Драўляне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Драўляне плацяць даніну князю Алегу (883). Мініятура Радзівілаўскага летапісу, канец XV ст.

Драўляне — племянное аб’яднаньне ўсходніх славянаў у VIII—X стагодзьдзях.

Геаграфія расьсяленьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляне жылі на правабярэжжы Прыпяці (у тым ліку Ўкраінскім Палесьсі), у міжрэччах Гарыні, Случы, Цецерава, Дняпра[1][2]. Паводле археалягічных дасьледваньняў драўляне межавалі[1][2]:

Паходжаньне назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва паходзіць ад лясной мясцовасьці[1][2].

Археалягічныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш старажытныя помнікі драўлянаў — курганныя могільнікі з трупаспаленьнем і урнамі праска-карчацкага тыпу ў верхняй частцы насыпу ці на гарызонце, па 1—3 пахаваньні ў кургане, пазьней па 1 пахаваньню. З канцы X стагодзьдзя адначасна з трупаспаленьнем зьяўляюцца курганы з трупапалажэньнем на гарызонце, у насыпе альбо яме, частка ў драўляных труне альбо калодзе, галавой на захад. Пахавальны інвэнтар — пярсьцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя або сердалікавыя пацеркі, луньніцы, бразготкі, бронзавыя гузікі, жалезныя нажы, крэсівы, тачыльныя брускі, жалезныя абручы й дужкі ад драўляных вёдзер. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках[1][2].

Станаўленьне дзяржаўнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі арэяла драўлянаў выяўлена 20 гарадзішчаў. Галоўныя мястэчкі:

У IX—X стагодзьдзях мелі сваё палітычнае аб’яднаньне — княжаньне.

Гістарычныя падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 883 годзе кіеўскі князь Алег Вешчы прымусіў драўлянаў плаціць яму даніну. У пачатку X стагодзьдзя драўляне нібы бралі ўдзел у паходзе на Бізантыю. У X стагодзьдзі (на думку некаторых дасьледнікаў) — драўляне ачольвалі племянны зьвяз, які складаўся з валынянаў і дрыгавічоў. Па сьмерці Алега хацелі адасобіцца, таму перасталі плаціць даніну.

У 945 годзе — быў забіты князь Ігар Рурыкавіч, калі хацеў ізноў падпарадкаваць драўлянаў. Яго жонка княжна Вольга жорстка расправілася з драўлянамі — спаліла мястэчкі й вынішчыла мясцовую знаць.

« Той бе Олег велик и страшен и грозен велми был, понеже многи земли приведе ко граду Киеву, и умре от коневы главы; из сухи кости выник змиа и ужали его в ногу. По немь нача княжити Игорь и воева Деревскую землю, рекше Литву, иде пакы тамо в мале дружине, и убьен бысть от Древлян. И остася у него сын Святослав велми дeтeск. Княгини же его Олга с сыном своимь мьсти кровь мужа своего и князя уби, Мала именемь, и всю Литву высече... »

Уладзімерскі летапісец (XVI ст.)

Тэрыторыя драўлянаў была далучана да Кіева і стала ўдзельным княствам з цэнтрам у месьце Ўручыі.

Апошні раз драўляне успамінаюцца ў 1136 годзе, калі кіеўскі князь Яраполк падараваў частку іх земляў Дзесяціннай царкве ў Кіеве[1][2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Штыхаў Г. Драўляне // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 277.
  2. ^ а б в г д Штыхаў Г. Драўляне // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. — Менск, 1993. С. 231—232.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]