Залатая Арда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Залатая Арда

Залатая Арда (па-казаску: Алтын Орда (Жошы Ұлысы), па-татарску: Алтын Урда, Altın Urda; Җүчи олысы, Cüçi olısı) — дзяржава з цэнтрам у ніжнім Паволжы, заснаваная ў 1243 мангольскім ханам Батыем (12371255), унукам Чынгісхана. Поўны сувэрэнітэт Арда атрымала пры Мэнгу-Цімуры ў 1266, абасобіўшыся ад Вялікай Манголіі са сталіцай у Ханбалыку (12601368). Асноўную частку качавога насельніцтва Залатой Арды складалі полаўцы (кыпчакі). Аседлае насельніцтва — валжанскія булгары, мордва, марыйцы, харэзмійцы. З 1312 — ісламская дзяржава. Зьнікла ў канцы XVI стагодзьдзя.

Дзяржаўны лад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Улада ханаў Залатой Арды ахоплівала значную частку сучаснай Расеі (акрамя Ўсходняй Сыбіры, Далёкага Ўсходу і раёнаў Крайняй Поўначы), паўночны і заходні Казахстан, усходнюю Ўкраіну, Малдову, частку Ўзбэкістану і Туркмэністану. Чыноўнікі Арды зьбіралі даніну на рускіх землях, але пазьней гэта функцыя была перададзеная падуладным рускім князям. Дзеля ўтрыманьня рускіх тэрыторыяў у падпарадкаваньні, а таксама з мэтай рабунку татарскія атрады зьдзяйсьнялі частыя карныя паходы на Русь. Толькі ў другой палове XIII стагодзьдзя такіх паходаў было чатырнаццаць. Таксама Залатая Арда рабіла набегі на ВКЛ, каралеўства Польскае, хваля набегаў нават дасягнула Вены. На поўдні Арда межавала з Чагатыйскім улусам.

Сталіцай пры Батыі стаў горад Сарай-Бату; у першай палове XIV стагодзьдзя сталіца перанесена ў Сарай-Берке (заснаваны ханам Берке (1255—1266)).

Залатая Арда была шматнацыянальнай і шматукладнай краінай. Буйнымі цэнтрамі гандлю, пераважна караваннага, былі: Сарай-Бату, Сарай-Берке, Ургенч, у крымскіх гарадах Судак, Кафа, Азак (Азоў) і інш.

На чале дзяржавы стаялі нашчадкі Чынгісхана — торэ. У асабліва важных выпадках палітычнага жыцьця зьбіраліся ўсенародныя сходы — курултаі. Дзяржаўнымі справамі займаўся першы міністар (беклярэ-бек — князь над князямі), якому падпарадкоўваліся ўсе міністры — везіры.

Распад Залатой Арды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ужо пры сваім утварэньні Арда падзялялася на ўлусы, прыналежныя 14 сынам Джучы: 13 братоў былі паўсамастойнымі валадарамі, падпарадкаванымі вярхоўнай уладзе Батыя. Пасьля забойства хана Джанібека ў 1357 пачалася смута, што прывяла да пачатку распаду адзінай дзяржавы. З 1357 па 1380 на залатаардынскім стальцы пабывала болей чым 25 ханаў. у 13601370-я фактычным правіцелем стаў цемнік Мамай. У пачатку 1369-х ад Арды адпаў Харэзм, а ў 1362 вялікі князь літоўскі Альгерд захапіў землі ў басэйне ракі Дняпро (бітва на Сініх Водах), адасобілася Астрахань. Мамаю давялося сутыкнуцца з памацнелым саюзам рускіх князёў на чале з Масквою. Спроба Мамая аслабіць праціўніка вялікім зьнішчальным паходам прывяла да разгрому татар на Кулікоўскім полі (1380). Пры хане Тахтамышы (1380—1395) смута прыпынілася, і цэнтральная ўлада стала кантраляваць асноўную частку Залатой Арды. Пасьля ўмацаваньня сваёй улады Тахтамыш разьбіў войска Мамая на рацэ Калцы, у 1382 пайшоў на Маскву, захапіў яе і спаліў. Пазьней Тахтамыш выступіў супраць Тамэрлана. У выніку Тамерлан разьбіў войска Тахтамыша, захапіў і разбурыў паволскія гарады, у тым ліку Сарай-Берке, абрабаваў гарады Крыму. Такім чынам Залатой Ардзе быў нанесены сьмяротны ўдар, ад якога яна ўжо не паправілася. Вялікая Арда спыніла існаваньне ў XVI стагодзьдзі.

Нашчадкі Залатой Арды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крымскае ханства, Казанскае ханства, Астраханскае ханства, Сыбірскае ханства, і Нагайскія арды, што качавалі па тэрыторыі ад Дунаю да Іртышу, былі нашчадкамі Залатой Арды. Ажно да 18 стагодзьдзя працягваліся разбуральныя набегі крымскіх татар і нагаеў на памежныя тэрыторыі Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі.