Жыровіцкае Эвангельле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жыровіцкае Эвангельле, XVI ст.
Навуковая бібліятэка, Летува

Жыро́віцкае Эва́нгельле, таксама вядомае як Эвангельле Сапегі — беларускі рукапісны помнік сярэдзіны — трэцяй чвэрці XVI стагодзьдзя, які атрымаў назву ад манастыра ў Жыровічах (цяпер у Слонімскім раёне Гарадзенскай вобласьці), дзе захоўваўся да сярэдзіны XIX стагодзьдзя.

Цяпер знаходзіцца ў Навуковай бібліятэцы Летувы.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга напісаная ўставам на 404 аркушах. Упрыгожаная застаўкамі, мініятурамі з выявамі эвангелістаў, шматлікімі ініцыяламі. Мініятуры ўзятыя ў шырокія пазалочаныя рамкі, арнамэнтаваныя геамэтрычным і расьлінным узорамі ў гатычным стылі. У выкананьні мініятураў прасочваецца сувязь зь бізантыйскімі і заходнеэўрапейскімі традыцыямі.

Малюнкі вылучаюцца плястычнасьцю, яркай індывідуальнасьцю асобаў, жанравасьцю задумы і мажорным калярытам (кадміева-чырвоныя, сінія, зялёныя, вохрыста-залацістыя фарбы).

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 376-м і 377-м аркушах па-беларуску зроблены дарчы подпіс канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі (адгэтуль другая назва — «Эвангельле Сапегі»), на замову якога было створанае Эвангельле. 22 жніўня 1616 року, на дзень асьвячэньня Ўсьпенскага сабору, Сапега падараваў Эвангельле Жыровічам[1].

Раней ўважалі, што рукапіс створаны ў XV стагодзьдзі, аднак новыя дасьледаваньні абверглі гэтую вэрсію, найперш дзякуючы вывучэньню вадзяных знакаў на паперы. Паводле дасьледчыка кніжнай спадчыны Алеся Сушы гэтыя вадзяныя знакі датуюцца 1550-ымі гадамі. Таму сам рукапісны помнік датуецца цяпер сярэдзінай — трэцяй чвэрцю XVI стагодзьдзя.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пра вяртаньне на радзіму «Жыровіцкага Эвангельля» ніхто перамоў не вядзе Культура. Рэгіён-4 (26 сьнежня 2012). Праверана 21 ліпеня 2013 г.