Гісторыя Чачэніі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Чачэнцы (саманазва — нохчый) зьяўляюцца карэнным насельніцтвам Цэнтральнага Каўказу. Разам з інгушамі, кістынцамі й бацбійцамі чачэнцы складаюць нахскую этнічную групу (саманазва — вайнахі), прыналежную да каўкаскае (ібэра-каўкаскае) моўнае сям’і.

Старажытнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самыя раньнія зьвесткі пра засяленьне тэрыторыі Чачэніі, па дадзеных археалёгіі, адносяцца да нэаліту (5-4 тыс. да н.э.). У бронзавым веку (3 тыс. — пачатак 1 тыс. да н.э.) практычна ўся тэрыторыя Чачэніі была засвоеная аўтахтонным насельніцтвам. Паводле меркаваньня археолягаў, антрапалягічны тып нахаў (у тым ліку чэчэнцаў) сфармаваўся ў эпоху позьняга масэнжу й раньняга жалеза пад уплывам кабанскае й каякенцка-харачоеўскае культураў (першая палова 1 тыс. да н.э.), што перасякаліся на тэрыторыі Чачэніі.

Дадзеныя лінгвістыкі ўсталёўваюць сваяцтва наскіх моваў з старажытнымі хурыта-ўрарцкімі мовамі (на гэтай аснове зьявіліся гіпотэзы пра тое, што пранаскіе плямёны дайшлі на Каўказ зь Пярэдняе Азіі й што продкі нахаў роднасныя насельніцтву старажытнае Армэніі). Асвоіўшы паўночныя схілы Каўкаскага хрыбту й стэпавую зону, вайнахі ўвайшлі ў кантакты із скіфскай і сармацкай качавымі супольнасьцямі. Ад IV ст. да н. э. этнічныя аб’яднаньні Чачэніі й Інгушэтыі кантактуюць з старажытнагрузінскім царствам.

У другой палове 1 тыс. да н. э. вайнаскае этнапалітычнае аб’яднаньне кантралявала Дар’яльскую цясьніну, празь якую праходзіў галоўны транскаўкаскі шлях, і ўяўляла пагрозу для закаўкаскіх дзяржаў, у першую чаргу для Картліі й Армэніі. Вайсковы паход сэлеўкідзкага цара Антыёха III у пачатку II ст. да н.э. прывёў да паразы й распаду вайнаскага аб’яднаньня.

Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У VIII-XII стст. раўнінная зона Чачэніі ўвайшла ў склад Аланскага дзяржаўна-племяннога зьвязу, што аб’ядноўваў некалькі паўночнакаўкаскіх этнічных групаў. У горнай частцы Чачэніі й Дагестану ў той самы час сфармавалася дзяржаўнае ўтварэньне Сарыр.

Да XI ст. вайнахі зьяўляліся палітэістамі й ушаноўвалі багоў мясцовага пантэону (Дэла, Сэла, боства сонца Малх). Былі распаўсюджаныя магія, знахарства, шанаваньне сьвятых гор, гаяў, дрэў і інш. У XI-XII стст. з Грузіі й Бізантыі ў Чачэніі распаўсюдзілася хрысьціянства ўсходняга абраду (праваслаўе). Грузінскія цары накіроўвалі на Паўночны Каўказ прапаведнікаў, сьвятароў, хрысьціянскую літаратуру, аказвалі дапамогу ў будаўніцтве хрысьціянскіх храмаў. Да XIII ст. хрысьціянства стала асноўнай рэлігіяй вайнахаў, а вайнаскіе супольнасьці ператварыліся ў асноўнага ваенна-палітычнага саюзьніка Грузінскага царства.

У першай палове XIII ст. Аланскае царства было разгромленае татара-мангольскімі войскамі (паходы Джэбэ й Субэдэя ў 1222 і Мэнгу-хана, а таксама царэвічаў Кадана й Буры ў 1238-1240). Землі Чачэніі былі ўключаныя ў склад Залатое Арды (улус Джучы). Нашэсьці заваёўнікаў выклікалі масавую міграцыю вайнахаў з раўнінных земляў у горы.

У XIV ст. ў горах Чачэніі й Інгушэтыі, вольных ад улады ардынскіх ханаў, паўстала дзяржава Этым-Сір (Сімсісм). Кіраўнікі Этым-Сіру, скарыстаўшыся паслабленьнем Залатое Арды, паступова распаўсюджвалі сваю ўладу на раўнінныя землі. У 1395 тэрыторыя Чачэніі падвергнулася нашэсьцю войскаў Тымура (Тамерлана), у выніку якога дзяржава Этым-Сір было разгромленая, а чачэнскае насельніцтва — ізноў выцесьнена ў горы.

У XV-XVI стст. адбывалася вяртаньне чачэнцаў на раўнінныя землі, у даліны Церака й яго прытокаў — рэк Сунжа й Аргун, а таксама ў Церска-Кумскую нізіну (да ракі Кума). На тэрыторыі Чачэніі паўсталі шматлікія фэадальныя валадарствы (княствы, ханствы, шамхальствы ды інш.), найболей буйныя зь якіх падпарадкоўвалі сабе сельскія абшчыны й дробных фэадалаў.

Чачэнскі вой

У гэты час у сувязі з падзеньнем Бізантыі й паслабленьнем уплыву Грузіі хрысьціянства ў Чачэніі прыйшло ў заняпад і адрадзіліся старыя палітэістычныя вераваньні. У XV-XVII стст. вайнахі вызнавалі "сынкрэтычную" рэлігію, у якой зьмешваліся хрысьціянскія й палітэістычныя абрады й вераваньні. Ад XIII ст. на тэрыторыю Чачэніі пранікаў іслам (праз Залатую Арду і Дагестан), які шырока распаўсюдзіўся сярод чачэнцаў у XVII-XVIII стст. У XVI-XVII стст. Каўказ стаў аб’ектам змаганьня Асманскае Турэччыны, Сэфэвідзкага Ірану й Масквы. Падчас распаўсюджваньняў уплыву Расеі на Паўночным Каўказе на чачэнскіх (акінскіх і гуноеўскіх) землях Прыцерачча ў другой палове XVI ст. паўсталі першыя казачыя селішчы. У 1577 было заснаванае Церскае казачае войска.

У канцы XVI-першай палове XVII стст. частка грамадзтваў раўніннае Чачэніі й Інгушэтыі патрапілі ў залежнасьць ад кумыцкіх і кабардынскіх фэадалаў. У пошуках абароны чачэнскія лідэры (фэадальныя валадары й выбарныя кіраўнікі грамадзтваў) зьвярталіся да маскоўскіх цароў з просьбамі аб прыняцьці расейскага падданства. З 1570-х адзін з найбуйнейшых чачэнскіх валадароў князь Шых-мурза Акоцкі (Акінскі) усталяваў цесныя сувязі з Масквой і ў 1588 прыняў расейскае падданства. Пасьля забойства Шых-мурзы й зьвяржэньні яго спадчыньніка Батая ў 1610 Акоцкае княства было захопленае кумыцкімі князьмі. У 1627, 1645 і 1657-1658 шэраг грамадзтваў усходняе Чачэніі прынялі прысягу на вернасьць Расеі, аднак у другой палове таго жа стагодзьдзя яны патрапілі ў залежнасьць ад кабардынскіх, кумыцкіх і тушэцкіх фэадалаў.

У сярэдзіне XVIII ст. ў выніку магутных антыфэадальных і вызваленчых паўстаньняў (1747, 1757-1758, 1760, 1783 гады) чачэнскія грамадзтвы выгналі іншаземных князёў і мясцовых валадароў. У Чачэніі паўстала супольнасьць вольных тэйпаў (родаў), якія кіраваліся выбарнымі "кхеламі" (радамі). Пытаньні агульнанацыянальнага значэньня вырашаў Мехк Кхел (Рада Краіны), у якім былі прадстаўленыя ўсё чачэнскія тэйпы.

Ходаньне з расейскімі захопнікамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Каўкаская вайна і Паўночна-каўкаскі імамат

Ад першае паловы XVIII ст., ад часу Пэрсыдзкага паходу Пятра І (1722), расейскі ўрад прадпрымае актыўныя спробы падпарадкаваць Чэчэнію. У 1757-1758, 1770, 1774, 1783 расейскія войскі зьдзяйсьнялі карныя паходы супраць чэчэнцаў. Ад 70-х гадоў таго жа стагодзьдзя на левым беразе Церака й па чэчэна-кабардынскай мяжы былі заснаваныя расейскія вайсковыя ўмацаваньні й казачыя станіцы, што сталі часткай Каўкаскае ваеннае лініі.

8 сакавіка 1785 чэчэнскі рэлігійна-палітычны дзеяч Шэйх Мансур (Ушурма) выступіў у паселішчы Алды з пропаведзьдзю газавату супраць расейскага войска на Каўказе. У чэрвені 1785 войска шэйха Мансура разьбіла расейскі карны аддзел палкоўніка П’еры, а ў ліпені-жніўні атачыла крэпасьць Кізьляр. Да восені паўстаньне распаўсюдзілася на тэрыторыю Кабарды й Дагестану. У лістападзе 1785 Мансур атрымаў паразу ў Кабардзе, а ў студзені 1787 аддзел палкоўніка Рэтындэра здушыў паўстаньне ў Чэчэніі. Улетку шэйх Мансур, які пайшоў за Кубань, узначаліў паўстаньне закубанскіх чэркесаў і нагайцаў, якое было падушанае ў кастрычніку таго году, а ў 1788-1789 кіраваў хваляваньнямі сярод заволскіх кіргіз-кайсакаў. У чэрвені 1791 Мансур фактычна ўзначальваў абарону турэцкае крэпасьці Анапа. Пасьля ўзяцьця Анапы расейскімі войскамі 21 чэрвеня 1791 шэйх Мансур патрапіў у палон і быў сасланы ў Шлісэльбурскую крэпасьць (памёр 13 красавіка 1794 у зьняволеньні).

Нягледзячы на задушэньне паўстаньня шэйха Мансура, расейская адміністрацыя Каўказу фактычна не змагла стварыць свае органы кіраваньня на тэрыторыі Чэчэніі.

Наступны этап расейскае калянізацыі Каўказу пачаўся ў 1801, калі Ўсходняя Грузія (Картлі-Кахетыя) маніфэстамі Паўла I (студзень) і Аляксандра I (верасень) была ўключаная ў склад Расеі.

Напачатку XIX ст. у Чэчэніі пачаўся новы рух супраць расейскае экспансіі, які ўзначаліў Бейбулат Тайміеў (18021807, 18101826). Антырасейскія хваляваньні ўзмацніліся пасьля прызначэньня ў 1816 камандуючым Каўкаскім корпусам і намесьнікам Каўказу генэрала А. П. Ярмолава, які прыступіў да ўмацаваньня расейскае ўлады шляхам атачэньня горскіх раёнаў кольцам вайсковых умацаваньняў і зьнішчэньня аулаў, што супраціўляліся. Карныя экспэдыцыі выклікалі цэлую сэрыю выступаў у Чэчэніі, Дагестане, Кабардзе, Кумыкіі ў 18191826, у тым ліку агульначэчэнскія паўстаньні 1821 і 18251826 пад кіраўніцтвам Б. Тайміева. Напрыканцы 1820-х у Дагестане паўстаў рэлігійна-палітычны рух, які пад лёзунгамі газавату й стварэньня Імамату (тэакратычнае дзяржавы) узначаліў змаганьне супраць расейскіх войскаў. У 1830 уплывовыя лідэры Ўсходняе Чэчэніі (Ічкерыі) прызналі ўладу дагестанскага імама (сьвецкага й духоўнага кіраўніка) Газы-Магамэда ды із сваімі прыхільнікамі далучыліся да яго войска. У 1832 паўстаньне ў Чэчэніі й Дагестане было задушанае, а Газы-Магамэд загінуў пры абароне Гімрынскае крэпасьці. У студзені 1833 імамам быў абвешчаны Гамзат-бэк, а пасьля яго згубы ў верасьні 1834Шаміль.

Ад сярэдзіны 1830-х Шаміль стварыў на тэрыторыі Дагестану магутнае дзяржаўнае ўтварэньне — Імамат. У 18351836 да Шаміля далучыліся кіраўнікі Ўсходняе й Паўднёвае Чэчэніі. Масавы ўдзел чэчэнцаў у руху Шаміля пачаўся ад зімы 18391840, калі расейскія войскі спрабавалі правесьці раззбраеньне насельніцтва Чэчэніі. Адным з наібаў Шаміля быў Юсуф-Хаджы Сафараў.

У 1840-1846 войска Шаміля, якія налічвалі каля 20 тыс. чалавек, атрымала шэраг буйных перамог над расейскім войскам; у цэлым тэрыторыя Імамата павялічылася ўдвая. Пасьля шэрагу няўдачаў шамілеўскіх войскаў у другой палове 1840-х горцы зноў актывізаваліся падчас Крымскае вайны 1853-1856. Аднак, узмацненьне расейскае вайсковае групы на Каўказе й унутраная крыза Імамату спрычыніліся да новых паразаў паўстанцаў.

Змаганьне горцаў пад кіраўніцтвам імама Шаміля працягвалася каля 30 гадоў. Да канца 1850-х сілы яго дзяржавы былі падарваныя бесьперапыннымі вайскоўвымі дзеяньнямі, эканамічныя рэсурсы былі зьнясіленыя, значная частка насельніцтва загінула ў бітвах й была зьнішчаная падчас карных экспэдыцыяў (гэтак, расейскімі войскамі былі практычна зьнішчаныя карабулакі (арстхойцы) — вайнаскі народ, які засяляў тэрыторыю сучаснага Сунжанскага раёну).

Ад другое паловы 1850-х расейская адміністрацыя ўзмацніла ваенны ціск на Імамат — расейскае войска на Каўказе павялічылася да 200 тыс. чалавек. У красавіку 1859 паў чэчэнскі аўл Ведзяно — галоўная рэзыдэнцыя Шаміля. 25 жніўня 1859 расейскія войскі ўзялі апошні прыстанак імама — аварскі аўл Гуніб. Шаміль здаўся ў палон і быў адпраўлены ў Расею на правох ганаровага палоннага.

На землях прычарнаморскіх чэркесаў вызваленчае змаганьне працягвалася да 1864. У Чэчэніі ў гэты час адбываліся лякальныя выступы (паўстаньні 1860-1861, 1864, 1877-1878).

У складзе Расейскае імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля "замірэньня" Чэчэнія была падзеленая на некалькі акругаў і ўключаная ў склад Церскае вобласьці. Да 1917 у Чэчэніі, як і ў іншых горскіх раёнах Паўночнага Каўказу, захоўвалася "ваенна-народнае" кіраваньне: на чале Церскае вобласьці стаяў наказны атаман Церскага казачага войска, падпарадкаваны Ваеннаму міністэрству, а акругі ўзначальвалі расейскія афіцэры.

Ад 1860-70-х расейская адміністрацыя пачала масавыя высяленьні чэчэнцаў з раўнінных земляў у Турэччыну (мухаджырства). На вызваленых тэрыторыях ствараліся казачыя селішчы, якія павінны былі адыгрываць ваенна-паліцэйскія функцыі (такім чынам, у прыватнасьці, паўстала Сунжанская казачая лінія й значная частка станіцаў Кізьлярскае казачае акругі).

Пасьля задушэньня буйнага паўстаньня 13 красавіка 1877-1878 на чале зь імамам Алібекам-Хаджы Алданавым у Чэчэніі ўзьнікае абрэцкі рух як своеасаблівая форма змаганьня супраць нацыянальнага й сацыяльнага прыгнёту. Абрэкі нападалі на прадстаўнікоў адміністрацыі й вайсковыя камандаваньні, рабавалі казачыя станіцы й сялібы расейскіх пасяленцаў, перашкаджалі правядзеньню сельгасработаў на адрынутых землях і г.д. У цэлым хваляваньні ў Чэчэніі не спыняліся ажно да пачатку XX ст, гэтак у 1901-1913 адбылося буйное паўстаньне на чале Зэлімханам Гушмазукаевым (памёр 13 верасьня 1913).

У 1880-1890-х Грозны перажыў эканамічны ўздым, зьвязаны з распрацоўкай нафтавых радовішчаў (Старыя здабычы). Напрыканцы XIX-пачатку XX стст. у горадзе актыўна разьвіваліся нафтаздабываючая, нафтапэрапрацоўчая й машынабудаўнічая прамысловасьць, Грозны стаў буйным індустрыяльным і транспартным цэнтрам. Адкрыцьцьё Нова-Грозьненскіх нафтавых здабычаў у 1913 выклікала "нафтавую ліхаманку" й новыя эканамічны ўздым. Бурнае разьвіцьцё прамысловасьці, гандлю й транспарту ў Грозным спрычынілася да ўцягваньня чэчэнцаў (у асноўным, жыхароў раўніннае часткі Чэчэніі) у гандлёва-прамысловую дзейнасьць і да зьяўленьня ў Чэчэніі пласту нацыянальнае буржуазіі зь ліку прадпрымальных прадстаўнікоў зямельнае арыстакратыі й удачлівых гандляроў.

Да пачатку XX ст. у чэчэнскім асяродзьдзі паўстаў невялікі пласт нацыянальнае інтэлігенцыі, якая стала арганізатарам грамадзкіх і асьветніцкіх групаў агульнадэмакратычнага характару й ініцыятарам грамадзкіх кампаніяў за правядзеньне лібэральна-дэмакратычных рэформаў. У 1905-1907 чэчэнскі асьветнік і грамадзкі дзеяч Таштамір Эльдарханаў быў дэпутатам 1-е й 2-е Дзяржаўнае Думы ад горскіх народаў Паўночнага Каўказу.

Спробы здабыцьця незалежнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лютаўская рэвалюцыя спарадзіла надзеі на нацыянальнае вызваленьне. У сакавіку 1917 ува Ўладзікаўказе паўстаў Зьвяз аб’яднаных горцаў, які абвясьціў сваёй мэтай стварэньне нацыянальнае аўтаноміі («штату») каўкаскіх горцаў у складзе Расейскай Фэдэратыўнае Дэмакратычнае Рэспублікі. У Чэчэніі, як і ў іншых горскіх абласьцёх, у якасьці органу нацыянальнага самакіраваньня быў створаны нацыянальны камітэт, што стаў мясцовым органам улады й кіравальным органам нацыянальнага руху.

Аднак, нявырашанасьць зямельнага пытаньня прывяла да аграрных хваляваньняў, якія дэзарганізавалі грамадзка-палітычнае жыцьцё Церскае вобласьці й увосень 1917 прывялі да масавых сутыкненьняў паміж чэчэнцамі й інгушамі, з аднаго боку, і казакамі й грозьненскімі чырвонагвардзейцамі, зь іншага. У лютым 1918 на заклік 1-га зьезду народаў Церака паміж бакамі, якія варагавалі, быў складзены мір, а ў сакавіку на 2-м зьезьдзе народаў Церака была абвешчаная Савецкая ўлада. На тэрыторыі Церскае вобласьці ў сакавіку-красавіку 1918 паўстала Церская Народная Рэспубліка, абвешчаная часткай РСФСР (фактычна Церская Народная Рэспубліка была аддзеленая ад РСФСР франтамі грамадзянскае вайны).

Увесну 1918 большасьць чэчэнцаў падтрымала савецкую ўладу, паколькі падчас аграрнае рэформы, праведзенай уладамі Церскае Народнае Рэспублікі, чэчэнскім грамадам была вернутая значная частка земляў, перададзеных царскай адміністрацыяй казакам і расейсскім пасяленцам. Разам з тым, нацыянальная эліта горскіх народаў выступіла з ідэяй стварэньня незалежнае дзяржавы на Паўночным Каўказе. У траўні 1918 у Тыфлісе кіраўнікі Зьвязу аб’яднаных горцаў на чале з чэчэнскім прадпрымальнікам і грамадзкім дзеячам Тапой (Абдул-Межыдам) Чармоевым абвясьцілі Горскую Рэспубліку (афіцыйны назоў — Рэспубліка Зьвяза горцаў Паўночнага Каўказу). У верасьні 1918 — лютым 1919 урад Горскае Рэспублікі, якую афіцыйна прызналі ўрады Турэччыны, Грузіі, Азэрбайджану й Кубані, дзейнічаў на тэрыторыі Дагестану й часткі тэрыторыі Чэчэніі.

У пэрыяд панаваньня на Паўночным Каўказе Добраахвотніцкае арміі генэрала А.І.Дзянікіна (люты 1919-сакавік 1920), які паставіў кіраўніком краіны Эрыса Хана Султана Гірэя Аліева (30 красавіка 1855-1920), Чэчэнія стала цэнтрам антыдзянікінскага руху пад лёзунгамі газавату й адраджэньня Імамату. У Горнай Чэчэніі паўстала тэакратычная дзяржава із сталіцай у в. Відэна — Паўночна-Каўкаскі эмірат на чале з эмірам-імамам шэйхам Узун-Хаджы. У сакавіку 1920 Чырвоная армія заняла тэрыторыю Чэчэніі , выгнала белагвардзейцаў і скасавала эмірат Узун-Хаджы, што зьяўляўся раней саюзьнікам бальшавікоў (сам Узун-Хаджы раптоўна памёр у красавіку 1920).

Кіраўнікі Паўночна-Каўкаскага Эмірату[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У складзе СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля перамогі бальшавікоў у нацыянальных і казачых раёнах Паўночнага Каўказу быў усталяваны рэжым "рэўкамаў", які адрозьніваўся тым, што замест Радаў працоўных і сялянскіх дэпутатаў, характэрных для Цэнтральнае Расеі, на Каўказе ствараліся "рэвалюцыйныя камітэты" (рэўкамы) з камуністых, прадстаўнікоў вайсковага камандаваньня й органаў ЧК. Рэўкамы павінны былі зьнішчыць уплыў нацыянальнае інтэлігенцыі й сьвятарства, а таксама спрыяць стварэньню мясцовых камуністычных і камсамольскіх арганізацыяў. Напачатку 1921 была створаная Горская АССР, у склад якое ўвайшла й Чэчэнія (Чэчэнская акруга). Горская АССР служыла часавым буфэрам паміж Савецкай Расеяй і незалежнымі рэспублікамі Закаўказьзя; пасьля акупацыі Закаўказьзя Чырвонай арміяй патрэба ў буфэры адпала.

30 лістапада 1922 з Горскае АССР вылучылася Чэчэнская аўтаномная вобласьць (ЧЭЧАВ). У 1924-1925 органы ГПУ і камандаваньне Паўночна-Каўкаскае вайсковае акругі пад кіраўніцтвам Паўночна-Каўкаскага крайкому РКП(б) правялі шэраг апэрацыяў па зьнішчэньні антысавецкіх групаў і па адхіленьні ад улады й зьнішчэньню найболей уплывовых прадстаўнікоў нацыянальнае інтэлігенцыі й музульманскага сьвятарства (апэрацыя 1925 рыхтавалася ў Палітбюро ЦК РКП(б), Рэўваенсавеце й АГПУ СССР; яе курыравалі сакратар ЦК РКП(б) В.М.Молатаў, намесьнік наркама па вайскоўвых і марскіх справах СССР Ё.З.Уншліхт і намесьнік старшыні ОГПУ Г.Г.Ягода). У 1925 быў арыштаваны й неўзабаве расстраляны "чырвоны" шэйх Алі Мітаеў, арыштаваныя сябры кіраўніцтва ЦВК ЧЭЧАВ, зьмешчаны з пасады кіраўнік ЧЭЧАВ Таштамір Эльдарханаў.

Напачатку 1929 у склад ЧЭЧАВ былі ўключаныя горад Грозны, які раней меў адмысловы статут, і Сунжанская казачая акруга. Меркавалася, што аб’яднаньне Грознага з Чэчнёй і Сунжай узмоцніць "партыяўны ўплыў" на чэчэнцаў і казакоў (у Грозным была моцная камуністычная арганізацыя).

У 1929 распачатая калектывізацыя прывяла да паўстаньня ў Чэчэніі, якое ўзначаліў Шытая Істамулаў. У 1930 пасьля няўдалае спробы здушыць сялянскія хваляваньні ўлады пайшлі на перамовы з паўстанцамі; у выніку кіраўнікі паўстаньня абяцалі спыніць узброенае змаганьне, а савецкія органы гарантавалі абарону ад самаўпраўнасьці падчас калектывізацыі. Увосень 1931 Шытая Істамулаў быў застрэлены агентамі ГПУ, а паўстанцкі аддзел узначаліў ягоны брат Хасан. Выступы сялянаў супраць калектывізацыі й самаўпраўнасьці мясцовых партыяўных службоўцаў і чэкістаў працягваліся да 1935.

Кіраўнікі Чэчэнскае Аўтаномнае вобласьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Яфрэм Аляксеевіч Эшба (7 сакавіка 189315 жніўня 1939), першы сакратар абкаму УКП(б) (1922 — да 1929)
  • Таштамір Эльдарханаў (1 красавіка 1870-1934), старшыня абласнога выканаўчага камітэту (да 1925)
  • Г. Булат, першы сакратар абкаму УКП(б) (19291930)
  • Васіль Рыгоравіч Ягораў (18994 ліпеня 1950), першы сакратар абкаму УКП(б) (1930 — ?)
  • Магамед Хасіевіч Амараў (1902 — ?), старшыня абласнога выканаўчага камітэту (19321934)

У складзе Чэчэна-Інгушэтыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Чачэна-Інгуская АССР, Дэпартацыя чачэнцаў і інгушаў і Грозьненская вобласьць

15 студзеня 1934 Чэчэнская й Інгуская аўтаномныя вобласьці былі аб’яднаныя ў адзіную Чэчэна-Інгускую АВ (ЧІАВ). Горад Уладзікаўказ, дзе разьмяшчаліся рэзыдэнцыі ўраду Інгушэтыі й Паўночнае Асеціі, быў перададзены Паўночна-Асяцінскай АВ; цэнтрам Чэчэна-Інгушэтыі стаў Грозны. 5 сьнежня 1936 ЧІАВ была ператвораная ў Чэчэна-Інгускую АССР (ЧІАССР).

У 1944 ЧІАССР была зьліквідаваная, а чэчэнцы й інгушы былі прымусова выселеныя ў Казахстан і Кыргызстан. На месцы рэспублікі паўстала Грозьненская вобласьць, частка тэрыторыі была перададзеная Паўночна-Асяцінскай АССР, Дагестанскай АССР, Грузынскай ССР і Стаўрапальскаму краю РСФСР.

9 студзеня 1957 загадамі Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету СССР і Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету РСФСР Чэчэна-Інгуская АССР была адноўленая.

Здабыцьцё й страта незалежнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя, Першая расейска-чачэнская вайна і Другая расейска-чачэнская вайна
Баі побач з палацам прэзыдэнта. Грозны, студзень 1995. Фота Міхаіла Яўстаф’ева.

Напрыканцы 1980-х пачаўся працэс дэмакратызацыі й нацыянальнага адраджэньня ў выніку чаго была абвешчаная незалежная Чэчэнская Рэспубліка.

Гэта спрычынілася да ўварваньня ў сьнежні 1994 на тэрыторыю рэспублікі расейскіх войскаў і пачатку Першае Чачэнскае вайны. Паводле Хасаўюрцкіх пагадненьняў Чэчэнія была фактычна прызнаная незалежнай, але ўварваньне ісламскіх тэрарыстаў ў 1999 з тэрыторыі краіны ў Дагестану прывяло да пачатку Другое Чачэнскае вайны, у выніку чаго Чэчэнія была захопленая й улада ў краіне перайшла да прарасейскае адміністрацыі. Паводле апублікаваных Дзяржрадай Чэчэніі дадзеных, у 19912005 у краіне загінула 160 тыс. чалавек.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]