Дубінкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дубінкі
лац. Dubinki
лет. Dubingiai
Замчышча
Замчышча
Герб Дубінкаў
Першыя згадкі: 1334
Краіна: Летува
Павет: Уцянскі
Раён: Маляцкі
Насельніцтва: 260 чал. (2003)
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 55°3′28.77″ пн. ш. 25°27′0.00″ у. д. / 55.0579917° пн. ш. 25.45° у. д. / 55.0579917; 25.45Каардынаты: 55°3′28.77″ пн. ш. 25°27′0.00″ у. д. / 55.0579917° пн. ш. 25.45° у. д. / 55.0579917; 25.45
Дубінкі на мапе Летувы
Дубінкі
Дубінкі
Дубінкі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Дубі́нкі (лет. Dubingiai) — мястэчка ў Летуве, на беразе возера Асьвеі. Цэнтар староства Маляцкага раёну Ўцянскага павету. Насельніцтва на 2011 год — 208 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на поўдзень ад Малятаў, за 50 км на паўночны ўсход ад Вільні.

Дубінкі — мястэчка гістарычнай Віленшчыны, колішняя рэзыдэнцыя князёў Радзівілаў, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся падмуркі кальвінскага збора на Замчышчы.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на тое, што Дубінкі ёсьць характэрнай славянскай назвай[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замчышча з боку возера. Н. Орда, 1877 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Дубінкі датуецца 1334 годам[2]. У 1373 годзе яны пацярпелі ад нападу крыжакоў. Паводле Хронікі Лівоніі Германа Вартбэрга, у 1375 годзе лівонскі магістар Вільгельм з Урымэрсгайму ўчыніў напад на некалькі паселішчаў ВКЛ, у тым ліку Дубінкі[3]. У пачатку XV ст. вялікі князь Вітаўт збудаваў каля вёскі драўляны[4] замак, у якім заснаваў касьцёл Сьвятога Духа. У канцы XV ст. вакол замка ўтварылася мястэчка.

Да пачатку XVI ст. Дубінкі разам з Майшаголай кіраваліся каралеўскімі намесьнікамі, пазьней перайшлі ў валоданьне Радзівілаў, а Юры Радзівіл пачаў тут узводзіць мураваны замак. Па ягонай сьмерці ў 1541 годзе мястэчка перайшло да ягонага сына Мікалая Радзівіла «Рудога», які ў 1564 годзе стаў кальвіністам і перарабіў касьцёл пад кальвінскі збор. Апошні стаў месцам пахаваньня біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў[5].

У 2-й палове XVI — XVII стагодзьдзях цэнтар Дубінкаўскага княства. У 1547—1548 гадох тут жыла Барбара Радзівіл. У XVII стагодзьдзі Дубінкі складаліся зь дзьвюх частак на розных берагах возера — Ціванішак і Лаўрыканцаў[5]. На 1651 год у мястэчку было 67 дымоў, аднак у 1661 годзе ў выніку ваенных спусташэньняў іхная колькасьць скарацілася да 12[5].

У 1682 годзе ў Дубінках адбыўся сынод Кальвінісцкай царквы Вялікага Княства Літоўскага. У 1777 годзе ў мястэчку адкрылася парафіяльная школа.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Дубінкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскім павеце Віленскай губэрні. У 1808 годзе Дубінкі перайшлі ў валоданьне Тышкевічаў. На 1866 год у мястэчку было 26 будынкаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Дубінкі занялі войскі Нямецкай імпэрыі

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па польска-летувіскіх баях і падпісаньні пагадненьня паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Летувой у 1919 годзе Дубінкі ўвайшлі ў склад Летувы. У міжваенны час яны былі летняй рэзыдэнцый прэзыдэнта Антанаса Сьмятоны.

23 чэрвеня 1944 году мясцовы аддзел Арміі Краёвай ўчыніў гвалт над больш чым 20 жыхарамі-летувісамі[6][7] ў адказ за ранейшыя адпаведныя дзеяньні да польскіх жыхароў Гліцішкаў летувіскімі калябарантамі[6][7].

У пачатку XXI ст. на Замкавай гары ў Дубінках праводзіліся археалягічныя раскопкі, у час якіх выявілі парэшткі Радзівілаў. У выніку аналізу ДНК летувіскія і польскія навукоўцы здолелі ідэнтыфікаваць косьці Мікалая Радзівіла «Чорнага» і Мікалая Радзівіла «Рудага». 5 верасьня 2009 году парэшткі стрыечных братоў ўрачыста перапахавалі ў адрэстаўраваных руінах кальвінскага збору[8].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVII стагодзьдзе: 1651 год — каля 450 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1866 год — 363 чал., зь іх 241 каталік, 20 праваслаўных і 102 юдэі[9]; 1897 год — 363 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1923 год — 265 чал.; 1959 год — 102 чал.; 1970 год — 130 чал.; 1989 год — 253 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 229 чал.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замчышча, падмуркі збора (XVII ст.)
  • Могілкі каталіцкія, званіца касьцёла (1672)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл Сьвятога Юрыя (1672)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 37.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 205
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 34.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 205
  5. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 206
  6. ^ а б Piotrowski T. «Poland's Holocaust». — McFarland & Company, 1997. — С. 168—169. — ISBN 0-7864-0371-3
  7. ^ а б Litewska prokuratura przesłuchuje weteranów AK (пол.). Gazeta Wyborcza (14 лютага 2001). Праверана 7 чэрвеня 2010 г.
  8. ^ Szymaniak M., Mickiewicz R. (7 верасьня 2009) Litwa żegna Radziwiłłów (пол.). газэта RzeczpospolitaПраверана 3 кастрычніка 2010 г.
  9. ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 191.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]