Гісторыя Дуброўна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панарама. Б. Лявэрнь, 1840 г.

Дуброўна — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся барокавы кляштар бэрнардынаў і клясыцыстычная царква Сьвятой Тройцы, помнікі архітэктуры пачатку XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся касьцёл пры кляштары бэрнардынаў і палац Любамірскіх, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар бэрнардынаў, XVIII ст.

Датаваньне першага пісьмовага ўпаміну пра Дуброўна няпэўнае. Пад 1392 або 1393 годам у Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага ўпамінаецца «зямля пустая Дубровенская», якую князь Дзьмітры Сямёнавіч запісаў княгіні Соф’і і яе дзецям. Аднак сучасныя дасьледнікі мяркуюць, што ў дакумэнце ідзе гаворка пра іншае «Дуброўна» або адбылося няслушнае датаваньне падзеі[1]. У канцы XV ст. неаднаразова ўпамінаецца воласьць «Дубровенскі шлях». Расейскі гісторык М. Любаўскі лічыў, што цэнтрам гэтай воласьці была вёска Дубровенка (цяпер не існуе) на захадзе Смаленшчыны, аднак цалкам магчыма, што воласьць сьпярша мела сваім цэнтрам Дуброўна, ад якога і атрымала назву[1]. Пагатоў, да гэтага часу тут ужо збудавалі замак.

Першы дакладны пісьмовы ўпамін пра Дуброўна як «горад» у значэньні ўмацаванага паселішча[1] датуецца 1514 годам. З пачатку XVІ ст. яно стала цэнтрам воласьці на мяжы Віцебскага і Смаленскага ваяводзтваў[2]. Вялікі князь Аляксандар Казімеравіч падараваў Дуброўна разам з воласьцю смаленскаму ваяводзе Юрыю Глябовічу. Пазьней тут утварылася Дубровенскае графства.

Панарама. М. Іваноў, 1784 г.

У 1535, 1536 і 1564 гадох Дуброўна пацярпела ад набегаў маскоўскіх захопнікаў. У 1593 годзе празь мястэчка праяжджаў пасол аўстрыйскага імпэратара Мікалай Варкач, які пакінуў сьціслае апісаньне «Дуброўна — места і ў гэтым месцы апошні памежны замак супраць масквіцян. Места ляжыць на Дняпры, а па другі бок замка працякае рака Дуброўніца. Гэты замак шырокі ў акружыне, толькі ўвесь драўляны»[1].

У 1607 годзе ў Дуброўне было 235 пляцаў. У 1630 годзе Мікалай Глябовіч заснаваў у мястэчку касьцёл і кляштар бэрнардынаў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) па працяглай аблозе ў чэрвенікастрычніку 1654 году Дуброўна занялі маскоўскія войскі. Яшчэ да ўзяцьця замка маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч даваў інструкцыі ваяводзе князю Чаркаскаму: «Как город Дубровно здастца, и ... шляхты лучших людей выбрав, прислать к государю, ... а остальную шляхту велеть послать на Тулу, а мещан и уездных людей раздать ратным людям семьями, а город Дубровно выжечь». Маскоўскія захопнікі выканалі гэты загад: 17 кастрычніка яны спаліі замак, а палонных шляхціцаў з складу залогі, а таксама 30 радзінаў найлепшых мяшчанаў вывезьлі ў гаспадарскую стаўку ў Смаленск[1]. У 1664 годзе напярэдадні адступленьня маскоўскія акупанты зноў вывезьлі зь мястэчка і ваколіцаў вялікую колькасьць мяшчанаў і сялянаў з жонкамі і дзецьмі (каля 300 чалавек). На 1667 год усё Дубровенскае графства налічвала толькі 384 будынкі. У 1670-я гады ў Дуброўне было 15 вуліцаў і 2 завулкі, больш за 130 сядзібаў. Існавала царква Сьвятога Спаса. Цэнтрам места быў прастакутны Рынак, забудаваны крамамі і каморамі. У 2-й палове XVІІ ст. узьніклі 2 пасады (адзін за ракой Задубровенкай, другі — на правым беразе Дняпра). У 1690 годзе места перайшло да Казімера Сапегі.

Дняпро. М. Іваноў, 1784 г.

У пачатку XVІІІ ст. у Дуброўне працавала паперня на Дняпры, якая, відаць, належала Радзівілам. У 1702 гозе маёнтак самавольна захапіў Людвік Пацей. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе загоны казакаў і калмыкаў на чале з расейскім капітанам Салаўёвым спалілі Дуброўна. У 1711 годзе Л. Пацей прадаў Дубровенскую маёмасьць А. Меншыкаву, аднак у 1719 годзе Сапегі адсудзілі сваю колішнюю ўласнасьць. Паводле інвэнтару 1731 году, Верхні і Ніжні Дубровенскія замкі амаль страцілі абарончае значэньне, хоць іх і аднавілі па Вялікай Паўночнай вайне. На Ніжнім замку разьмяшчаўся драўляны палац з гаспадарчымі пабудовамі, садам і агародам. На Верхнім — стаяў новапабудаваны, таксама драўляны, палац, дзе было 6 пакояў і кабінэт, а ў мэзаніне — вялікая парадная заля. Дуброўна па-ранейшаму складалася з Старога Места, Задняпроўскага і Задубровенскага пасадаў, да якіх далучыўся новы пасад за рэчкай Сьвінкай (прадмесьце Сьвінна, альбо Пераміль). У Старым месьце быў Рынак, дзе стаяла Спаская царква, а таксама купецкія крамы і сьвірны. У 1732 годзе Юры Станіслаў Сапега атрымаў дазвол на правядзеньне ў мястэчку кірмашу на дзень Сьвятога Ільлі. У 1750 годзе тут заснавалі суконную мануфактуру. У 1765 годзе ў мястэчку праводзіліся 2 кірмашы, на саборным тыдні і на сьвята Спаса.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак. М. Іваноў, 1784 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Дуброўна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, цэнтар павету ў Аршанскай правінцыі;[3] з 1777 году ў Аршанскім павеце Магілёўскага намесьніцтва, пазьней губэрні. На 1780 год у мястэчку дзейнічалі чатыры царквы і адзін касьцёл, працавала паштовая станцыя, штогод праводзілася 3 кірмашы[4]. У 1783 годзе ў Дуброўне пачала працаваць гадзіньнікавая фабрыка, першая ў Расейскай імпэрыі. У 1785 годзе пры кляштары піяраў (адкрыўся замест бэрнардынскага ў 1774 году) пачаў дзейнічаць калегіюм. У 1787 годзе Ю. Пацёмкін зьмяняў Дубровенскія землі з графам Францішкам Ксаверым Любамірскім. У 1788 годзе Іван Староў на заказ Рыгора Пацёмкіна распрацаваў праекты: сядзібнага будынку, гасьцінага двара, перабудовы царквы[5] Улетку 1789 году выбітны садовы майстар-практык і мастак-праектоўнік апошняй чвэрці XVIII стагодзьдзя, Ўільям Гульд аб’ехаў маёнткі Пацёмкіна ў Магілёўскай губерні і склаў праект парку ў Дуброўне[5]. У 1793—1861 гадох у мястэчку працавала суконна-талесная мануфактура. У 1809 годзе Ф. К. Любамірскі збудаваў у Дуброўне новы касьцёл. Ён дамогся закрыцьця кляштару піяраў, якія патаемна бяз згоды Любамірскага абвянчалі ягоную дачку.

Сынагога. І. Рыбак, 1917 г.

На 1860 год у Дуброўне быў 1001 дом (зь іх мураваных — 3), дзейнічала 6 цэркваў (зь іх 3 мураваныя), мураваныя касьцёл і каталіцкая капліца, драўляная сынагога і 13 юдэйскіх малітоўных школаў. На паштовай станцыі прыймалася і выдавалася розная карэспандэнцыя. Існавала вольная аптэка. У мястэчку знаходзілася кватэра прыстава 2-га стану і конны этап. 3 навучальных установаў дзейнічалі казённая жыдоўская вучэльня 1-га разраду і сельская вучэльня пры Мікольскай царкве. Працавалі 3 прамысловыя прадпрыемствы, 4 талесныя фабрыкі, 4 піваварні, 2 вадзяныя млыны. Кірмашы праводзіліся ў нядзелю, сераду і пятніцу. Цераз раку Дняпро хадзіў паром. На 1861 год Дуброўна была цэнтрам воласьці Горацкага павету Магілёўскай губэрні, уласнасьць Любамірскіх. У 1870 годзе ў мястэчку пачала працаваць кумысна-лекавальная ўстанова. На 1909 годзе ў Дуброўне было 869 жылых дамоў, зь якіх 10 мураваных, працавалі 5 млыноў. У пачатку XX ст. у мястэчку пачала працаваць ткацкая фабрыка.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дуброўна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Дуброўна вярнулі БССР, дзе яно стала цэнтрам раёну (у 1962—1965 гадох уваходзіла ў склад Аршанскага раёну). У 1925 годзе Дуброўна атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1962—1965 гадох Дуброўна ўваходзіла ў склад Аршанскага раёну. 28 лютага 2011 году афіцыйна зацьвердзілі сьцяг места[6].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палацава-паркавы комплекс Любамірскіх[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і завулкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Высокая сынагога[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Памяць: Гіст.-дак. хроніка Дубровенскага р-на. Кн. 1. — Мн., 1997.
  2. ^ Насевіч В. Дуброўна // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 608.
  3. ^ 14.014.— Іюля 22 (1773). Высочайше утвержденный докладъ Сената. — О раздѣленіи Бѣлорусскихъ Губерній на уѣзды и об учрежденіи въ оныхъ уѣздахъ Коммисарствъ.  (рас.) // Полное Собраніе Законовъ Россійской Имперіи, съ 1649. Собраніе первое. — Спб.: Тип. II Отд-нія собств. Е. И. В. канцеляріи, 1830. — Т. 19 (1770—1774). — С. 827—833. (№ 14042).
  4. ^ Топографическия примечании на знатнейшия места путешествия Ея Императорскаго Величества в Белорусския наместничества.. — СПб.: Импер. акад. наукъ, 1780. — С. 82. — 134 с.
  5. ^ а б Белехов Н., Петров А. Иван Старов. Материалы к изучениютворчества. — Москва: Академия Архитектуры, 1950. — С. 21, 116, 163, 169, 172. — 552 с.
  6. ^ Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области. Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 г. № 86 (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Дуброўнасховішча мультымэдыйных матэрыялаў