Гісторыя Раства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гісторыя Раства
The Nativity Story
Жанр драматычны фільм[d] і калядны фільм[d]
Рэжысэр Кэтрын Гардўік
Сцэнарыст Майк Рыч
Прадусар Тобі Эмэрык
Марці Боўэн
Ўык Годфры
Кэйл Бойтэр
Кэтрын Гардўік
Майк Рыч
Тым Ван Рэлім
У ролях Кейша Касл-Г’юз
Шахрэ Агдашлу
Оскар Айзэк
Стэнлі Таўнсэнд
К’яран Гайндз
Хіям Абас
Шон Тоўб
Кампазытар Майкл Дана
Апэратар Эліёт Дэвіс
Мантаж Робэрт К. Лямбэрт
Ст’юарт Лэві
Вытворчасьць Temple Hill Entertainment
Распаўсюд New Line Cinema і Netflix
Дата выхаду 26 лістапада 2006
Працягласьць 101 хвіліна
Краіна ЗША
Мова ангельская
Бюджэт $35 мільёнаў
Прыбытак $46 432 264
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Гісто́рыя Раства́» (па-ангельску: The Nativity Story) — эпічны фільм 2006 року рэжысэркі Кэтрын Гардўік, заснаваны на біблійнай гісторыі Раства Хрыстовага. У галоўных ролях здымаліся Кейша Касл-Г’юз і Шахрэ Агдашлу, здымкі адбываліся ў Матэры, Крака, студыі «Cinecittà» ў Рыме (Італія) і Варзазаце (Марока)[1]. Прэм’ера фільму адбылася ў Ватыкане 27 лістапада 2006[2].

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільм пачынаецца з забойства немаўлятаў, намоўленага Ірадам. Далей фільм асэнсоўвае Дабравешчаньне і нараджэньне Ісуса Хрыста, каб вытлумачыць гэты ўчынак цара Ірада (К’яран Гайндз).

Падзеі фільму вяртаюцца на год да гвалту ў Бэтлееме, у Ерусалім дзе Захарыя (Стэнлі Таўнсэнд) падчас малітвы ў храме атрымлівае вестку ад анёла Габрыеля пра тое, што ягоная жонка неўзабаве народзіць сына. Захарыя ня верыць, бо ён ужо надта стары, таму Габрыель карае яго, пазбаўляючы здольнасьці размаўляць да тае пары, пакуль хлопчык не народзіцца.

Тым часам у Назарэце маладое дзяўчо Марыя (Кейша Касл-Г’юз) працуе ў полі, калі зьяўляюцца жаўнеры, што зьбіраюць падаткі. Адзін чалавек, які ня мае чым плаціць, вымушаны аддаць траціну сваёй зямлі і дачку, якая будзе прададзеная ў рабства. Тым часам бацькі знаёмяць Марыю зь ейным будучым мужам Язэпам зь Юдэі (Оскар Айзэк). Да яе зьяўляецца анёл Габрыель зь весткай пра тое, што яна стане цяжарнай сынам Божым, якога назаве Ісусам. Таксама Габрыель паведамляе пра цяжарнасьць ейнай цёткі Лізаветы (Шахрэ Агдашлу). Марыя просіць дазволу бацькоў і Язэпа наведаць Лізавету да збору ўраджаю, і ў Ерусаліме становіцца сьведкай нараджэньня Яна Хрысьціцеля, пасьля чаго да ягонага бацькі Захарыі вяртаецца мова. Марыя вяртаецца дадому цяжарная, шакуючы бацькоў і жаніха, бо пералюб паводле Закону мусіць быць пакараны сьмерцю камянямі. Сьпярша Язэп ня верыць у тлумачэньне Марыі пра цяжарнасьць, але пагаджаецца не вінаваціць яе ў здрадзе. Пазьней да яго зьяўляецца анёл Габрыель, які пацьвярджае Божы плян нараджэньня Сына праз Марыіна чэрава. Язэп стыдаецца свайго нявер’я і выбачае Марыю.

У гэты час цэзар Актавіян Аўгуст запатрабаваў правесьці ва ўсёй імпэрыі перапіс, дзеля чаго кожны мужчына разам зь сям’ёй мусіць вярнуцца ў месца, дзе нарадзіўся. Паколькі Язэп — наўпроставы нашчадак цара Давіда, ён вымушаны выправіцца ў 110-кілямэтровы шлях праз горы Палестыны з Назарэту ў родны Бэтлеем. Узяўшы Марыю і асла, ён праходзіць шлях за чатыры тыдні. На месцы ў Марыі пачынаюцца схваткі, і Язэп кідаецца шукаць прыстанак, аднак усе пакоі ў гатэлях ды хатах занятыя людзьмі, што таксама прыбылі на перапіс. У апошнюю хвіліну карчмар прапануе сям’і прытулак у стайні.

Далёка на Ўсходзе мудрацы — Гаспар, Мэльхіёр і Бальтасар — выпраўляюцца ў Юдэю, папярэдне высьветліўшы, што тры плянэты неўзабаве сыдуцца і ўтвораць вялікую зорку. Зорка накіроўвае іх у дарозе, мудрацы прыходзяць да цара Ірада і паведамляюць яму, што нарадзіўся Мэсія, які будзе Збаўцам «для найменшых зь людзей і найвышэйшых з цароў». Занепакоіўшыся, Ірад просіць мудрацоў пасьля высьвятленьня месцазнаходжаньня дзіцёнка вярнуцца да яго, каб ён таксама меў магчымасьць прывітаць яго (мудрацы ня ведаюць, што Ірад намысьліў забіць немаўля ад страху перад новым царом, які можа забраць ягоны сталец). Вешчуны прыходзяць да стайні, дзе Марыя трымае нованароджанага Ісуса, і адорваюць Дзіця золатам, ладанам і мірай.

Папярэджаныя анёлам у сьне, мудрацы вяртаюцца дадому, мінаючы Ірада. Калі той даведваецца пра гэта, адразу вырашае паслаць жаўнераў у Бэтлеем забіць усіх дзяцей, меншых за два гады. Язэпа папярэджвае анёл, які загадвае ўзяць сям’ю ды ўцякаць у Эгіпет, пакуль не сканае Ірад, а два ягоныя сыны (Ірад быў такім параноікам, што забіў сваіх жонак, сыноў і дачок) Архелай і Антыпа не пачнуць кіраваць падзеленым царствам — Архелай у Ерусаліме ды Бэтлееме, Антыпа — у Назарэце і Галілеі. У канцы фільму Язэп, Марыя і Ісус вяртаюцца, але не Бэтлеем, а ў Назарэт.

У ролях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Nativity (2006) Filming Locations (анг.). IMDBПраверана 2 сьнежня 2013 г.
  2. ^ Vatican Plays Host for ‘Nativity Story’ Premiere (анг.) // The New York Times Company, 27 лістапада 2006 г. Праверана 22 чэрвеня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]