Гісторыя Шацілавічаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прывілей Жыгімонта Аўгуста на Шацілінскі Востраў

Шаці́лавічы або Шаці́лкі — старажытная вёска гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся драўляны касьцёл Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Дапісьмовая гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сопла печкі-домніцы з раскопак у Шацілавічах. Каля XIII ст.

Паводле археалягічных раскопак, паселішча на месцы сучаснага гораду існавала з VI—VII ст. З XIII стагодзьдзя, згодна з археалягічнымі зьвесткамі, паселішча існуе непарыўна[1]. У VIII—X стагодзьдзях гэтая мясцовасьць знаходзілася ў землях плямён дрыгавічоў, у якіх склалася Тураўскае княства (вядомае з 980 году). У XII стагодзьдзі Тураўская зямля была падзелена на ўдзелы, і ў ніжняй плыні ракі Бярэзіны ўзьнікла Сьвіслацкае княства. У сярэдзіне XIV стагодзьдзя яно ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле пісьмовых крыніцаў, населены пункт вядомы з 15 ліпеня 1560 году як вёска ў Вялікім Княстве Літоўскім, у якой быў маёнтак Шацілінскі Востраў[2]. Як сьведчыць прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста, выдадзены ў Варшаве, маёнтак (па-польску: Ostrow Szatylinski, Востраў Шатылінскі) пасьля папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадаваўся зямяніну Ждану Манкевічу за выкананьне вайсковай службы[3]. У 1566 годзе паселішча ўвайшло ў створаны Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва.

З 1 ліпеня 1569 году ў выніку аб’яднаньня ВКЛ і Польскага каралеўства — у Рэчы Паспалітай. 25 лютага 1576 году Ждан Манкевіч згадваецца ў лісьце караля і вялікага князя Стэфана Баторыя пра тое, што шляхта Рэчыцкага павету павінна несьці службу ў замку г. Чачэрску, і не прыцягвацца да іншых павіннасьцяў[4].

У 1634 годзе шляхціч Пётар Сулятыцкі падараваў дзялянку зямлі езуітам, якія збудавалі тут каля 1650 году драўляны касьцёл, утрымлівалі місіянэрскі пункт[5]. У 1639 годзе сяло Шацілавічы — у так званым Парыцкім двары Бабруйскага староства Рэчыцкага павету, мае 17 сялянскіх двароў (у вопіс ня ўносіліся шляхецкія двары)[6]. У вопісе 1684 году ў Шацілавічах шляхецкі двор Манкевічаў і 3 сялянскія двары[7].

Герб Манкевічаў «Любіч»

У 1744 годзе ў сьпісе каталіцкіх парафіяў значацца Шацілкі, у Карпілавіцкай парафіі Бабруйскага дэканату Віленскай дыяцэзіі[8]. У 1766 годзе ў Шацілавічах упамінаецца мытны страж, які адносіўся да Глускай галоўнай мытнай каморы[9].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Парыцкай воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні (у 1795—1796 гг. называлася Менскім намесьніцтвам). У 1795 годзе ўпамінаюцца вёска і ваколіца Шацілкі, у якіх разам было 30 двароў[10]. У 1800 годзе ў Шацілавічах было 20 шляхецкіх і 3 сялянскія двары, дарослае насельніцтва складала 88 мужчын і 102 жанчыны. Праваслаўны прыход адносіўся да Сьвята-Петра-Паўлаўскага храма ў вёсцы Чыркавічы (1879)[11]. У 1890 годзе — 49 двароў, прыстань[12].

У пачатку XX ст. Шацілавічы вядомыя як ваколіца (680 жыхароў, 70 двароў) і маёнтак (33 жыхары, 1 двор). У 1915 годзе побач праведзена чыгунка і ўтворана станцыя Шацілкі[13]. У 1916 годзе ў Шацілавічах ўпамінаецца аднаклясная народная вучэльня[14]. Паводле перапісу 1917 году, у ваколіцы Шацілках 685 жыхароў, у маёнтку — 6, на чыгуначнай станцыі — 66 жыхароў, 13 двароў.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыгуначная станцыя, да 1941 г.

З 25 сакавіка 1918 году Шацілавічы — у абвешчанай Беларускай Народнай Рэспубліцы; з 1 студзеня 1919 году — у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, з 27 лютага 1919 году — у Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Падчас савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў занятыя польскімі войскамі з 6 сакавіка па 9 ліпеня 1920 году[15]. З 31 ліпеня 1920 году — зноў у адноўленай БССР, якая ўваходзіла з 30 сьнежня 1922 да 26 сьнежня 1991 году ў СССР, з 19 верасьня 1991 году — Рэспубліка Беларусь.

У 1921 годзе Менская губэрня была скасавана, а яе паветы (у тым ліку Бабруйскі) сталі ўваходзіць непасрэдна ў БССР. 20 жніўня 1924 году воласьці (у тым ліку Парыцкая) і паветы скасаваны. З гэтага дня мястэчка Шацілавічы — цэнтар сельскага Савету (да 1960 году) ва ўтвораным Парыцкім раёне[16], які ўваходзіў у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 году), а затым: ад 20 лютага 1938 году — у Палескай, з 20 красавіка 1944 году — у Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 году — у Гомельскай вобласьці. Чыгуначная станцыя Шацілкі была ўключана ў Чыркавіцкі сельсавет Парыцкага раёну.

У 1924 годзе ў Шацілавічах адкрылася пачатковая школа з габрэйскай мовай навучаньня (65 вучняў, цяпер — школа № 2). У 1926 годзе дзейнічалі 2 ваўначоскі, паравы млын, крупарушка. У 1920-я — 1930-я гады Шацілавічы — адзін з цэнтраў лесасплаву на р. Бярэзіне. У 1929—1932 гадох на базе кузьні створана суднабудаўнічая арцель, якая затым пераўтворана ў верф (цяпер — завод зборнага жалезабэтону). 27 верасьня 1938 году мястэчкі як тып населеных пунктаў былі скасаваныя, і м. Шацілавічы аднесена да вёсак. У час Вялікай Айчыннай вайны Шацілавічы пакінуты савецкімі войскамі 7 жніўня 1941 году, акупаваны нямецкімі войскамі да 27 лістапада 1943 году, на суднаверфе і чыгуначнай станцыі дзейнічалі антыфашысцкія падпольныя групы.

У 1954—1958 гадох у Шацілавічах пабудавана Васілевіцкая ДРЭС[a] (цяпер — Сьветлагорская ЦЭЦ). 30 сьнежня 1956 году вёска Шацілавічы пераўтворана ў гарадзкі пасёлак[17], з 9 чэрвеня 1960 году — цэнтар Парыцкага раёну. 29 ліпеня 1961 году гар. п. Шацілавічы пераўтвораны ў горад Сьветлагорск, а Парыцкі раён перайменаваны ў Сьветлагорскі[18]. З 7 сакавіка 1963 па 4 студзеня 2002 году горад меў абласное падпарадкаваньне.

Паселішчы, уключаныя ў в. Шацілавічы (г. Сьветлагорск)
Год Назва Зь якога сельсавету Спосаб уключэньня
1939 пасёлак Арэхаўка Чыркавіцкі Сьсяленьне
1939 хутар Зайванеў Чыркавіцкі Сьсяленьне
1930-я гг. пас. Краснае Знамя няма звестак Далучэньне
няма звестак пас. Прабуджэньне Шацілавіцкі Далучэньне
1966 чыгуначная станцыя Шацілкі Чыркавіцкі Далучэньне[19]
1975 в. Сьветач (да 1964 году Какаль, гіст. Какель) Чыркавіцкі Далучэньне[20]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назва па радовішчы торфу каля г. Васілевічы Рэчыцкага раёну

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Рассадин С. Е. О некоторых находках 2008 г. на Шатилинском Острове // Исследования по истории Восточной Европы: научный сборник. — Вып. 1. — Мн., 2008. — С. 234—236.(недаступная спасылка)
  2. ^ Маслюкоў Т. З гісторыі Шацілавічаў // Гомельшчына: старонкі мінулага. ІІ выпуск. Гомель, 1996. С. 23.
  3. ^ Маслюкоў Т. В. Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы — старажытныя шляхецкія роды Беларусі // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 47—49.
  4. ^ Маслюкоў Т. Студэнт са Светлагорска выявіў невядомыя звесткі па гісторыі свайго горада // Светлагорск — рэгіянальны партал. 2008. 3 кастрычніка.
  5. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 754.
  6. ^ Кернажыцкі К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да паловы XIX ст. Менск, 1931.
  7. ^ Рассадзін С. Я. Аб пісьмовых крыніцах пра гістарычныя пачаткі сучаснага Светлагорска
  8. ^ Diecezja Wilenska, 1744 // Suwalskie Towarzystwo Genealogiczne im. prof. J. Wisniewskiego.  (пол.)
  9. ^ Доўнар А. Стан дарог і дарожных камунікацый Рэчыцкага павета (1765—1766 гг.) // Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні. Гомель, 2005. С. 220—225.
  10. ^ Дулеба Г., Курыловіч Г. Светлагорск // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Беларусь, 2003. С. 741—742.
  11. ^ Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 77—85.
  12. ^ Jelski A. Szaciłki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 755.
  13. ^ Киштымов А. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Гістарычны альманах. Т. 7. 2002
  14. ^ Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 112—113.
  15. ^ Краўцоў І., Хоміч А. У віхуры грамадзянскай вайны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 1. — Мн., 2000. С. 121—133.
  16. ^ Камінскі М., Пятросава А. Светлагорск // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. Мн., 1985, с. 334.
  17. ^ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 снежня 1956 г. «Аб пераўтварэнні вёскі Шацілавічы Парыцкага раёна Гомельскай вобласці ў гарадскі пасёлак».
  18. ^ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 29 ліпеня 1961 г. «Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Шацілавічы ў горад раённага падпарадкавання і перайменаванні Парыцкага раёна Гомельскай вобласці».
  19. ^ Дулеба Г., Курыловіч Г. Аб населеных пунктах, якія ўжо не існуюць ці перайменаваны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Беларусь, 2003. С. 742—748.
  20. ^ ПРАЧ, С. Мінулае сяла Чырковічы // Агні камунізму. 1982. 15 чэрвеня. С. 3.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Шацілавічаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў