Гісторыя Полацку

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Полацак — найстарэйшы горад і сталіца першай дзяржавы на беларускай этнічнай тэрыторыі, даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну.

Полацкае княства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Полацкае княства

Упершыню Полацак згадваецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 862 годам у зьвязку зь дзяльбою гарадоў наўгародзкім князем Рурыкам і зьяўляецца, такім чынам, найстарэшым горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі[1][2]. Гэта быў буйны палітычны цэнтар племені крывічоў, сталіца княства.

Ангельская беларусістка Вера Рыч выявіла ў скандынаўскіх сагах упамін пра аблогу Полацку гунамі Атылы[3]. Адбыцца гэта магло, найхутчэй, у час паходу Атылы на Ўсходнюю Рымскую імпэрыю ў 447 годзе. З запасам у сто гадоў (улічваючы археалягічныя знаходкі IV ст.), датай перашага ўпаміну Полацку можна лічыць 447 год. Зацікаўленае ў пошуках і ўдакладненьнях скандынаўскіх архіваў Беларуская дзяржава пакуль бязьдзейнічае, таму гэтая дата застаецца неафіцыйнай[4].

Полацкае княства несупынна ўдзельнічала ў міжусобнай барацьбе паміж рускімі князямі, ад якой вельмі цярпелі горад і яго жыхары. Так, у часе чарговай міжусобнай вайны, якая ў летапісах датуецца 980 годам, Полацак захапіла і спаліла войска князя Ўладзімера. Гэта пацьвярджаецца зьвесткамі археалягічных дасьледаваньняў, якія зафіксавалі сьляды пажару, датаванага канцом X стагодзьдзя.

Найвышэйшага ўздыму старажытны Полацак дасягнуў за часамі Ўсяслава Брачыславіча (княжыў у 1044—1101), вядомага як «Чарадзей». У гэты пэрыяд у горадзе збудавалі Сафійскі сабор. Па сьмерці Ўсяслава Полацкае княства ўвайшло ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Полацкае ваяводзтва

Станаўленьне ў Полацкім княстве першага прадстаўніка літоўскай дынастыі Таўцівіла адбылося ў 1250-я гады, імаверна, у выніку пагадненьня паміж палачанамі і князем[5]. Трапіўшы ў сфэру ўплыву Вялікага Княства Літоўскага, Полацак актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі ягонай замежнай палітыкі ў дачыненьні да суседніх зямель: Інфлянтаў, Ноўгарада, Пскова, Смаленску. Пры гэтым Полацак ня страціў свайго значэньня: ён зрабіўся адным з найбуйнейшых мескіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага і нават канкураваў са сталіцай — Вільняй[6]. Асноўныя правы і прывілеі жыхароў места замацаваў абласны прывілей, выдадзены вялікім князем Вітаўтам.

4 кастрычніка 1498 году вялікі князь Аляксандар надаў Полацку Магдэбурскае права. У 1504 годзе ўтварылася Полацкае ваяводзтва. З XVI стагодзьдзя пачаў ужывацца мескі герб: «у блакітным полі на срэбнай вадзе трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі»[7].

З 1-й паловы XVI стагодзьдзя Полацак зрабіўся арэнай баявых дзеяньняў паміж Вялікім Княствам Літоўскім ды Маскоўскай дзяржавай. Практычна ў кожную такую вайну маскоўскія захопнікі праводзілі аблогу места, 3 або 4 разы яны палілі ягоныя гандлёва-рамесныя пасады[5].

Полацак значна пацярпеў у Інфлянцкую вайну (1558—1582), асноўныя баявыя дзеяньні якой прыйшліся на тэрыторыю ваяводзтва. У 1563 годзе, па аблозе, якая працягвалася некалькі тыдняў, Полацак захапіла маскоўскае войска на чале з Іванам «Жахлівым». Толькі праз 15 гадоў кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў места.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634) 16 чэрвеня 1633 году маскоўскія войскі захапілі і спалілі Полацак[8]. У 1654 годзе, з разьвязваньнем чарговай вайны супраць Рэчы Паспалітай, Полацак зноў апынуўся пад маскоўскай акупацыяй. На гэты раз, у выніку шматтыднёвай аблогі, 16 чэрвеня 1654 году места мусіла здацца ўсходнім захопнікам. У 1667 годзе, згодна з Андрусаўскім пагадненьнем, Полацак вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага. Праз вайну ён апынуўся ў ліку найбольш пацярпелых літоўскіх местаў (колькасьць насельніцтва скарацілася на 93%)[8].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у Полацку знаходзілася расейскае войска на чале зь Пятром I, які ўчыніў разьню грэка-каталіцкіх сьвятароў у мурах Сафійскага сабора і ператварыў яго ў парахавы склад. Неўзабаве выбух зьнішчыў найбольш старажытную хрысьціянскую царкву Беларусі. У 1706 годзе ўжо швэдзкае войска заняло места, спаліла і разрабавала яго.

Усе гэтыя войны і разбурэньні прывялі да паступовага заняпаду Полацку і страты ім ранейшага значэньня.

У складзе Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай асноўная, правабярэжная частка Полацку апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Пскоўскай губэрні, а ў выніку другога падзелу (1793) — задзьвінская частка.

6 верасьня 1776 году ўтварылася Полацкае намесьніцтва, таго ж году расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права. 23 сьнежня 1796 году ўтварылася Беларуская губэрня, у складзе якой апынуўся і Полацак. 13 сакавіка 1802 году места як цэнтар павету ўвайшло ў Віцебскую губэрню.

У 1796 годзе паводле ўказу Кацярыны II плянавалася адкрыць мынцу, але празь сьмерць Кацярыны II працы былі спыненыя.

Полацак зрабіўся арэнаю жорсткіх баёў у вайну 1812 году. Тэрыторыя колішняга ваяводзтва апынулася на шляху адступленьня расейскай арміі на чале з Барклаем дэ Толі. У памяць пра тыя падзеі адзін з мастоў праз Палату мае назву Чырвоны.

Яшчэ 10 чэрвеня 1812 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Полацкай акадэміі, якая ўтварылася на базе езуіцкага калегіюму. Аднак у зьвязку з паходам Напалеона заняткі ў ёй пачаліся толькі 8 студзеня 1813 году. Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі з усімі правамі ўнівэрсытэту. Акадэмія мела тры факультэты: тэалягічны, моваў і літаратураў, філязофіі і вольных навук. Тут пад кіраўніцтвам сарака прафэсараў займалася каля шасьцісот студэнтаў. З аўдыторыяў акадэміі пачалі свой шлях гісторык, археоляг і этнограф Канстантын Тышкевіч, астраном і філёзаф Якуб Накцыяновіч, пісьменьнік Юзэф Масальскі. У полацкай альма-матэр навучаўся мастак Валенці Ваньковіч. Яе дыплём атрымаў аўтар славутага «Шляхціча Завальні», адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі.

Дэмакратычныя навучальныя ўстановы зрабіліся на захопленых Расеяй землях магутнай духоўнай апазыцыяй калянізатарам. Полацкую прафэсуру зьвінавацілі ў выхоўваньні антыўрадавых настрояў, і ў 1820 годзе з царскай канцылярыі выйшаў указ: «Полоцкую академию и подведомственные ей училища упразднить»[9].

У 1835 годзе на базе езуіцкай акадэміі і піярскай вучэльні адкрыўся Полацкі кадэцкі корпус (праіснаваў да 1918). У 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі і Маскоўскі патрыярхат правялі ў месьце сабор, які ліквідаваў Грэка-Каталіцкую Царкву. У 1860-я гады тут працавалі тытунёвая фабрыка, гарэлкавы завод. Станам на 1885 год — 28 прадпрыемстваў (130 работнікаў). Значнае месца ў разьвіцьці Полацку займаў гандаль, пашырэньню якога спрыяла адкрыцьцё ў 1866 руху на лініі Дынабург — Полацак Рыга-Арлоўскай чыгункі. Станам на 1860 год у месьце працавалі 122 крамы, на 1865—456. У 1872 годзе адкрылася настаўніцкая сэмінарыя.

XX стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку XX ст. праз Полацак праклалі другую чыгуначную лінію, у месьце працавалі жаночая дзяржаўная гімназія, 6 вучэльняў рознага профілю, 5 царкоўна-прыходзкіх школаў, Талмуд-Тора. У 1903—1904 гадох тут было 288 рамесных майстэрняў (1198 работнікаў, у 1909—2060 работнікаў).

У 1914 годзе Расейская імпэрыя ўступіла ў Першую сусьветную вайну. А ў 1915 годзе, у выніку няўдачаў расейскай арміі, Полацак фактычна зрабіўся прыфрантавым местам. 3 сакавіка 1917 году, па адмове імпэратара Мікалая II ад стальцу, улада ў Полацку перайшла да працоўных, якія, пры падтрымцы жаўнераў, раззброілі паліцыю і жандармэрыю. Празь некалькі дзён у месьце ўтварыўся Савет рабочых дэпутатаў.

Захоп улады бальшавікамі па кастрычніцкаму перавароту быў больш напружаным. Пераломнай зрабілася ўнутраная барацьба ў 3-й арміі, частка якой стала на бок г.зв. Камітэту выратаваньня Рэвалюцыі. 17 лістапада яна скончылася на карысьць бальшавікоў. 18 лістапада ў Полацку прайшлі выбары ў мескую раду, у якіх перамаглі бальшавікі. Неўзабаве адбыліся арышты палітычных супраціўнікаў.

У сьнежні 1917 году Расея склала замірэньне зь Нямеччынай. Аднак яно цягнулася нядоўга: ужо 18 лютага 1918 году нямецкая армія зноў пачала баявыя дзеяньні. 25 лютага Полацак занялі нямецкія войскі. Немцы намагаліся разьвіць наступ, але ў іх гэта не атрымалася. Фронт спыніўся за некалькі дзясяткаў кілямэтраў на паўночны ўсход ад места. Полацак прабыў пад нямецкай уладай да лістапада 1918 году. 21 лістапада, неўзабаве па нямецкай рэвалюцыі 1918 году места зноў перайшло пад савецкі кантроль.

1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Полацак увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1919 году пачалася польска-савецкая вайна. 22 жніўня ў Полацку абвясьцілі асаднае становішча, аднак наступ польскага войска атрымалася спыніць прыкладна за 20 км ад места. У верасьні палякі аднавілі наступ і 22 верасьня захапілі левабярэжную частку Полацку ды Полаччыны. Правабярэжная (паўночная) частка места засталася пад кантролем бальшавікоў. Такім чынам, лінія фронту пралегла Дзьвіной. Абодва бакі вялі жорсткія баі са зьменным посьпехам, але ніводнаму зь іх не атрымалася дасягнуць пераломнай перавагі. Абедзьве часткі места несупынна цярпелі ад абстрэлаў. Гэта прынесла Полацку страшэнныя разбурэньні. 14 траўня 1920 году польскае войска пакінула места. За Рыскім мірным пагадненьнем Полацак застаўся ў складзе Савецкай Расеі. У 1924 годзе яго вярнулі БССР.

У 1926 у Полацку адкрыўся краязнаўчы музэй, у 1936 — тэатар. 27 верасьня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У гэты час Полацак зрабіўся прамысловым цэнтрам паўночна-заходняй часткі Беларусі. Асноўнымі галінамі прамысловасьці былі мэталюргічная, мэталаапрацоўчая, абутковая, харчовая, паліграфічная (працаналі 3 друкарні), вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў. Да пачатку 1940 дзейнічалі 3 электрастанцыі. У 1940—1941 працавалі 16 школаў, будаўнічы і лясны тэхнікумы, школьная і дашкольная пэдагагічныя вучэльні, 11 клюбаў, кінатэатар, 9 масавых бібліятэк.

У 1941 годзе Полацак захапілі нямецкія войскі. Места абараняла 174 стралковая дывізія на чале з Аляксеем Зыгіным. Наступ немцаў праводзіўся сіламі 3-й танкавай арміі, якой камандаваў Герман Гот. Нягледзячы на жорсткі супраціў, які адзначыў нават сам Герман Гот, 16 ліпеня савецкія войскі мусілі пакінуць места. У часы нямецкай акупацыі ў Полацку актыўна дзейнічала савецкае падпольле. Адным зь яго ўдзельнікаў была Тацьцяна Марыненка, якую ў жніўні 1942 году арыштавалі і закатавалі нямецкія ўлады. 23 чэрвеня 1944 году пачалася наступальная апэрацыя савецкіх войскаў, вядомая пад назвай «Багратыён». Адной зь яе частак была Полацкая апэрацыя, якая пачалася 23 чэрвеня і праводзілася сіламі Першага Прыбалтыйскага фронту. Цягам апэрацыі Полацак быў абкружаны; 1 ліпеня пачаўся штурм і ўжо 4 ліпеня супраціў немцаў быў канчаткова зломлены. Места атрымала вялікія разбурэньні.

Па аднаўленьні савецкай улады 20 верасьня 1944 году ўтварылася Полацкая вобласьць, але ўжо праз 10 гадоў 8 студзеня 1954 году, яе скасавалі. У наступныя дзесяцігодзьдзі Полацак імкліва разьвіваўся. У 1957 годзе тут збудавалі шклозавод, а ў 1958 годзе побач зь местам паўстаў прамысловы гігант Наваполацак.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Таямніцы полацкай гісторыі / У.А. Арлоў. — Мн.: «Папуры», 2008. С. 37.
  2. ^ Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.— 366 с.: іл. ISBN 5-340-00614-Х. С. 58.
  3. ^ Дзярновіч А. Палтэск’я — паўночная Троя: вобраз Полацка ў скандынаўскіх крыніцах ХІ—ХІІІ стст. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 6. Менск: РИВШ, 2013. С. 76—90.
  4. ^ Литвин И. Затерянный мир, или малоизвестные страницы белорусской истории [1]
  5. ^ а б Васіль Варонін. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 444.
  6. ^ Васіль Варонін. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 444—445.
  7. ^ Полацак // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  8. ^ а б Васіль Варонін. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 445.
  9. ^ Што такое Полацкая акадэмія? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Полацкусховішча мультымэдыйных матэрыялаў