Гісторыя расейскай мовы ва Ўкраіне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гісторыя расе́йскай мовы ва Ўкраі́не (па-ўкраінску: історія російської мови в Україні) — гістарычныя падзеі адносна гісторыі Ўкраіны, якія спрычыніліся да ўзьнікненьня носьбітаў расейскае мовы на сучаснай тэрыторыі краіны.

Першыя згадкі пра наяўнасьць на тэрыторыі сучаснай Украіны расейскамоўнага насельніцтва адносіцца да невялікае этнічнае групы расейцаў — гаруноў, якія пасяліліся ў сучасным Пуціўльскім раёне Сумской вобласьці. Групы гэтых насельнікаў пасяліліся ва Ўкраіне, верагодна, яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага або нават раней[1].

Перасяленьне расейцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Украінская мова на аўстра-вугорскіх і расейскіх тэрыторыях Украіны паводле перапісаў 1897—1910 гг.

Першыя хвалі расейскіх перасяленцаў ва Ўкраіне прыпадаюць на канец XVI стагодзьдзя, калі расейскія перасяленцы пачалі займаць Слабажаншчыну (паўночны ўсход Украіны), прыходзячы на гэтыя тэрыторыі наўзамен татарскім плямёнам. Расейскія перасяленцы, аднак, былі ў меншасьці ў параўнаньні з украінцамі, якія ратаваліся ад жорсткіх умоваў у сучаснай заходняй Украіне[2]. Іншае расейскамоўнае насельніцтва пачало зьяўляцца напрыканцы XVII ст. на поўначы, поўдні й усходзе Ўкраіны пасьля паўстаньня Багдана Хмяльніцкага. Пасьля Пераяслаўскай Рады, паводле якой поўнач і ўсход Украіны апынуліся ў складзе Маскоўскае дзяржавы, у цэнтральнай частцы Ўкраіны крыху павялічылася дзель расейцаў: так, у першую чаргу прыбыло некалькі тысячаў салдатаў — у параўнаньні, не-расейскае насельніцтва складала каля 1,2 млн чал.[2][3] Хоць колькасьць расейскіх перасяленцаў ва Ўкраіне заставаўся маленькім да XVIII ст., мясцовая арыстакратыя пачала пераходзіць на расейскую мову як прэстыжную мову дзяржавы.

Пачынаючы з XVIII ст. вялікая колькасьць расейцаў перасялілася на нядаўна адваяваныя землі поўдня Ўкраіны, вядомыя ў тагачаснай Расеі як «Наваросія» (літаральна Новая Расея). Да XVIII ст. гэтыя землі ў значнай ступені былі пустымі праз сталую пагрозу татарскіх набегаў, але па ліквідацыі татарскае дзяржаўнасьці расейскія дваране атрымалі вялікія ўчасткі ўрадлівых зямель. Гэтыя землі араліся сялянамі-перасяленцамі і, нягледзячы на параўнальна вялікую колькасьць этнічна расейскіх перасяленцаў, большую частку новых жыхароў Наваросіі склалі ўкраінцы[4].

У ХІХ ст. гарады тагачаснай Расеі, у тым ліку й украінскія гарады, зазналі рэзкае павелічэньне свайго насельніцтва, расейцы пачалі пераяжджаць у новыя індустрыяльныя гарады або гарады, што на той момант зьведвалі рост. Гэты працэс выклікаў прцягненьне найбуйнейшых гарадоў Украіны ў расейскамоўнае грамадзтва, да пачатку ХХ ст. расейцы былі самай буйной этнічнай групай амаль ва ўсіх вялікіх украінскіх гарадох: Кіеў (54.2%), Харкаў (63.1%), Адэса (49.09%), Мікалаеў (66.33%), Марыюпаль (63.22%), Луганск (68.16%), Хэрсон (47.21%), Мелітопаль (42.8%), Дняпро (41.78%), Елізаветград (34.64%), Сімфэропаль (45.64%), Ялта (66.17%), Керч (57.8%), Севастопаль (63.46%)[5].

Русіфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: русіфікацыя

З паступовым ростам урбанізацыі грамадзтва ў ХІХ ст. украінскія жыхары сельскае мясцовасьці пачалі перасяляцца ў гарады і, адпаведна, пераходзіць у расейскамоўнае асяродзьдзе. Апрача таго, усе дзяржаўныя ўстановы й установы культуры выкарыстоўвалі расейскую мову, што таксама падштурхоўвала ўкраінцаў да выкарыстаньня расейскае мовы.

Урад Расейскай імпэрыі спрыяў русіфікацыі не-расейскіх рэгіёнаў краіны і прыцісканьню мясцовых кульутураў, што адбілася таксама на ўкраінскай мове. Асьцерагаючыся росту ўкраінскага сэпаратызму, які, на думку расейскіх чыноўнікаў, мог быць падтрыманым ростам украінскамоўных матэрыялаў у адукацыі, расейскі міністар унутраных справаў Пётар Валуеў у 1863 годзе выдаў указ, згодна зь якім публікацыя рэлігійных і навучальных тэкстаў па-ўкраінску забаранялася[6]. Гэтая забарона была дапоўненая Эмскім указам, зацьверджаным Аляксандрам ІІ у 1876 годзе. Усе кнігі па-ўкраінску, тэксты песень і іх увоз трапілі пад забарону, акрамя гэтага, былі забароненыя публічныя выступы, спэктаклі й лекцыі па-ўкраінску[7]. У 1881 годзе палажэньні ўказу былі зьмененыя, у выніку чаго паводле яго была зьнятая забарона на выданьне тэкстаў і слоўнікаў па-ўкраінску, а таксама былі дазволеныя ўкраінскія тэатральныя пастановы ў выпадку ўхваленьня мясцовых уладаў. Тым ня менш, выключна ўкраінскамоўныя трупы засталіся забароненымі.

Па распадзе Расейскай імпэрыі і існаваньні кароткатэрміновае ўкраінскае дзяржаўнасьці на ўкраінскіх трыторыях Расеі (гл. УНР, Украінская Дзяржава, Кубанская Народная Рэспубліка) ранейшае становішча расейскае мовы ў гарадох захавалася нягледзячы на спробы палітыкі карэнізацыі. У сельскай мясцовасьці расейская мова ўжывалася пераважна толькі сярод перасяленцаў расейскага паходжаньня, колькасьць якіх, зрэшты, была параўнальна маленькай.

Цягам некаторага часу ўкраінская дзяржаўнасьць была ліквідаваная, і амаль усе ўкраінскія тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі трапілі ў склад савецкіх рэспублік (Украінская Народная Рэспубліка Саветаў, Данецка-Крывароская Рэспубліка, УССР). У 1922 годзе ўкраінскія тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі трапілі ў склад СССР, у якім, нягледзячы на заканадаўчую або канстытуцыйную адсутнасьць дзяржаўнай мовы, пануючы статус захавала расейская мова, якая дэ-факта набыла статус дзяржаўнай. У розныя пэрыяды існаваньня УССР украінская мова ў той ці іншай ступені зазнавала ціск (апроч пэрыяду карэнізацыі), што таксама прывяло да росту прэстыжу расейскае мовы. Пачынаючы з 1930-х гадоў гэтаму асабліва спрыялі іднустрыялізацыя на ўсходзе Ўкраіны, у выніку чаго пераважна ўкраінскамоўны ўсход Украіны стаў імкліва русіфікавацца праз плынь расейскамоўных працоўных, што прыбывалі зь іншых рэспублік СССР.

Сучасная Ўкраіна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У незалежнай Украіне расейская мова, незважаючы на адсутнасьць у яе дзяржаўнага статусу, працягвае захоўваць прывілеяваны статус і шырокае распаўсюджаньне ў мескіх і прамысловых рэгіёнах поўдня й усходу краіны, то бок у рэгіёнах, дзе тэмпы русіфікацыі зьяўляліся найбольшымі.

Расейская мова ў сучаснай Украіне мае статус мовы меншасьці, з 2012 году па пачатку дзеяньня ў краіне Эўрапейскае Хартыі рэгіянальных моваў расейская мова набыла рэгіянальны статус практычна ва ўсіх рэгіёнах паўднёвага ўсходу. У Аўтаномнай Рэспубліцы Крым расейская мова мае афіцыйны статус поруч з украінскай і крымскататарскай па ўсталяваньні крымскай аўтаноміі ў пачатку 1990-х гадоў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Климчук Ф. Д. Горюны: история, язык, культура. — Институт языкознания, Российская Академия Наук, 2004.
  2. ^ а б Slobidska Ukraine (укр.) Энцыкляпэдыя Ўкраіны ў інтэрнэце Праверана 10 красавіка 2014 г.
  3. ^ Orest Subtelny. Ukraine: A History. — University of Toronto Press, 2000. — 736 с.
  4. ^ Ukraine (анг.) Энцыкляпэдыя Britannica Праверана 10 красавіка 2014 г.
  5. ^ Дністрянський М.С. Етнополітична географія України. — Лівів: Літопис, видавництво ЛНУ імені Івана Франка, 2006. — С. 342. — ISBN 966-7007-60-4
  6. ^ Miller, Alexei. The Ukrainian Question. The Russian Empire and Nationalism in the Nineteenth Century. — Budapest-New York: Central European University Press, 2003. — ISBN 963-9241-60-1
  7. ^ Magoscy, R. A History of Ukraine. — Toronto: University of Toronto Press, 1996.