Дзісна (рака)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Дзісна
Рака Дзісна каля аднайменнага места
Рака Дзісна каля аднайменнага места
Агульныя зьвесткі
Выток возера Дзісна (Летува)
Вусьце Дзьвіна
Краіны басэйну Беларусь, Летува
Вобласьці Віцебская вобласьць і Ігналінскі раён
Даўжыня 178 км
Сярэднегадавы сьцёк 52,4 м³/с
Плошча басэйну 8180 км²
Нахіл воднай паверхні 0,2 ‰

Дзісна́ — рака ў Беларусі і Летуве, левы прыток Дзьвіны. Цячэ ў Віцебскай вобласьці. Даўжыня 178 км, у межах Беларусі каля 149 км. Плошча вадазбору 8180 км², у межах Беларусі каля 7730 км². Выдатак вады ў вусьці 52,4 м³/с. Агульны спад ракі 39,7 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 .

Асноўныя прытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На рацэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выцякае з возера Дзісны ў Летуве, цячэ тэрыторыяй Браслаўскага (у тым ліку граніцай зь Летувой), Пастаўскага, Шаркоўшчынскага і Мёрскага раёнаў Дзісенскай нізінай — заходняй часткай Полацкай нізіны.

Даліна трапэцападобная, шырыня яе 400—600 м, месцамі да 1,5 км. Абалона ў вярхоўі чаргуецца па берагах (шырыня 200—400 м), на астатнім працягу двухбаковая, шырыня яе ў сярэдняй плыні 80—100 м, у ніжняй да 500 м. Рэчышча зьвілістае, на працягу 7,7 км (1 км на ўсход ад вёскі Германаўшчына — 2 км на поўдзень ад вёскі Марозаўка Браслаўскага раёну) каналізаванае; шырыня яго 20—30 м, у сярэдняй плыні да 60 м, у нізоўях да 100 м. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу стромкія, вышынёй 2—7 м, у месцах выхаду грунтавых водаў забалочаныя.

Максымальны выдатак вады 710 м³/с, мінімальны — 5 м³/с (вёска Пазікі Мёрскага раёну, за 15 км ад вусьця; адпаведна 1963, 1960). Рака замярзае ў 2-й дэкадзе сьнежня, крыгалом у 1-й дэкадзе сакавіка[1].

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вадазбор разьмяшчаецца ў межах моцна забалочанай Дзісенскай нізіны, толькі верхняя частка яго займае сярэдняўзгорысты паўночна-ўсходні ўскраек Беларускай грады. Сярэдняя вышыня вадазбору 155 м, сярэдні ўхіл 6,1‰. Лінія водападзелу мае параўнальна плыўныя абрысы, праходзіць Сьвянцянскімі градамі і паўночна-ўсходнімі адгор’ямі Беларускай грады, адлучаючы вадазборы сумежных рэчак Вяльля, Бярэзіна й Вушача. Даўжыня водападзельнай лініі 535 км, каэфіцыент яе разьвіцьця 1,67.

Азёры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шырокае пашырэньне (каля 600) маюць невялікія азёры, якія складаюць каля 3% плошчы вадазбору. Да найбольшых азёраў належаць: Дрысьвяты, Дзісна, Мядзел, Богінскае, Рычы, Шо, Апіварда, Аболе, Пруты і іншыя.

Расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лесы мяшаныя зь перавагай іглічных пародаў, разьмяшчаюцца асобнымі масівамі, у асноўным у сярэдняй плыні ракі (вадазборы рэчак Дрысьвята, Янка, Галбіца) і ў басэйне ракі Шоша, найбольшы зь якіх лес Гарадзец. Агульная лясістасьць 15%.

Гаспадарчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На вадазборы праводзіліся мэліярацыйныя працы, у выніку якіх, на 1 студзеня 2006 23.5% плошчы басэйну мэліяраваныя. Працягласьць адкрытай асушальнай сеткі складае 6990 км[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 142—143.
  2. ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 142—143.
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 520 с.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.