Гісторыя Славаччыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Замак Сьпіскі Град, XIII стагодзьдзе

Гісто́рыя Слава́ччыны — гісторыя тэрыторыі сучаснай Славаччыны са старажытных часоў да нашых дзён.

Дагістарычны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палеаліт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя паселішчы на тэрыторыі сучаснай Славаччыны зьявіліся ўжо ў эпоху палеаліту. Гэтая вельмі працяглая эпоха, характарызуецца чаргаваньнем абледзяненьняў і міжледавікоўяў. Прысутнічаюць сьляды розных культур: ад алдувайскай да сьвідэрскай. У Сьпіскім Падградзьдзі быў знойдзены фрагмэнт чэрапа чалавека прамахадзячага (гэта частка згубілася падчас Другой сусьветнай вайны), потым самымі раньнімі зьвесткамі зьяўляюцца зьвесткі аб гэйдэльбергскім чалавеку. Найстарэйшыя знаходкі — нэандэртальцы, прытым самыя вядомыя — са стаянкі Ганоўцэ.

Мэзаліт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эпоха мэзаліту характарызуецца прыкметным адступленьнем ледавіка, мяжа якога ў тыя часы праходзіла па поўначы тэрыторыі сучаснай Славаччыны. Людзі сяліліся на пясчаных узвышшах.

Нэаліт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нэалітычная Вэнэра з Мораванаў (узрост — 22 800 гадоў)

Аб нэаліце, калі ўзьнікла земляробства, маецца больш зьвестак. Мяркуецца, што людзі культуры лінейна-стужачнай керамікі прыйшлі на тэрыторыю Славаччыны каля 5000 гадоў да нашай эры. Знойдзеныя рэшткі паселішчаў, могільнікі (напрыклад, у Нітры і Штурава), рэшткі керамікі, культавыя рэчы, напрыклад, жаночыя фігуркі («палеалітычныя Вэнэры») зь Нітранскага замку або Мораванаў-над-Вагам.

У тую эпоху на тэрыторыі Славаччыны былі прадстаўлены ў асноўным культура лінейна-стужачнай керамікі, жэлязоўская культура, букавагорская культура, пачыналася разьвіцьцё лэндзьелскай і полгарскай культур.

Энэаліт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эпоха энэаліту характарызуецца перш за ўсё пачаткам выкарыстаньня мэталаў (медзь і золата; найстаражытныя са знойдзеных медных прадметаў адносяцца да нэаліту), падзелам грамадзтва на пласты (рамесьнікі, земляробы, жывёлаводы, гандляры) і пачаткам меннага гандлю. Пазьней земляробства было ўдасканалена выкарыстаньнем сілы жывёл (зьявіліся прылады земляробства); ўзмацнілася роля мужчыны ў грамадзтве (патрыярхат).

У тыя часы перш за ўсё працягвалася разьвіцьцё лэндзьельскай і полгарскай культур, пазьней зьявілася бадэнская культура.

Бронзавы век[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэшткі валоў гарадзішча на Замчыску (Раньні бронзавы век — Латэнская эпоха)

У бронзавым веку, які характарызуецца пашырэньнем выкарыстаньня бронзы, на тэрыторыі Славаччыны было прадстаўлена мноства розных археалягічных культураў (унеціцкая, мадзьяраўская, атамані, адзінкавыя культуры курганных пахаваньняў, адзінкавыя культуры палей пахавальных урн, уключаючы лужыцкую культуру). Да гэтай эпохі адносяцца знойдзеныя бронзавыя сярпы, рэшткі драўляных пабудоваў без выкарыстаньня цьвікоў.

Гальштацкая эпоха[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жалезны век і яго тэхналёгіі прыйшлі на тэрыторыю Славаччыны каля 800 году да нашай эры, верагодна, з вобласьці Анатоліі і/ці Італіі. У гальштацкую эпоху ў Славаччыне, дзякуючы спрыяльным кліматычным умовам, разьвіваецца здабыча жалеза, цыны, золата і солі. Зьявіўся ганчарны круг. Працягваецца сацыяльная дыфэрэнцыяцыя. У тыя часы на тэрыторыі Славаччыны былі прадстаўлены гальштацкая (а менавіта календэрбэрская) культура, куштановіцкая (фракійцы) і вэкерцугская (верагодна, скіфы) культуры, на поўначы яшчэ існавала лужыцкая культура. Магчыма, на тэрыторыі Славаччыны ў гэты час жылі і кімерыйцы.

Протагістарычны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Латэнская эпоха і Рымская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рымскі надпіс на скале ў Трэнчыне

Яшчэ ў пачатку 1 тысячагодзьдзя ў Славаччыну прыйшлі кельты, якія звычайна асацыююцца з гальштацкай культурай і якіх можна лічыць першым вядомым этнасам на тэрыторыі Славаччыны. Кельты прыйшлі ў Карпацкую катлавіну з тэрыторыі Нямеччыны, Францыі і з Альпаў. Па прыбыцьці яны падпарадкавалі сабе мясцовае насельніцтва.

Да канца латэнскай эпохі яны пабудавалі некалькі ўмацаваньняў — опідумаў, напрыклад, Браціслаўскі. Большасьць зь іх жылі ў невялікіх умацаваных збудаваньнях, пабудаваных з дрэва, выкарыстоўвалі жалезныя замкі. Кельты былі выдатнымі рамесьнікамі — кавалямі, ганчарамі, земляробамі і гандлярамі; яны захоўвалі цесныя кантакты з грэцкай і рымскай цывілізацыямі, якія мелі вялікі ўплыў на іх культуру.

У канцы 2 стагодзьдзя да н. э. у Славаччыну прыйшлі і дакі, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Румыніі. У часы першага дацкага караля Бурабісты дакі засялілі і фактычна далучылі да Дакіі паўднёвую частку Славаччыны, адкуль яны выгналі частку кельтаў. У 10 годзе да н. э., аднак, рымляне перамаглі дакаў і прасунулі межы Рымскай імпэрыі на Сярэдні Дунай. Рымляне таксама заснавалі некалькі паселішчаў у заходняй Славаччыне. Дацкае насельніцтва зьнікла са Славаччыны прыкладна ў 1 ст. н. э., даўжэй за ўсё яно затрымалася на ўсходзе.

Ліквідацыю большай часткі кельтаў завяршыў напад германцаў з паўночнага захаду ў пачатку 1 ст. н. э. Аднак кельты ўтрымаліся на поўначы Славаччыны нават да 2 ст. н. э. (Коціны). Падчас Вялікага перасяленьня народаў у IV стагодзьдзі праз тэрыторыю Славаччыны праходзілі плямёны вэстготаў, остготаў, лянгабардаў і гепідаў.

Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыход славян і Вялікая Маравія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл у Копчанах (Славаччына) — адзіны ацалелы помнік Вялікай Маравіі

У V стагодзьдзі сюды прыходзяць славяне. У VI стагодзьдзі тэрыторыя трапляе пад уладу Аварскага каганата, а ў VII стагодзьдзі тут утвараецца імпэрыя Сама, стагодзьдзем пазьней тут узьнікла Нітранскае княства, якое ўвайшло ў 833 годзе ў склад Вялікай Маравіі. У 907 годзе на Вялікую Маравію напалі вугорскія плямёны, і Вялікая Маравія паступова распалася, да канца XI стагодзьдзя ўся тэрыторыя была далучаная да Вугоршчыны. У 1108 годзе загінула Нітранскае княства.

Славаччына ў складзе Вугоршчыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1241 годзе тэрыторыя Славаччыны трапіла пад мангола-татарскае нашэсьце. Яно аслабіла ўладу караля на тэрыторыі Славаччыны, і там тэрыторыяй кіравалі алігархі накшталт Матуша Чака. Умацаваць моцную каралеўскую ўладу змог толькі Карл Робэрт, які разьбіў алігархаў у бітве пры Розганаўцах. Сын Карла Робэрта, Людовік I Вялікі зрабіў нямала для ўмацаваньня краіны, і ў часы яго праўленьня Вугоршчына стала моцнай эўрапейскай дзяржавай. У часы Жыгімонта Вугоршчына зноў змагаецца з туркамі і гусітамі. Найбольш пацярпелай ад гусітаў вобласьцю стала як раз Славаччына, на тэрыторыі якой у 1467 годзе ў Вэлькім Касталяне Мацяш Гунядзі ў рэшце рэшт пабіў гусіцкія войскі «брацікаў». Пасьля паразы ад туркаў пад Мохачам ў 1526 годзе і сьмерці караля Лайошы II большая частка тэрыторыі Вугоршчыны, за выключэньнем заходняй Вугоршчыны, Славаччыны і Харватыі, апынулася ў складзе Асманскай імпэрыі, а непадуладныя туркам землі, Славаччына ў тым ліку, сталі часткай уладаньняў аўстрыйскіх Габсбургаў.

Славаччына пад уладай дынастыі Габсбургаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марыя-Тэрэзія

Пасьля паразы пад Мохачам у 1526 року на вугорскі сталец былі каранаваныя адразу два каралі — хаўрусьнік турак Ян Запальяі і аўстрыец Фэрдынанд I. Пачалася вайна паміж двума бакамі, якая скончылася мірам у Арадзі ў 1538 року. У 1536 годзе сталіцай Вугоршчыны стаў Прэсбург, а Эстэргамскае арцыбіскупства было перанесенае ў Трнаву. У гэты ж час туркі захапілі і паўднёвую Славаччыну. XVII стагодзьдзе прайшло ў барацьбе шляхціцаў са Славаччыны з аўстрыйскім імпэратарам. У 1605 року Іштван Бачкаі захапіў амаль усю Славаччыну, у 1606 годзе было падпісана перамір’е. У 1618 року Габар Бэтлен захапіў усходнюю Славаччыну, а ў 1619 року і заходнюю. У 1622 року было падпісана перамір’е. У 1643—1645 на тэрыторыі Славаччыны ішлі баі паміж габсбургскімі войскамі і мяцежнымі войскамі Дзёрдзя I Ракацы. У 1678—1687 Славаччына зноў стала арэнай бітваў, на гэты раз зь Імрэ Тэкэлі, а ў 1703—1711 адбылося апошняе паўстаньне — Фэрэнца II Ракацы.

У XVIII стагоддзі Славаччына, спустошаная векавой вайной шляхты з імпэратарам, пачала адбудоўвацца. Зьявіліся першыя мануфактуры — у Шашціне і Голічы, ізноў пачалася здабыча карысных выкапняў. Пазітыўна на эканоміку паўплывалі рэформы Марыі Тэрэзіі і яе сына Ёсіфа II. У гэты ж час пачынаецца і славацкае адраджэнне — у 1783 року зьяўляецца першая кніга, напісаная на славацкай мове сьвятаром Ігнацам Байзам. У 1790 Антон Бэрналак склаў першую граматыку славацкай мовы. Першыя будзіцелі(cs) (галоўным чынам лютэране) прытрымліваліся пункту гледжаньня, што чэхі і славакі зьяўляюцца адзіным народам. У 1847 Штур кадыфікаваў вэрсію славацкай мовы, блізкую да сучаснай, якая была ўхваленая двума лягерамі — як каталікамі, так і лютэранамі. Падчас Вугорскай рэвалюцыі 1848-49 рокаў Славацкая народная рада заклікала славакаў выступіць са зброяй у руках супраць вугорцаў і падтрымаць аўстрыйцаў. У 1867 року Аўстрыйская імпэрыя была ператвораная ў Аўстра-Вугоршчыну, і славацкія землі ўвайшлі ў склад вугорскай Трансляйтаніі, у выніку чаго ціск вугорскіх уладаў на славакаў узмацніўся. У 1875 року была распушчаная Маціца славацкая, а пазьней і іншыя нацыянальныя арганізацыі. У 1890-я гады ўзьнікла канцэпцыя чэхаславакізму, і славакі пачалі атрымліваць дапамогу ад чэхаў. У 1906 року ўзнікла першая славацкая партыя — умерана-нацыяналістычная Глінкава Славацкая Народная Партыя. Зьяўленьне славацкіх арганізацый узмацніла ціск з боку вугорцаў і выклікала спробы ўзмоцненай вугарызацыі славакаў, якія працягваліся аж да распаду Аўстра-Вугоршчыны ў лістападзе 1918 року.

Новы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У складзе Чэхаславаччыны і ў ваенны час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая рэспубліка

Да пачатку Першай сусьветнай вайны ў чэскіх і славацкіх палітыкаў склалася досыць ясная канцэпцыя будучай дзяржавы чэхаў і славакаў. Гэтая ідэя была прапанаваная расейскаму цару напачатку вайны, і ён ухваліў стварэньне Чэхаславацкіх легіёнаў. З чэскага боку галоўнымі прадстаўнікамі былі Томаш Масарык і Эдвард Бэнэш, а са славацкай — Мілан Штэфанік. У 1915 року Масарык афіцыйна прадставіў плян стварэньня Чэхаславаччыны ў Жэнэве. У кастрычніку гэтага ж году эмігранцкія арганізацыі чэхаў і славакаў у Кліўлэндзе падпісалі сумесную дэклярацыю. Канчатковае пагадненьне было падпісанае 31 траўня 1918 року ў Пітсбургу. Першы часовы ўрад засядаў у Парыжы. 28 кастрычніка 1918 року была абвешчаная незалежная Чэхаславаччына. 30 кастрычніка 1918 року Славацкая народная рада ў Марціне падпісала дэклярацыю аб уваходжаньні ў Чэхаславаччыну. 14 лістапада 1918 року прэзыдэнтам ЧСР стаў Томаш Масарык.

Першы славацкі ўрад засядаў у Скаліцы, потым у Жыліне. 4 лютага 1919 года сталіцай Славаччыны стала Браціслава.

Уваходжаньне Славаччыны ў Чэхаславаччыну мела шэраг пазітыўных фактараў. Было ўведзенае навучаньне на славацкай мове, у 1919 быў створаны ўнівэрсытэт Коменскага ў Браціславе, у 1922 годзе была ўведзеная абавязковая 8-гадовая адукацыя, 8-гадзінны рабочы дзень, былі дазволеныя славацкія палітычныя партыі і культурныя інстытуты накшталт Славацкай маціцы, у 1926 годзе было заснаванае Славацкае радыё, грамадзяне, старэйшыя за 18 гадоў, атрымалі права голасу, і гэтак далей. Тым ня менш, уваходжаньне мела і шэраг нэгатыўных фактараў. Так, шматлікія прадпрыемствы Славаччыны ня вытрымалі канкурэнцыі з чэскімі прадпрыемствамі, і ў Славаччыне, асабліва на ўсходзе, узмацнілася беспрацоўе, што выклікала масавую эміграцыю ў ЗША і Канаду (да 1937 року эмігравалі 104 тысячы чалавек), абяцаная аўтаномія не была прадастаўленая, непрыманьне выклікала і канцэпцыя чэхаславакізму, якая сцьвярджала, што чэхі і славакі — адзіны народ, а іхнія мовы — толькі дыялекты «чэхаславацкай мовы». Гэта ўзмацніла пазіцыі нацыяналістычных партый, у прыватнасьці Глінкавай Народнай партыі.

28 верасьня 1938 року было падпісанае Мюнхэнскае пагадненьне, 6 кастрычніка 1938 славацкія палітыкі ў Жыліне абвясьцілі аўтаномію Славаччыны ў рамках Чэхаславаччыны. Урад ЧСР быў вымушаны гэта ўхваліць і прызначыў Ёзэфа Цісу прэм’ер-міністрам аўтаномнага ўраду. 2 лістапада 1938 у выніку Венскага арбітражу Вугоршчына і Трэці райх адарвалі ад Славаччыны ейную паўднёвую частку. 13 сакавіка 1939 року Гітлер на сустрэчы зь Цісам прапанаваў яму абвясьціць самастойнасьць Славаччыны, у адваротным выпадку Славаччына была б падзеленая паміж Польшчай і Вугоршчынай. 14 сакавіка 1939 року была абвешчаная Першая Славацкая рэспубліка, а на наступны дзень нямецкія войскі акупавалі Чэхію, Маравію і чэскую Сілезію. У выніку Славацка-вугорскай вайны, якая доўжылася тыдзень у канцы сакавіка 1939 року, яшчэ частка тэрыторыі Славаччыны адышла да Вугоршчыыны.

Тэрытарыяльныя зьмены

Першая Славацкая рэспубліка была марыянэткавай дзяржавай, якая цалкам залежала ад Нямеччыны. Гэты факт выклікаў незадаволенасьць славакаў, на ўсходнім фронце многія славацкія жаўнеры пераходзілі на савецкі бок. Так, 30 лістапада 1943 року ля Мелітопалю на савецкі бок перайшлі 2000 жаўнераў. Калі Чырвоная армія наблізілася да межаў Славаччыны ў 1944 року, выбухнула Славацкае нацыянальнае паўстаньне, якое скончылася паразай. 21 верасьня 1944 року Чырвоная армія перайшла мяжу Славаччыны каля Мэдзілабарцаў. 4 красавіка 1945 року была вызваленая Браціслава, пасьля чаго Славаччына зноў стала часткай ЧСР.

У той жа час урад новай Чэхаславаччыны адмовіўся ад дактрыны «чэхаславакізму», былі захаваныя славацкія нацыянальныя органы, якія зьявіліся падчас паўстаньня — Славацкая нацыянальная рада на агульнаславацкім узроўні і нацыянальныя камітэты на месцах — з вызначанымі, хоць і абмежаванымі ўладнымі паўнамоцтвамі. Апублікаваная ў красавіку 1945 року новым чэхаславацкім урадам Кошыцкая праграма прызнала нацыянальную самабытнасьць славакаў, як прызнала і славацкія нацыянальныя органы, і прынцып адносін чэхаў і славакаў, ахарактарызаваны формулай «роўны з роўным». У выніку склаўся так званы асімэтрычны нацыянальна-дзяржаўны лад: чэская нацыя ня мела сваіх нацыянальна-дзяржаўных органаў, а славацкая мела, што азначала пэўную ступень нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі для Славаччыны. Такое становішча знайшло адлюстраваньне ў паваенных канстытуцыях Чэхаславаччыны 1948 і 1960 рокаў.

У 1946 року адбыліся першыя выбары. У Славаччыне іх выйграла Дэмакратычная партыя, на другім месцы апынулася Камуністычная партыя(sk). У лютым 1948 року адбыўся пераварот, у выніку якога ўладу ў дзяржаве атрымалі камуністы. 9 траўня 1948 року была прынятая канстытуцыя(cs), і па сьмерці Бэнэша прэзыдэнтам стаў Клемэнт Готвальд, пры якім Чэхаславаччына стала сацыялістычнай дзяржавай.

1 студзеня 1969 року пасьля набыцьця моцы Канстытуцыйным законам аб Федэрацыі(cs), які ператвараў Чэхаславаччыну ў фэдэрацыю дзьвюх роўных нацыянальных рэспублік, Славаччына стала нароўні з Чэхіяй адной з такіх рэспублік — Славацкай сацыялістычнай рэспублікай.

У 1989 року камуністычны рэжым быў зрынуты, тым ня меней у ЧСФР узрасталі супярэчнасьці паміж Чэхіяй і Славаччынай. Улетку 1992 року лідары рэспублік дамовіліся пра падзел краіны.

Незалежная Славаччына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 студзеня 1993 року ў выніку Аксамітавага разводу ўтварылася незалежная Славаччына. Да 1998 року прэм’ер-міністрам Славаччыны быў Уладзімір Мэч’яр, якога папракалі ў аўтарытарным стылі кіраваньня дзяржавай. За Мечыярам у Славаччыне, у адрозьненьне ад Чэхіі, не праводзілася ўсебаковая лібэралізацыя грамадзкага жыцьця і перш за ўсё эканомікі. Таксама Славаччына доўгі час ня ўдзельнічала ў актыўным збліжэньні з Захадам (як, напрыклад, Чэхія).

29 сакавіка 2004 Славаччына далучылася да НАТО, а 1 траўня 2004 — да Эўразьвязу. 1 студзеня 2009 Славаччына увайшла ў зону эўра.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Славаччынысховішча мультымэдыйных матэрыялаў