Гісторыя Наваградку

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Краявіды старога места

Наваградак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага[1][2][3], даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну.

Раньнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у канцы Х стагодзьдзя на тэрыторыі сучаснага места ўзьнікла старажытнае паселішча, умацаванае да сярэдзіны ХІ стагодзьдзя[4]. Першы імаверны пісьмовы ўспамін пра Наваградак датуецца 1044 годам[5][6], аднак некаторыя дасьледнікі ставяць гэтае сьцьверджаньне пад сумнеў[7].

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як сьведчаць археалягічныя зьвесткі, у ХІІ стагодзьдзі Наваградак складаўся зь дзядзінца (Замкавая гара), вакольнага гораду і пасаду. У ХІІІ—XIV стагодзьдзях ён быў цэнтрам удзельнага княства: пад 1235 годам згадваецца князь Ізяслаў Наваградзкі. Зь сярэдзіны 1240-х, на запрашэньне мясцовых баяраў, тут пачаў княжыць Міндоўг, што паспрыяла ўтварэньню Вялікага Княства Літоўскага з цэнтрам у Наваградку. У 1249—1242 гадах галіцка-валынскія князі ў кааліцыі з Інфлянцкім ордэнам учынілі шэраг ваенных выправаў, што прымусіла Міндоўга пайсьці на прымірэньне з ордэнам. У 1253 годзе ад імя папы рымскага ён каранаваўся ў Наваградку[1] на караля Літвы (першы і апошні такі тытул у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). Аднак у 1254 годзе сын Міндоўга Войшалк склаў ад імя бацькі мір з Галіцка-Валынскім княствам і перадаў места Раману Данілавічу. У 1258 годзе ў выніку разрыву міру Войшалк зноў пачаў княжыць у Наваградку. У барацьбе супраць Галіцка-Валынскага княства і жамойцкіх князёў ён аб’яднаў вакол сябе Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволту.

Каранацыя Міндоўга. Гравюра з кнігі Л. Ходзькі «La Pologne», 1824 год

Наваградак неаднаразова (у 1250-я, 1274, 1276 і 1277 гадах) цярпеў ад набегаў мангола-татараў і іх хаўрусьнікаў — дружынаў галіцка-валынскіх князёў; пазьней (у 1314, 1321, 1341, 1390 і 1394 гадах) сюды ўчынялі свае выправы крыжакі. Апроч таго, на места рабілі набегі крымскія татары (апошнія адбываліся ў 1505—1506 гадах).

З 1329 году Наваградак знаходзіўся ў валоданьні Карыята, па 1358 годзе — ягонага сына Фёдара, з 1386 году — Карыбута. На 1392 год места было адным з цэнтраў вялікакняскага дамэну. У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў вялікі князь Вітаўт пасяліў у Наваградку і ягоных ваколіцах татараў.

Яшчэ ў 1316 годзе[8] Наваградак зрабіўся цэнтрам незалежнай ад Масквы Літоўскай мітраполіі, якая ахоплівала праваслаўную царкву Вялікага Княства Літоўскага і Галіцыі (да 1330 году)[9]. У 1415 годзе тут на саборы праваслаўных япіскапаў мітрапалітам літоўскім абралі Рыгора Цамблака. У 1422 годзе ў Наваградзкім фарным касьцёле адбыўся шлюб караля польскага Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай, які даў пачатак дынастыі Ягелонаў. У 1428 годзе Вітаўт запісаў места разам з навакольнымі вёскамі ў пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы Ўльяне.

У студзені 1507 году Наваградак зрабіўся сталіцай ваяводзтва. 26 ліпеня 1511 году вялікі князь Жыгімонт Стары надаў месту Магдэбурскае права, якое пацьвярджалася ў 1562, 1595 і 1776 гадах. У 1518 і 1534 гадах Наваградак пацярпеў у выніку войнаў Маскоўскац дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім. На 1568 год тут дзейнічалі 10 цэркваў[8]. З XVІ стагодзьдзя места зрабілася адным з цэнтраў Рэфармацыі. З 1581 году тут праходзілі паседжаньні Галоўнага Трыбуналу. У выніку Берасьцейскай уніі (1596) Літоўская мітрапаліцкая катэдра зрабілася грэка-каталіцкай.

18 сакавіка 1595 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў мескі герб «у чырвоным полі постаць арханёла Міхаіла ў чорным узбраеньні з крыламі за сьпінай, у правай руцэ меч, у левай — шалі»[10], а ў 1597 годзе ён даў мяшчанам Наваградку прывілей на 2 рэгулярныя кірмашы на працягу 2 тыдняў на каталіцкія сьвяты Тры Каралі і Тройцу.

У 1648 годзе Наваградак пацярпеў ад набегаў казакаў. З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў верасьні 1655 году яго захапіла маскоўскае войска А. Трубяцкога. Па вызваленьні, у 1661 годзе вялікі князь у зьвязку з ваеннымі спусташэньням скасаваў для Наваградку выплату падаткаў тэрмінам на 4 рокі. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1706 годзе швэдзкія войскі занялі места і зруйнавалі замак.

Барысаглебская царква — катэдра Літоўскай праваслаўнай мітраполіі[11]

Ваенныя падзеі XVI—XVIII стагодзьдзяў і іншыя катаклізмы (пажары 1578, 1599, 1613, 1652, найбольш моцны — у 1751, калі згарэлі 167 дамоў, 4 касьцёлы, ратуша і канцылярыя ваяводы; эпідыэміі 1590, 1592, 1603, 1708 гадоў) прывялі Наваградак да палітычнага і эканамічнага заняпаду. У канцы XVІІІ стагодзьдзя ў месьце дзейнічалі 3 вуніяцкія царквы, 5 касьцёлаў, 6 кляштараў, сынагога і мячэт.

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Наваградак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе зрабіўся цэнтрам павету Слонімскага намесьніцтва (з 1801 году Гарадзенскай, з 1842 году Менскай губэрні). 24 сьнежня 1798 году ў самім месьце або ў блізкім да яго Завосьсю нарадзіўся паэт Адам Міцкевіч.

У вайну 1812 году па заняцьці Наваградку Напалеонам зь мясцовых жыхароў сфармаваўся 19-ы ўланскі полк літоўскіх войскаў. На 1817 год у месьце было 428 драўляных і 9 мураваных жылых дамоў.

За часамі вызвольнага паўстаньня 22 ліпеня 1831 году Наваградак з-пад расейскай улады на пэўны час вызваліў аддзел Ю. Кашыца і М. Межаеўскага. Па ліквідацыі дамініканскай школы (1834) царскія ўлады адкрылі 5-клясную вучэльню, пераўтвораную ў 1858 годзе на Наваградзкую гімназію. На 1837 год у Наваградку было 4 небрукаваныя і 9 брукаваных вуліцаў і завулкаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў месьце сфармавалася паўстанцкая арганізацыя на чале з У. Борзабагатым.

У 1862 годзе ў Наваградку заснавалі кафляны завод, у 1888 годзе — банк, у 1895 годзе — друкарню. Паводле перапісу (1897), у месьце былі 723 жылыя дамы; дзейнічалі сабор, царква, касьцёл, сынагога і мячэт; працавалі меская вучэльня з аддзяленьнем для дзяўчынак, габрэйская прыватная вучэльня, паштовая станцыя, 25 крамаў у гандлёвых радах і 62 асобныя крамы, цагельны, ганчарны, мылаварны і 2 ганчарна-кафляныя заводы, 8 гатэляў і 6 заезных двароў, 20 корчмаў і піцейных дамоў.

У 1905 годзе ў Наваградку зьявіліся першыю вулічныя газавыя ліхтары. У 1906—1909 гадах тут дзейнічала правінцыйнае кола Польскага таварыства «Асьвета» ў Менску, якое займалася падтрымкай польскай адукацыі[12]. На 1910 год у месьце было 76 мураваных і 1074 драўляныя будынкі, на 1914 год — 6 навучальных установаў.

У Першую сусьветную вайну з 22 верасьня 1915 году Наваградак займалі нямецкія войскі (у гэты час тут збудавалі электрастанцыю, правялі тэлефанізацыю і праклалі вузкакалейку). 27 сьнежня 1918 году ў места ўвайшлі бальшавікі, з 18 красавіка 1919 да 19 ліпеня 1920 і з 1 кастрычніка 1920 году — польскія войскі.

Беларуская Народная Рэспубліка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году Наваградак, як і ўся этнічная тэрыторыя беларусаў, абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 траўня 1919 году тут адкрылася Наваградзкая беларуская гімназія.

Польская Рэспубліка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Наваградак апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, яшчэ раней у 1919 годзе аднавілася Наваградзкае ваяводзтва. У 1920-я — 1930-я ў месьце выходзіла больш за 10 найменьняў пэрыядычных выданьняў, у кастрычніку 1922 году пачала выдавацца першая ў Наваградку беларуская газэта «Наша Бацькаўшчына». У 1924—1931 гадах на Малым замку насыпалі курган у гонар Адама Міцкевіча, 11 верасьня 1938 году адкрыўся ягоны музэй. На 1931 год у месьце было 1055 жылых будынкаў, дзейнічалі 2 касьцёлы, 2 царквы, 3 сынагогі і мячэт; апрача беларускай, працавала польская гімзазія. Апроч таго, існавалі 2 лякарні, 7 гатэляў і 2 друкарні.

БССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1939 годзе Наваградак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе зрабіўся цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1954 году ў Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй у складзе Генэральнага камісарыяту «Беларусь», дзе было цэнтрам Наваградзкай акругі. 8 студзеня 1963 году Наваградак атрымаў статус гораду абласнога падпарадкаваньня.

Рэспубліка Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1997 годзе адбылося аб’яднаньне места з аднайменным раёнам у адну адміністрацыйную адзінку раённага падпарадкаваньня.

31 жніўня 2011 году Наваградку ўвайшоў хутар Мітраполь[13].

Даўні Наваградак
Даўні Наваградак

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Мікалай Гайба. Новагародак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 357
  2. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 85—86.
  3. ^ Navahradak // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 164.
  4. ^ Ф. Д. Гурэвіч. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак: Агентство «РДК-принт», 2003.
  5. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5.
  6. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11.
  7. ^ Ф. Д. Гурэвіч. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак, 2003.
  8. ^ а б Мікалай Гайба. Новагародак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 358.
  9. ^ Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. S. 20.
  10. ^ Наваградак // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  11. ^ С. В. Марозава. Наваградак — царкоўная сталіца Вялікага Княства Літоўскага (ХІV—XV стст.) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) і інш. — Гродна: ГрДУ, 2007.
  12. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 34—37.
  13. ^ «Об изменении границ города Новогрудка, Брольникского, Кошелевского и Ладеникского сельсоветов Новогрудского района Гродненской области». Решение Гродненского областного Совета депутатов от 31 августа 2011 г. № 120 (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Наваградкусховішча мультымэдыйных матэрыялаў