Дзікі Захад

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Дзікі Захад (па-ангельску: Wild West) — прастанародная назва тэрыторыяў сучасных ЗША, якія ў другой палове XIX стагодзьдзя яшчэ не ўваходзілі ў склад гэтай краіны. Па меры пашырэньня тэрыторыі ЗША і ўрбанізацыі, плошча Дзікага Захаду ўсё больш скарачалася, пакуль ён прыкладна ў 1890 годзе ня зьнік поўнасьцю.

Дзікі Захад характарызаваў першапраходчыцкі настрой, зь якім шматлікія людзі пакідалі ўсё больш густа заселены ўсход ЗША і накіроўваліся на захад. Вялікую частку зь іх складалі новыя імігранты з Эўропы. Чыньнікі для перасяленьня на захад былі розныя. Для шматлікіх пражываньне ва ўсходніх штатах было не па кішэні, у той час як на захадзе чакалі неабжытыя землі, на якіх можна было асесьці ў якасьці фэрмэра. Іншыя былі ў пошуках хуткага багацьця, спадзяючыся знайсьці золата. Пасьля таго, як у 1848 годзе ў Каліфорніі было выяўлена золата, пачалася так званая залатая ліхаманка, якая павялічыла струмень перасяленцаў. Для некаторых неабжыты захад быў ідэальны, каб безь перашкодаў жыць па сваіх рэлігійных статутах. Адным з прыкладаў гэтаму зьяўляюцца мармоны, якія пасяліліся ў штаце Юта.

Ужо ў самім XIX стагодзьдзі першапраходцы і Дзікі Захад разглядаліся ў рамантычным і гераічным сьвятле. Тыповымі сюжэтамі аповядаў аб Дзікім Захадзе былі сутыкненьні з індзейцамі, каўбоі, паляваньне на бізонаў, промысел золатаздабытчыкаў, паядынкі шэрыфаў і бандытаў. З прыходам кінематографу сюжэт Дзікага Захаду знайшоў сваё адлюстраваньне ў жанры вэстэрн.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]