Дзень жартаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзень жартаў
Неафіцыйная традыцыя
Дата 1 красавіка
Жарт 1 красавіка ў Капэнгагене. 2001 рок

Дзень жартаў (Дзень дурня, Дзень сьмеху) — дзень, які сьвяткуецца 1 красавіка ў шматлікіх краінах сьвету. Падчас гэтага дню людзі жартуюць над сябрамі і знаёмымі. У газэтах, па тэлебачаньні і ў інтэрнэце распаўсюджваюцца жартлівыя навіны. Не зьяўляецца афіцыйным выходным днём.

Гісторыя гэтага сьвята бярэ пачатак з рымскага Prima aprilis. Менавіта пад такой назвай адзначала яго шляхта старажытнай Беларусі. Што да звычайнага люду, дык ён пачаў сьвяткаваць Дзень жартаў менавіта 1 красавіка ў Савецкім Саюзе. Ва ўласнабеларускай традыцыі такога сьвята не было, а днём вясёлага шкодніцтва спрадвеку лічылася Купальле. Тады гарэзьлівая моладзь за ноч рабіла ў вёсцы сапраўдны вэрхал і катала з гары запаленыя колы.