходняя належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва; паўночна-ўсходняя — Корсакам і ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводзтва. Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі быў Рынак з крамамі, сьвірнамі, царквой з плябаніяй, шпіталем; тут знаходзіўся замак. Паўночна-ўсходняя частка таксама мела ў цэнтры Рынак, ад якога пачыналіся шляхі на Дзісну, Полацак і мястэчка Беразьвечча.

У Інфлянцкую вайну (1563—1579) маскоўскія захопнікі ўчынілі ў Глыбокім і ваколіцах значную шкоду[1]. У канцы вайны празь мястэчка праходзіла войска Стэфана Баторыя ў часе яго вызваленчых выправаў на Полацак і Пскоў.

Сынагога, XIX ст.

У канцы XVI ст. у Глыбокім заснавалі кальвінскі збор, бібліятэку і школу; аднак у пач. XVІI ст. на месцы збора збудавалі касьцёл Сьвятога Міхала (праіснаваў да 1650 году). У 1628 годзе пачаў дзейнічаць Траецкі касьцёл, а ў 1636 годзе ваявода амсьціслаўскі і староста дзісенскі Язэп Корсак заснаваў на сваёй частцы Глыбокага касьцёл і кляштар ордэна кармэлітаў; пры кляштары дзейнічала школа. У сярэдзіне XVІI ст. у мястэчку збудавалі царкву Сьвятой Тройцы (па пажары ў 1838 годзе адноўленая, зноў згарэла ў 1880 годзе).

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Глыбокае захапілі маскоўскія войскі. Яны збудавалі тут невялікую драўляную фартэцыю — «острог», у якой разьмяшчалася залога. У студзені 1659 году мястэчка вызваліў аддзел войска Вялікага Княства Літоўскага. 6 лістапада 1661 году каля Глыбокага войскі Рэчы Паспалітай на чале з С. Чарнецкім разьбілі маскоўскіх захопнікаў пад камандай І. Хаванскага (больш за 18 тыс. чал.), захапіўшы 6 гарматаў, вялікі запас пораху, больш за 6 тыс. павозак з правіянтам. У бітве загінула больш за 6 тыс. маскавітаў, ацалелыя ўцяклі ў Полацак[1]. 24 ліпеня 1667 году паспалітае рушаньне глыбачанаў у некалькі соцень чалавек дало адпор марадзёрам вугорскай харугвы польнага гетмана В. Валовіча, якія ня вытрымалі атакі і адступілі ад Глыбокага, страціўшы трох забітых і шмат параненых.

Касьцёл і кляштар кармэлітаў, 1896 год

У 1661 і 1700 гадах Глыбокае моцна пацярпела ад пажараў. У 1668 годзе паўднёва-заходняя частка мястэчка перайшла да Радзівілаў. На 1702 год, паводле інвэнтару, сядзібны комплекс Радзівілаў улучаў галоўны 1-павярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, 2-павярховы лямус з галерэямі, сьвірны, стайні, вазоўні, сажалку, ставок з вадзяным млынам, іншыя гаспадарчыя будынкі; у маёнтку налічвалася 263 двары. У XVІІI ст. у Глыбокім было два Рынкі з крамамі; пераважала драўляная 1-павярховая жылая забудова. У 1742 годзе ў мястэчку збудавалі сынагогу. На 1775 год тут было 310 дамоў, у Корсакавай частцы — 100 двароў[1]. У XVІІIXІХ стагодзьдзяў пры кляштары кармэлітаў працавалі школа, бібліятэка, фізычны кабінэт, аптэка, шпіталь; было 40 музыкаў. У канцы XVІІI ст. на мясцовых могілках збудавалі Ільлінскую капліцу і мэмарыяльную калёну ў гонар Канстытуцыі 3 траўня.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беразьвечча, 1896 год

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глыбокае апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце. У вайну 1812 году мястэчка займалі францускія войскі; тут стварылі этапны пункт, буйныя харчовыя склады. З 18 ліпеня на працягу 6 дзён у мястэчку знаходзіўся Напалеон.

За часамі вызвольнага паўстаньня ў красавіку — траўні 1831 году каля Глыбокага адбыліся баі з царскімі войскамі. На 1861 год у мястэчку было 212 двароў. У 1886 годзе — працавалі народнае вучэльня, піваварны, вінакурны, цагельны заводы; было некалькі складоў з таварамі і прыватных крамаў; у нядзелі зьбіраліся таргі, штогод — 2 кірмашы.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны да Глыбокага праклалі чыгунку. На 1917 год у выніку ваенных спусташэньняў у мястэчку засталося толькі 111 двароў. У лютым 1918 году Глыбокае занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сынагога. А. Наліваеў, 1956 год

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Глыбокае абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР[4].

У сьнежні 1918 году Глыбокае занялі бальшавікі, а ў жніўні 1919 — ліпені, кастрычніку 1920 году — польскія войскі. 5 ліпеня 1920 году ў ваколіцах мястэчка адбыліся баі савецкіх і польскіх войскаў, у якіх загінула 1,5 тыс. чалавек. Згодна з умовамі Рыскай дамовы (1921) Глыбокае апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва. 10 лістапада 1933 году да мястэчка далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — калёнію Глінішчы й маёнтак Глыбокае[5]. На 1939 год у Глыбокім працавалі цукеркавая фабрыка, гарбарны завод, млын, павятовая ўправа, польская гімназія, прыватныя крамы, склады тавараў; кожны чацьвер праводзіліся таргі, штогод — 4 кірмашы.

У 1939 годзе Глыбокае ўвайшло ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымала статус места і стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй і было цэнтрам акругі райхскамісарыяту «Остлянд». Тут разьмяшчаліся ўправа акругі, нямецкі гарнізон, вайсковыя склады. Нацысты зьнішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., у 3 лягерах сьмерці — больш за 37 тыс. чалавек.

У 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства на гістарычным Рынку паставілі 8 бронзавых бюстаў славутым глыбачанам Язэпу Корсаку, Элізэру Бэн-Егуду (Дэвід Пэрэльман), Язэпу Драздовічу, Ігнату Буйніцкаму, Алесю Дубровічу, Пятру Казлову, Паўлу Сухому і Вацлаву Ластоўскаму[6].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малюнкі Язэпа Драздовіча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Возера Кагальнае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рынак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Кармэліцкая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Полацкая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Замкавая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Докшыцкая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Копцеўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беразьвечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Глыбокагасховішча мультымэдыйных матэрыялаў