Гісторыя Слуцку

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Плян Слуцкай фартэцыі

Слуцак — старажытнае магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Наваградчыны), колішняя рэзыдэнцыя князёў Алелькавічаў. За Радзівіламі места стала цэнтрам вытворчасьці шаўковых паясоў, аднаго з сымбаляў беларусаў. У 1920 годзе ў ваколіцах Слуцку адбылося ўзброенае выступленьне ў абарону незалежнасьці Беларусі. Да нашага часу захаваліся барокавыя царква Сьвятога Міхала Арханёла і жылы корпус кляштару бэрнардынаў, клясыцыстычныя будынкі шляхецкага сходу, Трайчанскага манастыра і кальвінскай гімназіі, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мескія ўмацаваньні з трыма мураванымі брамамі, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама царква Сьвятой Тройцы, касьцёл Сьвятога Антонія, кальвінскі збор і сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі. Апроч таго, у месьце знаходзілася вялікая колькасьць помнікаў драўлянай сакральнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага.

Траецкая царква. Абраз XVII ст.

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква, XVII ст.

Першым пісьмовым упамінам пра Слуцак традыцыйна лічыцца запіс у «Аповесьці мінулых гадоў»: «В лѣто 6624. Приходи Володимеръ на Глѣба; Глѣбъ бо бѧше воевалъ Дрѣговичи и Случескъ пожегъ…»[1] Між тым, у розных гістарычных крыніцах існуюць ўпаміны Слуцку раней за 1116 год, якія ня маюць спасылак на дакумэнты: паводле зьвестак кіева-пячэрскага архімандрыта Ёсіфа Трызны (XVII ст.), Уладзімер Сьвятаславіч надаў Тураўскай япархіі ў 1005 годзе разам зь іншымі гарадамі і Слуцак[2]. Каля 1020-х гадоў у абмен на вайсковую падтрымку Кіева Менскі ўдзел быў перададзены Полацкаму княству, праз што Слуцак надоўга стаў памежным фарпостам Тураўскае зямлі, што цягам двух наступных стагодзьдзяў вызначала яго сувязі. У пачатку ХІІ ст. Слуцак з навакольлем некалькі разоў ваяваў Глеб Менскі, але беспасьпяхова.

У 1160 годзе Слуцак паводле запавету тураўскага князя Юрыя стаў сталіцай удзельнага Слуцкага княства, першым князем якога быў Уладзімер Мсьціславіч, унук Уладзімера Манамаха. Княжаньне яго доўжылася два гады, па чым яго зрынула група князёў, ачоленых Расьціславам Мсьціславічам, ягоным братам і кіеўскім князем. На кароткі час Слуцкае княства ўвайшло ў склад Тураўскага, але ў 1190-я гады канчаткова адасобілася ад іншых[2].

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект ратушы, 1650

У першай палове XIV ст. разам зь іншымі землямі сучаснай Беларусі ў склад Вялікага Княства Літоўскага ўвайшло і Слуцкае княства. Уладзімер Альгердавіч, брат Ягайлы, замест Кіеўскага княства атрымаў меней магутнае Слуцкае. Алелькавічы, нашчадкі Ўладзімера Альгердавіча, валодалі княствам у 1395—1612 гадох[2].

Вуліца Ўсьцінаўская. Касьцёл і кляштар бэрнардынаў

У XV ст. Слуцак стаў адным з буйных фэадальных гарадоў. Ён меў Верхні, Ніжні і Новы замкі. Узрасла ягоная роля і ў палітычным жыцьці Вялікага Княства Літоўскага. Гэтак, у 1433 годзе места было цэнтрам выступленьня незадаволеных фэадалаў супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча[3]. У 1481 годзе тут сплянавалі і распачалі выступленьне ўжо супраць Казімера Ягайлавіча[3].

У грамаце 1441 году кароль і вялікі князь Казімер пералічыў 15 найбольш буйных местаў Вялікага Княства Літоўскага, сярод якіх значыўся Слуцак. 21 красавіка 1441 году трэцім зь местаў сучаснай Беларусі яму надалі права на самакіраваньне паводле граматы[4]. Слуцак таксама стаўся першым прыватнаўласьніцкім местам, які атрымаў Магдэбурскае права, бо ўсе папярэднія знаходзіліся ў дзяржаўнай уласнасьці. Органам самакіраваньня зьяўляўся магістрат, ачолены войтам і бурмістрамі[3].

У 1502 годзе адбыўся першы набег татараў на Слуцак. Князь Сямён Алелькавіч з ваяводам падольскім Янам Бучацкім разьбілі загон татараў колькасьцю 150 чалавек (паводле зьвестак Хронікі Літоўскай і Жамойцкай — 1500)[5] на рацэ Вушы пад Бабруйскам[6]. У Хроніцы Быхаўца ёсьць зьвесткі на гэты конт:

Тою ж восеньню прыйшла вестка каралю Аляксандру, што татары, перайшоўшы раку Прыпяць, ваююць па воласьцях. І кароль напісаў да князя Сямёна Міхайлавіча Слуцкага і паслаў яму на дапамогу ваяводзіча падольскага Яна Бучацкага, а зь ім дваран сваіх літоўскіх ды рускіх і радцаў нямала. Князь жа Сямён Слуцкі з панам ваяводзічам і з усімі вышэйназванымі дваранамі гналіся за татарамі і дагналі некаторых за Бабруйскам, за шэсьць міляў ад гораду, на рацэ Ўшы. Было іх усяго паўтары сотні. І, дагнаўшы, пабілі іх і назад вярнуліся.

Хроніка Быхаўца, частка трэцяя

Царква Сьвятога Сімяона

5 жніўня 1506 году, у час аднаго з наступных набегаў, войска Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Міхалам Глінскім ўшчэнт разьбіла крымскіх татараў пад Клецкам.

Зарэчча. Касьцёл езуітаў, XVIII ст.

З 1507 году Слуцак увайшоў у склад Наваградзкага ваяводзтва, у гэты час тут быў замкавы суд і паспалітае рушаньне[7] У 1508 годзе князь Міхал Львовіч Глінскі ўчыніў фэадальны мяцеж, у час якога Слуцак быў спалены, акрамя замку. З прычыны разбурэньня места і зьнішчэньня большай часткі ягонага насельніцтва татарамі, а таксама паўстаньня князь слуцкі Сямён Алелькавіч адклікаў права на самакіраваньне[8].

Па сьмерці Юрыя Алелькавіча (1578 год) у 1582 годзе Слуцак падзялілі паміж сабой тры ягоныя сыны на тры часткі: Старое Места, Новае Места і Востраў (прадмесьце па-за мескімі ўмацаваньнямі) — у кожнай зь якіх быў свой князь і войт[9]. Такім чынам, места кіравалася трыма князямі і трыма войтамі. Слуцак быў зноў аб’яднаны ў 1592 годзе: па сьмерці Юрыя ў траўні 1586 году, Аляксандра — у чэрвені 1591 году і Яна Сямёна — у сакавіку 1592 году ўся спадчына дасталася маленькай дачцы Юрыя Соф’і, якую апякаў спачатку Юры, а потым яго брат Геранім Хадкевіч.

Пячатка магістрату

Соф’я, апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў[10], памерла 19 сакавіка 1612 году ў час родаў, нарадзіўшы нежывое дзіця[11], па чым уся маёмасьць перайшла да яе мужа Януша VI Радзівіла[12].

У траўні 1617 году адбылася закладка кальвінскай гімназіі, адкрытай у 1624 годзе[13]. У гэтым жа годзе таксама адкрылася школа для месьцічаў[13]. У 1630—1640 гадох Багуслаў Радзівіл ператварыў Слуцак у места-фартэцыю; пры княскім двары вёўся Слуцкі летапіс, была бібліятэка, на падставе кніжак і летапісу якой напісаў сваю «Хроніку» Мацей Стрыйкоўскі[14]

Трайчанскі манастыр. Н. Орда, 1864

На просьбу жыхароў Слуцку, перададзеную Багуславам Радзівілам каралю 27 жніўня 1652 году, места паўторна атрымала Магдэбурскае права, пацьверджанае 24 сакавіка 1653 году соймам Рэчы Паспалітай[15]. Згодна з прывілеем, Слуцку таксама надалі герб. Паводле адных зьвестак, гэта была «Пагоня» («у чырвоным полі на белым кані збройны рыцар імчыцца ўлева»[15]). Згодна зь іншымі крыніцамі, места атрымала герб «Пагоньчык» («у блакітным полі срэбны конь з крыламі; на чырвонай гуньцы пад княжацкай каронай манаграма Radzivil Dux»;[16] таксама разглядаецца вэрсія, што манаграма расшыфроўваецца як Boguslaus Radzivil Dux[17]), што таксама пацьвярджаецца знаходжаньнем гэтага гербу на мескай пячатцы ў XVII—XVIII стагодзьдзях[15].

Гімназія і збор на Сэнатарскай вуліцы. Н. Орда, 1864

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія войскі некалькі разоў спрабавалі захапіць места, але здабыць яго так і ня здолелі. Хоць сам Слуцак ня быў разбураны, аднак захопнікі спалілі і зруйнавалі ягоныя прадмесьці[15]. У той час грамадзка-палітычная сытуацыя ў Слуцку была нестабільнай, што прыводзіла да выступленьняў супраць уладаў места. Гэтак, у 1661 годзе мяшчанаў не задаволіла ўвядзеньне новага гандлёвага падатку[18]. У 1684, 1685, 1695 і 1699 гадох адбыліся выступленьні жыхароў[18].

З 1672 году ў Слуцку працавала друкарня, перавезеная сюды зь Мітавы. На ёй друкаваліся як кнігі рэлігійнага зьместу, гэтак і сьвецкая літаратура, календары, геаграфічныя даведнікі. У 1673—1687 гадох з друкарні выйшла 23 кнігі агульным накладам 24 200 асобнікаў[19]. Аднак у 1705 годзе яе перавезьлі ў Каралявец.

Гімназія, абмеры

На 1683 год у Слуцку працавала 16 рамесных цэхаў (у 1777 годзе — 18)[20]. У 1730—1740-я гады ў месьце ўзьніклі суконная, палатняная мануфактуры, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў. У XVII ст. у Слуцку зьявілася першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі аптэка[21].

20 сакавіка 1767 году ўтварылася Слуцкая канфэдэрацыя, мэтай якой было прымусіць Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўраўнаць у правах канфэдэратаў і каталіцкую шляхту[22]. Фактычна мэтай гэтай канфэдэрацыі, як і Торунскай пратэстанцкай і Радамскай каталіцкай канфэдэрацыяў, была дэстабілізацыя ўнутранага становішча Рэчы Паспалітай[22]. Канфэдэрацыю прыняла пад «найвышэйшую пратэкцыю» Кацярына II, расейская імпэратрыца.

У лістападзе 1791 году на базе Слуцкага княства ўтварыўся Случарэцкі павет у складзе Наваградзкага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Слуцкага павету

Па падпісаньні канвэнцыі аб другім падзеле Рэчы Паспалітай 23 студзеня [ст. ст. 12 студзеня] 1793 году Слуцак разам зь іншымі местамі Вялікага Княства Літоўскага апынуўся пад уладай Расейскай імпэрыі, дзе ў якасьці павятовага цэнтру ўвайшоў у склад Менскай губэрні[22]. Новыя ўлады пайшлі на паступовае выкараньне практыкі прыватнаўласьніцкіх местаў і мястэчак, што было неўласьціва самой Расеі[23]. Працэс набыцьця дзяржавай Слуцку цягнуўся амаль паўстагодзьдзя. Дамінік Радзівіл, уласьнік Слуцку ў пачатку XIX ст., прапанаваў міністру ўнутраных справаў Аляксею Куракіну(be) адкласьці выплату доўгу на 15 гадоў з дазволам набыць Слуцак. Але ў вайне 1812 году Д. Радзівіл перайшоў на службу да Напалеона і ўдзельнічаў у кампаніі супраць Расеі. Улетку 1813 году ўсю яго ўласнасьць сэквэстравалі, а 11 лістапада на бітве пад Ханаў Д. Радзівіл загінуў. У 1814 годзе ўсю маёмасьць вярнулі ягоным сваякам — дачка Стэфанія атрымала Слуцак і Капыль.

Вуліца Фарская. Фарны касьцёл

Па сьмерці Стэфаніі Радзівіл у 1832 годзе ўся маёмасьць, у тым ліку і Слуцак, перайшла да яе мужа — Людвіга Вітгенштэйна. Па некалькіх гадох перапіскі 10 сьнежня 1846 году места набылі ў дзяржаўны скарб за 342 821 рубель срэбрам[24].

У 1823 годзе зьявіўся плян забудовы Слуцку, які прадбачаў упарадкаваньне вулічнай сеткі, узьвядзеньне новых будынкаў, зьліцьцё цэнтру з ускраінамі. У 1831 годзе завяршылася будаваньне дзялянкі Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцак і павет (работы на самой шашы скончыліся ў 1846 годзе[24]).

У 1896 годзе распачалося будаваньне чыгуначнай лініі Асіпавічы — Слуцак, але на 1904 год лінію давялі толькі ад Асіпавічаў да Ўрэчча. Работы на чыгунцы скончыліся толькі ў 1915 годзе. Таксама існавала вузкакалейная чыгунка да Ляхавічаў[25]. Да гэтага пасажыры перавозіліся ў адных зь першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі аўтобусах. У часе выбараў ў 1909 годзео ў мескую рады абралі 10 праваслаўных, 4 каталікоў і 1 юдэй[26].

У лютым 1918 году ў ходзе Першай сусьветнай вайны нямецкія войскі занялі Слуцак. У тым жа годзе ў месьце дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт, адкрылася беларуская гімназія.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Халодная сынагога, 1921

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Слуцак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада, а жыхары Слуцку і Вязьненскай, Грэскай, Кіявіцкай, Круговіцкай, Ляхавіцкай, Пагосцкай, Пацейкаўскай, Раманаўскай, Слуцкай, Царэвіцкай і Цялядавіцкай воласьцяў Слуцкага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[27]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Слуцак увайшоў у склад Беларускай ССР. У гэтым жа годзе пачала дзейнічаць культурна-асьветніцкая арганізацыя «Папараць-кветка». 10 жніўня 1919 году Слуцак занялі польскія войскі, а 15 верасьня яго ўлучылі ў склад Грамадзкай управы Ўсходніх земляў (ГУУЗ), часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі; цэнтар павету Менскай акругі ГУУЗ. 19 кастрычніка 1919 году ў Слуцку адбыўся мітынг, на якім удзельнікі папрасілі далучыць Случчыну да міжваеннай Польскай Рэспублікі[28]. 15 ліпеня 1920 году Слуцак занялі бальшавікі.

У лістападзе — сьнежні 1920 году на Случчыне адбылося ўзброенае антыбальшавіцкае паўстаньне, мэтай якога зьяўлялася абарона незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі; Слуцкі збройны чын быў жорстка задушаны Чырвонай Арміяй. У 1924 годзе Слуцак стаў цэнтрам акругі і раёну. 27 верасьня 1938 году ён атрымаў статус места абласнога падпарадкаваньня. У Другую сусьветную вайну з 1941 да 30 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, у час якой дзейнічалі 3 лягеры сьмерці, агулам было зьнішчана звыш 25 тысячаў чалавек.

12 кастрычніка 1967 году ў Слуцку прайшлі масавыя хваляваньні, у час якіх быў спалены мескі суд. У 2003 годзе адбылося вяртаньне страчанага ў апошнюю вайну Слуцкага Эвангельля, якое ўпершыню трапіла ў Слуцак 22—24 траўня 2009 году.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трайчанскі манастыр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кальвінскі збор і гімназія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл і кляштар бэрнардынаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фара[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляныя цэрквы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Повѣсть временныхъ лѣт черноризца Федосьева манастыря Пачерьскаго
  2. ^ а б в Грыцкевіч 1985. С. 3—6.
  3. ^ а б в Грыцкевіч 1985. С. 7—9.
  4. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 21 красавіка 2012. — № 79 (27194). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Канановіч У., Набегі крымскіх татар на Случчыну(недаступная спасылка)
  6. ^ Грыцкевіч 1985. С. 10—11.
  7. ^ Грыцкевіч А. Слуцк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 589.
  8. ^ Ігар Ціткоўскі Загадкі слуцкага герба // Інфа-Кур’ер.
  9. ^ Грыцкевіч 1985. С. 12.
  10. ^ 890 год з часу першага летапіснага ўпамінання (1116) г. Слуцка
  11. ^ Святло далёкай зоркі
  12. ^ Грыцкевіч 1985. С. 14.
  13. ^ а б Грыцкевіч 1985. С. 129—130.
  14. ^ Семянчук А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі. — Горадня: ГрДУ, 2000. [1]
  15. ^ а б в г Грыцкевіч 1985. С. 17—20.
  16. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 234.
  17. ^ Кірыла Карлюк Манаграма князя Багуслава або загадка герба Слуцка // Наша Ніва. — 2011. — № 23.
  18. ^ а б Грыцкевіч 1985. С. 22—23.
  19. ^ Грыцкевіч 1985. С. 114—115.
  20. ^ Грыцкевіч А. Слуцк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 590.
  21. ^ Упершыню Слуцкі краязнаўчы музей за 50-гадовую гісторыю паказвае сваю археалагічную калекцыю. Тэлеканал «ЛАД».
  22. ^ а б в Грыцкевіч 1985. С. 28—29.
  23. ^ Владимир Иванов Последние владельцы Слуцка (рас.) Інфа-Кур’ер
  24. ^ а б Грыцкевіч 1985. С. 33—37.
  25. ^ Грыцкевіч 1985. С. 41.
  26. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 169.
  27. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  28. ^ Gierowska-Kałłaur J. Powiat słucki w raportach agentów Wydziału Werbunkowo-Zaciągowego Okręgu Mińskiego Zarządu Cywilnego Ziem Wschodnich w roku 1919(недаступная спасылка) // Annales UMCS: Historia. — Vol. 65, N. 2. — Warsaw: Versita, 2010. S. 134.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]