Гісторыя Поразава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сядзіба ў Багудзенках, да 1939 г.

Поразаўмагдэбурскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі клясыцызму і палацава-паркавы комплекс Бутаўт-Андрайковічаў, помнікі архітэктуры XIX ст.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стары двор. Т. Пыч, 1907 г.

Упершыню Поразаў упамінаецца ў XV стагодзьдзі як каралеўскае мястэчка Ваўкавыскага павету Наваградзкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Паводле некаторых зьвестак, у 1460 годзе Ян Рыдвід заснаваў тут касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла.

У 1506 годзе вялікі князь Аляксандар надаў Поразаву Магдэбурскае права (29 чэрвеня 1518 і 27 сакавіка 1523 году атрымала яго паўторна[1]). У рэвізорскім лісьце ад 4 сьнежня 1615 году зазначалася:

« …король его милость Жыгимонт Першый ствержает иж право им майдэборскае от короля его милости Александра наданое… »

У чэрвені 1616 году Поразаў атрымаў герб: «у блакітным полі постаць Панны Марыі зь дзіцём Езусам на руках»[2]. Мястэчка пацярпела ад пажару 1767 году.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Поразаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі; дзяржаўны маёнтак, цэнтар воласьці Ваўкавыскага павету[3] Гарадзенскай губэрні. На 1878 год у мястэчку было каля 300 дамоў.

У канцы XIX ст. у Поразаве дзейнічалі царква, касьцёл і юдэйскі малітоўны дом, працавалі вучэльня, аптэка і некалькі крамаў[4]. У XIX — пачатку XX стагодзьдзя мястэчка атрымала вядомасьць цэнтру вытворчасьці керамікі (працавала каля 200 майстроў)[5].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Поразаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[6]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Поразаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ваўкавыскім павеце Беластоцкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Поразаў увайшоў у склад БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стаў цэнтрам раёну і з 12 кастрычніка 1940 году — сельсавету. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 15 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

30 красавіка 1958 году Поразаў атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У зьвязку з гэтым Поразаўскі сельсавет ліквідавалі, а населеныя пункты гэтага сельсавету перадалі ў адміністрацыйнае падпарадкаваньне Поразаўскага пасялковага савету[7][8]. У 1960 годзе Поразаўскі раён расфармавалі, мястэчка ўвайшло ў склад Сьвіслацкага раёну. 1 студзеня 2014 году пасялковы савет рэарганізавалі ў сельсавет з цэнтрам у мястэчку Поразаве[9].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 461.
  2. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  3. ^ Słownik geograficzny... T. XV, cz. 2. — Warszawa, 1902. S. 497.
  4. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  5. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  6. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  7. ^ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 30 апреля 1958 г. О преобразовании деревни Порозов Порозовского района Гродненской области в городской поселок (рас.)
  8. ^ Порозовский поселковый Совет депутатов и исполнительный комитет (рас.), Фондавы каталёг дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь
  9. ^ Перечень наименований географических объектов, изменивших род объекта в 2013 году (рас.) Дзяржаўны цэнтар мапаграфа-геадэзічных матэрыялаў і дадзеных Рэспублікі Беларусь

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]