Два д’яўлы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Два д'яўлы»)
Два д'яблы
Жанр: паэма
Аўтар: Канстанцін Вераніцын
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1860
Публікацыя: 6 чэрвеня 1986

«Два д’яблы» — сатырычная паэма Канстанціна Вераніцына, напісаная ў 1860 годзе і ўпершыню апублікаваная 6 чэрвеня 1986. Зьмест паэмы востра асуджае распаўсюджаную сацыяльную праблему п’янства.

Беларуская літаратура XIX стагодзьдзя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларуская літаратура XIX ст., асабліва першай паловы, у значнай ступені знаходзілася пад уплывам ідэй Асьветніцтва. Асноўную сваю задачу беларускія асьветнікі бачылі ў тым, каб садзейнічаць маральнаму і духоўнаму разьвіцьцю народа, у першую чаргу празь ягоную асьвету, спрыяць абуджэньню пачуцьця самапавагі і пашаны да роднай зямлі. Найвялікшым сацыяльным злом, параджэньнем прыгоньніцкай сыстэмы, асьветнікі лічылі п’янства. Напрыклад, Ян Чачот ва ўступе да трэцяга тома «Сялянскіх песень» піша: «Баліць сэрца, бачачы нешматлікі і самы працавіты клас грамадзтва, даведзены да такой вялікай бяды, да якой больш за ўсё прычынілася п’янства» [Цыт. паводле: Баршчэўскі 1998, 412]. Адной з галоўных асьветніцкіх тэзаў, зьвернутых у першую чаргу да сялянскага асяродзьдзя, зьяўляецца агітацыя супраць п’янства. Асуджэньне гэтай заганнай зьявы гучыць у творчасьці такіх беларускіх пісьменьнікаў XIX ст. як Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Я. Аношка і інш.

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паэма «Два д’яўлы» зьяўляецца аўтарскай інтэрпрэтацыяй рэальных падзеяў на беларуска-летувіскіх губэрнях 50-х гг. XIX стагодзьдзя. У тагачаснай Расейскай імпэрыі існавала дзяржаўная манаполія на продаж гарэлкі. Твор пабудаваны як дыялёг, ці дакладней абмен досьведам двух служкаў Сатаны, якія адпраўлены сваім гаспадаром у Віцебск і Горадню, каб «душы п’яніц самушчаць» — спойваць народ. Ва ўяўленьнях народа ў постаці д’ябла заўсёды ўвасаблялася найвялікшае ліха, вераломнасьць, грэшны пачатак. У паэме пры дапамозе вобразаў д’яблаў аўтар імкнецца ўзмацніць ступень заганнасьці, небясьпечнасьці п’янства, паказвае гэтую зьяву ня толькі як сацыяльнае зло, але наогул як вялікі грэх. Паводле народнай маралі, той, хто аддаў сваю душу гарэлцы — аддаў душу д’яблу. Нягледзячы на тое, што звычайна асноўнай ідэяй вобраза д’ябла ў літаратуры зьяўляецца запалохваньне і сьцьвярджэньне зла і небясьпекі, аўтар «Двух д’яблаў» імкнецца надаць апісаньням вобразаў нячысьцікаў сатырычнае гучаньне, паказвае іх убоства, малюе служкаў сатаны са зьнішчальнай іроніяй:

Сам мізэрны, рожкі круты,

Быц хранцузік-небарак.

Козьлі ножкі не абуты,

Капялюш на ім і храк…

Змардаваўшысь, пад ялінкі

Троха спыхацца прысеў,

Пусьціў з морды гужам сьлінкі,

І, як цюцька, засапеў.

[Вераніцын 2000, 355].

Спойваньне народа прыносіла калясальныя прыбыткі як дзяржаве, так і дробным гандлярам-арандарам корчмаў і шынкоў. «Рандары» стараліся рознымі спосабамі схіліць людзей да п’янства, памяншаючы цану напояў, абавязваючы купляць толькі ў сваіх крамах, даючы алькаголь у крэдыт і г. д. Такая практыка выклікала моцны пратэст інтэлігенцыі і сялянаў, што вылілася ў г. зв. «руху цьвярозасьці», які пагражаў казьне вялікімі стратамі і быў варожа сустрэты тагачаснымі ўладамі.

Аўтар «Двух д’яблаў» праўдзіва паказвае гаротнае жыцьцё народа, пераканаўча выяўляе прычыны п’янства. Голад, нястача і танная гарэлка вядуць мужыка ў шынок, дзе ён можа заліць сваё гора, забыць у алькагольным ачмурэньні пра свае штодзённыя праблемы, прыніжэньне, бяспраўнае становішча. Такім чынам, зусім ня д’яблы спойваюць і губяць народ, а ўрад і зь ягонай дапамогай спрытныя гандляры:

Гол народ наш, як сьвірэлка,

Падвяло яму жывот,

Зато дзёшава гарэлка

І выходзіць іншы шчот

[Вераніцын 2000, 359].

У гэтым кантэксьце «Два д’яўлы» зьяўляюцца выдатнай сатырай на віцебскіх адкупшчыкаў, якія акурат у гэты момант панізілі цану на гарэлку, каб любымі спосабамі прывабіць народ да шынка. Віцебску супрацьпастаўляецца Горадня, дзе рух цьвярозасьці быў больш пасьпяховым.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеяньне паэмы адбываецца ва ўсходніх і заходніх кропках Беларусі. Каб спакусіць добрых людзей піць алькаголь і тым самым губіць чалавечыя душы, сатана паслаў аднаго чорта ў Віцебск і другога ў Горадню, якія празь некаторы час сустракаюцца. Гарадзенскі чорт прыходзіць засмучаны і прыгнечаны цьвёрдасьцю і непахіснасьцю гародзенцаў у сваім рашэньні пачаць новае, цьвярозае жыцьцё. Ён ня выканаў сваёй сатанінскай задачы, да таго ж яго там, у Горадні, моцна пабілі. Віцебскі чорт, наадварот, сьвяткуе перамогу — яму ўдалося дамагчыся свайго: віцябчане неадступна спойваюцца.

Паэма сканчаецца тым, што віцебскі чорт зьлітаваўся над сваім няўдалым гарадзенскім калегай і ўзяў яго сабе ў памочнікі. Абодва нячысьцікі пасьля абмену інфармацыяй і прынятага рашэньня схаваліся ў канцы паэмы пад вядомым у тагачасным Віцебску сваёй кепскай славай Задунаўскім мосьце.

Агітацыйна-асьветніцкія тэндэнцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паэма «Два д’яблы» зьяўляецца водгукам на рэальныя грамадзкія падзеі на Беларусі ў другой палове XIX ст. Напярэдадні адмены прыгону для дзяржавы вельмі важна было зьменшыць магчымасьць сялянскіх выступленьняў супраць урада, патрэбна была пасіўная, бязьдзейная народная маса, якая згадзілася б на ўсе ўмовы ўрада і памешчыкаў. Часткова гэтага можна было дасягнуць шляхам спойваньня народа, а ў выніку — яго поўнага разарэньня.

Паэма «Два д’яблы» носіць ярка выражаны асьветніцка-павучальны характар. Аўтар сьцьвярджае аб заганнасьці і згубнасьці п’янства. А гарадзенскія мужыкі, якія назаўсёды адракліся піць гарэлку, зьяўляюцца станоўчым прыкладам і ўзорам для астатніх. Дарэчы, матыў адмаўленьня ад гарэлкі зьяўляецца адлюстраваньнем сапраўдных падзей, што адбываліся на Беларусі ў 60-я гг. XIX ст. У гэты час у некаторых беларускіх губэрнях назіралася вострае процідзеяньне п’янству. Сяляне выступалі супраць сыстэмы вінных водкупаў, якая заключалася ў тым, што гандляры за вялікія грошы атрымлівалі ад дзяржавы права манапольнага продажу гарэлкі, спойвалі насельніцтва і атрымлівалі вялікія барышы. Як сьцьвярджае гісторык Хаім Бейлькін, «сяляне на сельскіх сходах прымалі рашэньні аб адмаўленьні набываць гарэлку, замацоўваючы іх клятвамі, якія прадугледжвалі жорсткія пакараньні для адступнікаў. У некаторых месцах адкупшчыкі пайшлі на зьніжэньне кошту і нават танную раздачу гарэлкі. Але сяляне трымаліся дружна і сталі ствараць „таварыствы цвярозасьці“ [Бейлькин 1995, 2]. Найбольш распаўсюджаным, як сьведчаць гісторыкі, рух цьвярозасьці быў у Гарадзенскай губэрні.

У адносінах да мужыка аўтар паэмы займае даволі прыхільную пазыцыю. Ён лічыць, што першапачаткова мужык зусім нядрэнны — працавіты, богабаязны. Да згубы яго прыводзіць спажываньне гарэлкі, тады мужык пачынае слухацца нячыстай сілы:

Мужык чысты — богу верыць,

Яго лепей не чапай.

Во як стане чаркі мераць,

Тады сьмела падступай

[Вераніцын 2000, 359].

Брыдкім і нікчэмным чалавека робіць гарэлка. Вельмі пераканаўча аб гэтым сьведчыць аўтарскае апісаньне працэсу п’янства, у якім гучыць адценьне пагарды, гідлівасьці. П’яных мужыкоў аўтар малюе пры дапамозе такіх выразаў, як сьцябаў гарэлку; насьцёбаўшысь; па паўгарца іншы жраў; п’яных, быццам бы як дроў і г. д.

Паэма К. Вераніцына „Два д’яблы“ зьяўляецца адным з самых яскравых твораў, прысьвечаных выкрыцьцю надзвычай вострай і небясьпечнай сацыяльнай хваробы — п’янства. У ёй пісьменьнік выяўляе сапраўдны асьветніцкі клопат пра лёс народа. У паказе п’яных мужыкоў і д’яблаў-недарэкаў К. Вераніцын праяўляе бясспрэчны сатырычны талент. Акрамя таго, паэма зьяўляецца злабадзённым водгукам на тагачасныя грамадзкія падзеі і скіравана супраць ганебнай імпэрскай палітыкі спойваньня народа. На нашу думку, паэма „Два д’яблы“ вельмі арганічна ўпісваецца ў кантэкст беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пач. XX ст.: Падруч. для філ. фак. пед ВНУ / Т. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубеваі інш; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац. — Мн.: Выш. шк., 1998.
  • Вераніцын Канстанцін. Тарас на Парнасе. Паэмы / Уклад. з тэкст. падрыхт. і камент. Юрыя Пацюпы, прадм. Язэпа Янушкевіча. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2009.
  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: „Беларуская навука“, 2007.
  • Баршчэўскі А. Беларускі край і беларускі характар у публікацыях Яна Чачота // Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар. навук. канф. (Мінск, 7—11 верасня 1998 г.). Мн.: Беларускі кнігазбор», 1998.
  • Бейлькин Х. Ю. Реформа 1861 г. в Беларуси и её особенности. Гомель, 1995.
  • Вераніцын К. Два Д’яблы // Літаратура Беларусі: Першая палова XIX стагоддзя: Хрэстаматыя / Уклад., аўт. прадм., біягр. даведак і камент. К. А. Цвірка. Мн.: Беларуская навука, 2000.