Дзіцятка Хрыстос

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзіцятка Хрыстос

Дзіця́тка Хрысто́с (па-нямецку: Christkind, вымаўляецца [ˈkʁɪstkɪnt]) — традыцыйны пэрсанаж, які прыносіць падарункі на Раство ў Аўстрыі, Швайцарыі, Нямеччыне (паўднёвай і заходняй), Чэхіі, Славеніі, Харватыі, Італіі (Паўднёвы Тыроль), Ліхтэнштайне, Люксэмбургу, Бэльгіі, Гішпаніі, Партугаліі, Славаччыне, Вугоршчыне, Францыі (паўночна-ўсходняя частка), Польшчы (Верхняя Сылезія), Гішпанскай Амэрыцы, Бразыліі (паўднёвай), Канадзе (Квэбэк). У Італіі завецца Gesù Bambino, у Партугаліі Menino Jesus, у Вугоршчыне Jézuska, у Славаччыне Ježiško, у Чэхіі Ježíšek, у Лацінскай Амэрыцы «Niño Dios» ці «Niño Jesús», у Харватыі Isusić ці Isusek, што амаль паўсюль азначае маленькага Ісуса.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ідэю Дзіцятка Хрыста як носьбіта падарункаў ў часе эўрапейскай Рэфармацыі ўхваліў Марцін Лютэр. У XVI—XVII стагодзьдзях шматлікія эўрапейскія пратэстанты прынялі гэтага пэрсанажа і перанесьлі традыцыйную дату ўручэньня падарункаў на конадзень Раства замест 6 сьнежня[1]. Такім чынам Лютэранская Царква нагадвала дзецям пра Ісуса Хрыста, у гонар якога названы гэты калядны пэрсанаж[2]. У XIX стагодзьдзі Дзіцятка Хрыстос быў прыняты і ў каталіцкіх рэгіёнах Нямеччыны[3], аднак надзіва хутка стаў замяняцца сэкулярызаванай вэрсіяй «Вайнахтсмана» (Санта-Кляўса) ва ўласна пратэстанцкіх рэгіёнах.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калядны анёлак на калядным кірмашы ў Нюрнбэргу

Дзіцятка Хрыстос у нямецкай традыцыі мала падобны да гістарычнага Ісуса Хрыста. Ён уяўляе зь сябе эльфападобнае дзіця, звычайна бялявае і з анёльскімі крыламі[4]. Часам гэтага пэрсанажа называюць таксама калядным анёлкам. Дзеці ніколі ня бачаць Дзіцятку Хрыста пэрсанальна, а толькі знаходзяць ад яго падарункі на Раство.

У заходненямецкім Энгельскірхэне шторок адчыняецца пошта Дзіцяткі Хрыста, куды за паўтарамесячны сэзон прыходзіць каля 130 000 тысячаў лістоў з усяго сьвету. З 2018 року пошта прымае лісты і адказвае па-беларуску[5].

Назвы іншымі мовамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мова Найменьне
вугорская Jézuska
гішпанская El Niño Dios / El Niño Jesús
італьянская Bambino Gesù / bambino di Cristo
маскальская Младенец Иисус
нямецкая Christkind
партугальская Menino Jesus
польская Dzieciątko (Верхняя Сылезія), Aniołek (Цешынская Сылезія і Малапольшча)
славацкая Ježiško
харвацкая Isusić / Isusek / Jezušek
чэская Ježíšek

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Bruce David Forbes. Christmas: a candid history. — University of California Press, 2007. — С. 68—79. — 196 с. — ISBN 978-0-52-025802-0
  2. ^  Siefker, Phyllis Santa Claus, Last of the Wild Men: The Origins and Evolution of Saint Nicholas, Spanning 50,000 Years. — McFarland, 1997. — С. 158. — ISBN 978-0-78-640246-5
  3. ^  Perry, Joe Christmas in Germany: A Cultural History. — Univ of North Carolina Press, 2010. — С. 36. — ISBN 978-0-80-789941-0
  4. ^ Clement A. Miles. Christmas customs and traditions, their history and significance. — Courier Corporation, 1976. — С. 230. — ISBN 978-0-48-623354-3
  5. ^ Калядны анёл (іх Дзед Мароз) з Нямеччыны адказвае дзецям цяпер і па-беларуску // Наша Ніва, 14 лістапада 2018 г. Праверана 6 сьнежня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзіцятка Хрыстоссховішча мультымэдыйных матэрыялаў