Данецкая народная рэспубліка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
«Данецкая народная рэспубліка»
Абрэвіятура «ДНР»
Дата ўтварэньня 2006 г.
Тып Тэрарыстычная
Юрыдычны статус Злачынная арганізацыя
Мэта выхад Данецкай вобласьці са складу Ўкраіны ў склад Расеі
Штабкватэра Данецк, раней Славянск, да 2014 г. Макееўка (Украіна)
Дзейнічае ў рэгіёнах Данецкая вобласьць, Украіна
Кіраўнік Ігар Гіркін
Матчына кампанія Галоўная разьведвальная ўправа Расеі(en)
Зьвязаныя кампаніі «ЛНР»
Колішняя назва Данецкая рэспубліка (да 2014 г.)

«Дане́цкая наро́дная рэспу́бліка» — тэрарыстычная арганізацыя[1], якая з красавіка 2014 году ажыцьцяўляе забойствы, катаваньні, выкраданьне і запалохваньне людзей у Данецкай вобласьці Ўкраіны[2] дзеля ўсталяваньня ўлады над мясцовым насельніцтвам і ставіць за мэту выхад са складу Ўкраіны й наступны пераход вобласьці ад Украіны ў склад Расеі[3]. 28 красавіка Служба бясьпекі Ўкраіны ўстанавіла, што завадатарам тэрарыстаў ёсьць палкоўнік Галоўнай выведвальнай управы Расеі Ігар Гіркін(uk) зь мянушкай Стралкоў (або Стралок), які 26 лютага прыляцеў ва Ўкраіну з Масквы[4].

Храналёгія падзеяў

Акрамя Данецку, па стане на 14 красавіка тэрарысты ўзялі пад свой ​​кантроль урадавыя будынкі ў іншых гарадах у межах вобласьці, у тым ліку Марыюпаль, Горлаўка, Славянск, Краматорск, Янакіева, Макееўка, Дружкоўка і Жданаўка. З захопленага 11 красавіка Славянску тэрарысты, у тым ліку жыхары і грамадзяне Расеі (расейцы і чачэнцы), цягам больш як 2 месяцаў вывозілі дзяўчатаў на свой блёкпост ля гораду, дзе тых гвалцілі і пасьля забівалі. Падначалены расейцу Гіркіну Канстанцін Мацьвейчанка расстрэльваў мірных жыхароў, якія супрацівіліся рабунку[5].

Станам на 6 ліпеня 2014 году канстытуцыйны лад Украіны адноўлены на паўночным захадзе й поўдні Данецкае вобласьці, захопленых раней баевікамі ДНР з удзелам наймітаў з Расеі, Сэрбіі й Польшчы. На цяперашні час пад кантролем узброеных сэпаратыстаў застаецца ўсход цэнтральнае часткі Данецкае вобласьці, пасьпяхова ажыцьцяўляецца вяртаньне канстытуцыйнага ладу на ўсходзе Данецку. Пры канцы жніўня намеціўся пэўны наступ сэпаратыстаў пры дапамозе Расеі.

17 ліпеня з тэрыторыі, кантраляванай баевікамі ДНР, было зьдзейсьненае зьбіцьцё пасажырскага Boeing-777. Паводле папярэдніх зьвестак зьбіцьцё адбылося пры дапамозе тэхнічных сродкаў, атрыманых баевікамі.

19 ліпеня ад удзелу ў самаабвешчаных структурах ДНР адмовіўся г.зв. сьпікер ДНР Аляксандар Барадай.

Гісторыя

Узьнікла як арганізацыя пад назовам Данецкая рэспубліка ў 2006 годзе. У 2008 г. суд забараніў яе за замах на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і на зрынаньне дзяржаўнай улады. Аднак у 2009 г. арганізацыя адчыніла ў Данецкай вобласьці вайсковыя лягеры з поўным камплектам баявой зброі. Адзін зь лягераў месьціўся ў горадзе Макееўка. У 2014 г. зьмяніла назоў на сучасны[6].

Глядзіце таксама

Крыніцы