Гісторыя Рагачова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панарама места. Д. Струкаў, 1864

Рагачоў — старажытнае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся рэнэсансавы замак каралевы Боны.

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэліквія з царквы Сьвятых Казьмы і Дзям'яна. Д. Струкаў, 1864

Першы пісьмовы ўпамін пра Рагачоў зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1142, калі паселішча ўваходзіла ў Тураўскае княства. Аднак шэраг археалягічных зьвестак, а таксама інфармацыя іншых летапісных крыніцаў аспрэчваюць знаходжаньне Рагачова ў складзе Тураўскага княства.

Тагачаснае насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбнай лоўляй, апрацоўкай жалеза, каляровых мэталаў, косьці, дрэва. Выгаднае геаграфічнае становішча Рагачова спрыяла разьвіцьцю гандлю і рамёстваў, места было важным пунктам на дняпроўскім водным шляху паміж Смаленскам, Магілёвам і Кіевам. Былі разьвітыя гандлёвыя зьвязкі з Валыньню.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кан. ХІІІ стагодзьдзя Рагачоў як уладаньне князя Даўмонта далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага[1]. У канцы XIV ст. вялікі князь Ягайла перадаў Скіргайлу ваколіцы места. У XIV—XVІІІ стагодзьдзях места было цэнтрам староства. З кан. XV ст. Рагачоў знаходзіўся ў валоданьні князёў Яраславічаў. У 1535 маскоўскія войскі захапілі і разрабавалі места[2].

У XVІ ст. у Рагачове на месцы старажытнага гарадзішча збудавалі замак і палац, званы ў народзе «замкам каралевы Боны» (у 1654 яго спалілі маскоўскія захопнікі). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) места ўвайшло ў склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва, да гэтага яно ўваходзіла ў склад Рагачоўскае воласьці, што разам зь іншымі т.зв. Падняпроўскімі валасьцямі была беспасярэдне падначаленая тагачаснаму Віленскаму ваяводзтву.

Вуліца Касьцельная. Касьцёл

У 1730 на паўночнай ускраіне Рагачова пачалося будаваньне слабады, дзе ў 1743 было дазволена збудаваць царкву Сьвятога Міхала Арханёла. На 1765 места было цэнтрам староства, якое аб’ядноўвала 27 вёсак з 609 дварамі і знаходзілася ў валоданьні Пацаў. У 2-й палове XVIII ст. тут збудавалі драўляны касьцёл Сьвятога Антонія.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прывітальная паштоўка

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Рагачоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай губэрні. 16 жніўня 1781 места атрымала герб: «у залатым полі чорны бараноў рог»[3]. У гэты час тут працавала 6 дробных прадпрыемстваў. У 1788 у Рагачове пачала працаваць паштовая кантора. У 1801 адкрылася павятовая, у 1819 — прыходзкая вучэльні. На 1850 у месьце было 18 вуліцаў і завулкаў, 375 будынкаў, у тым ліку 6 скарбовых, дзейнічалі 3 царквы, працавалі 2 пошты, 46 крамаў і 23 карчмы.

У 1864 у Рагачове працавалі 24 мануфактуры, 5 гарбарняў, 5 маслабойняў, 4 цагельні, ганчарны завод, 4 бровары, 5 крупарушак, 132 рамесьнікі. Увесну 1873 адбылася закладка мескага саду. На 1880 у Рагачове было каля 560 дамоў, працавалі 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і гарбарныя заводы. У 1884 дзейнічалі лякарня і аптэка. На 1896 — 948 двароў. У 1900 у месьце было 1157 жылых дамоў, 210 газавых ліхтароў, працавалі аптэка, бібліятэка, жаночая гімназія, з 1909 настаўніцкая сэмінарыя, 2 кнігарні, 2 друкарні, 5 канатных фабрык. У 1902 праз Рагачоў прайшла чыгунка Магілёў — Жлобін. На 1913 у месьце было 50 прадпрыемстваў з 185 працоўнымі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дняпро

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рагачоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[4], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Рагачоў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну (з 1938 у Гомельскай вобласьці). На 1934 у Рагачове працавалі лесапільня (з 1901), кардонная фабрыка (1913), ільнозавод (1932), электрастанцыя (1918), цагельня (1912), друкарня, электрычны млын, кавальская (1930), кравецкая (1927), шавецкая (1928), бандарная, кошыкавая і сталярна-мэблевыя майстэрні, цукеркавая арцель (1931), смалакурня (1929), хлебапякарня, 2 конныя крупарушкі і сьлясарня. Дзейнічалі настаўніцкі інстытут (у 1940 — 610 студэнтаў), школа мэдычных сясьцёр, 4 сярэднія і 7-гадовая школы, лякарня, паліклініка, 2 аптэкі. У Другую сусьветную вайну з 14 жніўня 1941 да 24 лютага 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1971 у Рагачове знайшлі манэтны скарб памерам у 1 тыс. старажытных манэтаў. 19 красавіка 2010 места ўзнагародзілі вымпэлам «За мужнасьць і стойкасьць у гады Вялікай Айчыннай вайны»[5].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульны выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сакральная архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грамядзянская архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 482.
  2. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  3. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 223.
  4. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  5. ^ Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 189 ад 19 красавіка 2010 г. «Аб узнагароджанні некаторых населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь вымпелам „За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны“»(недаступная спасылка)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]