Гісторыя Шклова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панарама места. Гравюра, XVIII ст.

Шклоўмагдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся комплекс дамініканскага кляштару (барока, XVII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі і царква Ўваскрасеньня Хрыстова (магілёўскае барока, XVII ст.), зьнішчаная савецкімі ўладамі.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб места, 1780-я гг.
Панарама места. Ю. Пешка, каля 1800 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Шклоў зьмяшчаецца ў «Запісках» З. Гербэрштэйна і датуецца 1520 годам[1]. Даўняе паселішча знаходзілася на месцы сучасных вёсак Стары Шклоў і Хоцімка. У XVI—XVІI стагодзьдзях у Шклове існаваў магутны замак і мескія ўмацаваньні. З 2-й паловы XVI ст. места стала сталіцай графства. У 1619 годзе ваявода троцкі Аляксандар Хадкевіч фундаваў у Шклове кляштар дамініканаў. На 1643 год у месьце налічвалася 850 дамоў, на 1650 год — 1220[1].

Старое Места, 1736 г.

Упершыню маскоўскія войскі спалілі Шклоў у 1535 годзе[1]. У Інфлянцкую вайну захопнікі тройчы (у 1562, 1564 і 1581 гадох) палілі места[1]. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе жыхары Шклова вытрымалі маскоўскую аблогу, але пазьней здалі места; улетку 1655 году ў Шклове разьмясьцілася часовая стаўка цара маскоўскага Аляксея Міхайлавіча. Толькі ў 1660 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места, аднак неўзабаве ягоныя жыхары вытрымалі яшчэ адну маскоўскую аблогу. На 1661 год у Шклове засталося толькі 490 будынкаў[1]. У 1666 годзе маскоўскія войскі зноў захапілі Шклоў (акупацыя працягвалася да 1667), мясцовую шляхту за «здраду» прымусова вывезьлі ў Казань[1].

У выніку ваенных спусташэньняў у канцы XVI ст. адбыўся перанос Шклова на цяперашняе месца (паводле беларускага гісторыка М. Ткачова ў 1580 годзе або, паводле іншых зьвестак, па 1668 годзе). За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе расейскія войскі зруйнавалі Шклоў за дапамогу швэдам. У 1731 годзе мясьціна перайшла ў валоданьне Чартарыйскіх. На 1739 год тут дзейнічалі 2 царквы. 10 красавіка 1762 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Шклову Магдэбурскае права, пячатку і герб: «у блакітным полі рука, якая трымае срэбны бязьмен»[2]. У 1769 годзе па тым, як вялікі пажар зьнішчыў амаль 300 дамоў Старога места, пачалося ўзьвядзеньне Новага Места (сучасная тэрыторыя Шклова).

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайсковая школа, XIX ст.
Сынагога. І. Рыбак, 1917 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Шклоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1773 годзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай правінцыі, пазьней губэрні. Аднак у 1777 годзе расейскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка, якое стала цэнтрам воласьці Магілёўскага павету. У 1778 годзе колішняе магдэбурскае места перадалі ў валоданьне расейскаму вайскоўцу С. Зорычу, які заснаваў тут музычныя школы. У канцы XVIII ст. у Шклове працавалі шаўковая мануфактура (38 работнікаў у 1797 годзе) і гадзіньнікавая фабрыка, а таксама канатнае (у 1790—1799 гадох), парусінавае (у 1794—1845 гадох), гарбарнае (53 работнікі ў 1796 годзе) і суконнае (108 работнікаў у 1797 годзе) прадпрыемствы. У трупе прыгоннага тэатру (існаваў у 1788—1800 гадох) былі сьпевакі, танцоры, драматычныя акторы і музыкі-інструмэнталісты. На пачатак ХІХ стагодзьдзя Шклоў быў важным гандлёвым цэнтрам, прыстаньню на Дняпры. У 1827 годзе тут штогод праводзіліся 2 кірмашы. З другой паловы 1820-х гадоў мястэчка пачынае губляць сваё ранейшае эканамічнае значэньне.

На 1848 год у Шклове было 1158 двароў, мураваныя 2-павярховы жылы дом, мужчынскі манастыр і будынак былога дамініканскага кляштару, драўляныя царква і касьцёл, на 1861 год — 1515 дамоў, штогод праводзіліся 3 кірмашы. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню. У 1870-я гады працавалі крупадзёрка, цагельны завод, завод вытворчасьці шроту, 5 ткацкіх прадпрыемстваў. На пачатак 1880-х гадоў у Шклове было 872 дамы, у тым ліку 11 мураваных, 203 крамы (154 мураваныя), 7 ткацкіх, 2 цагельныя, вінакурнае і воўнаткацкае прадпрыемствы, кафельны завод, аптэка. Насельніцтва займалася кавальскіх, кравецкіх і шавецкіх промысламі. У 1898 годзе А. Крывашэін заснаваў кардонавую фабрыку. У пачатку ХХ стагодзьдзя празь места прайшла чыгунка Ворша — Магілёў, каля яе ў 1906 годзе пачаў працаваць лесапільны завод «Дняпро».

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шклоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР[3]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Шклоў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У 1925 годзе паселішча зноў атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну зь сярэдзіны ліпеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

26 ліпеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычнага гербу Шклова[4].

14 сьнежня 2007 году ў склад гораду ўвайшлі вёскі Малое Зарэчча Гарадзецкага сельсавету, а таксама Маладзёжная і Рыжкавічы Рыжкавіцкага сельсавету[5]. 20 лістапада 2013 году ў склад гораду ўвайшла вёска Вялікае Зарэчча Гарадзецкага сельсавету[6].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старая графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старое Места[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцельная вуліца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рынак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Шкловасховішча мультымэдыйных матэрыялаў