Запарожац (аўтамабіль)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
«Запарожац» першага пакаленьня.
«Запарожац» другога пакаленьня.
Позьняя мадыфікацыя другога пакаленьня.

Запарожац (па-ўкраінску: «Запорожець»; экспартнае пазначэньне — Yalta / Eliette) — марка савецкіх і украінскіх заднематорных легкавых аўтамабіляў асабліва малой клясы, якія выпускаліся заводам «Камунар» у горадзе Запарожжа (пазьней — Запарожскі аўтамабільны завод, у 19601993 годах што ўваходзіў у вытворчае аб'яднаньне «АВТОЗАЗ»).

Пад маркаю «Запарожац» выраблялі фактычна два розных пакаленьня мадэляў аўтамабіляў, злучаныя тэхнічнаю пераемнасьцю й некаторы час сыходзячыя з канвеера паралельна:

Усе аўтамабілі «Запарожац» мелі шэраг характэрных асаблівасьцяў канструкцыі: заднематорная кампаноўка з падоўжным разьмяшчэньнем кансольна вывешанага рухавіка за задняй восьсю і каробкі перадач у межах колавай базы; кузаў тыпу «дзьвухдзьверны сэдан»; V-вобразны чатырохцыліндравы карбюратарны рухавік з паветраным астуджэньнем; незалежная падвеска ўсіх колаў; аўтаномны бэнзінавы атапіцель.

Усе варыянты «Запарожцаў» адрозьніваліся максімальнаю ступеньню ўніфікацыі па вузлах і агрэгатам з армейскім усюдыходам ТПК (ЛУАЗ-967). Да гэтага ж сямейству ставіліся й «грамадзянскія» ўсюдыходы маркі «ЛУАЗ» — розныя мадыфікацыі ЛУАЗ-969.

Папулярнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Запарожац» упэўнена пераадольвае глыбокую лужыну на грунтавай дарозе

У СССР аўтамабіль «Запарожац» карыстаўся папулярнасьцю ў значнай ступені за кошт адноснае таннасьці (на сярэдзіну 1970-х — каля 3-3,5 тысячаў савецкіх рублёў; у той жа час «Масквічы» і розныя мадэлі «Жыгулёў» каштавалі ад 5 да 7,5 тыс. рублёў) і наяўнасьці цэлага шэрагу мадыфікацыяў са зьмененымі для інвалідаў мэханізмамі кіраваньня. Такія версіі ў гутарковай гаворцы часта звалі «інвалідкамі» і распаўсюджваліся (часам з частковаю ці поўнаю аплатаю) праз органы сацзабесьпячэньня сярод інвалідаў розных катэгорыяў. Акрамя таго, «Запарожцы» адрозьніваліся добраю праходнасьцью за кошт вялікага дарожнага прасьвету, гладкага, роўнага дна й падвышанае нагрузкі на вядучую вось, а таксама прастатою ў абслугоўваньні й рамонце.

Незвычайная па савецкіх мерках канструкцыя аўтамабіля нярэдка выклікала неўхвальнае стаўленьне аўтааматараў і паслужыла нагодаю для зьяўлення шматлікіх жартаў і анекдотаў. Аднак справядлівасьці дзеля варта адзначыць, што ў канцы пяцідзесятых і першай палове шасцідзесятых гадоў — пэрыяд, на які прыйшлася распрацоўка абаіх пакаленьняў «Запарожцаў» — заднематорная кампаноўка знаходзілася на піцы свае папулярнасьці па ўсім сьвеце, аўтамабілі з рухавіком ззаду спрабавалі вырабляць нават у ЗША (Chevrolet Corvar), не кажучы ўжо пра Эўропу, дзе ў той час дамінавалі такія масавыя мадэлі, як Фольксваген Жук, Fiat 500 і Fiat 600 ці Renault Dauphine і Renault 8.

Распаўсюджанасьць дзьвухдзьверных кузаваў у тыя гады таксама была нашмат большае, чым у нашы дні. Насамрэч характэрная для СССР сытуацыя, калі за выключэньнем «Запарожца» ў сутнасьці ўсе аўтамабілі мелі 4-5 дзвярэй, была для таго часу ці ледзь не ўнікальнае. У Паўночнай Амэрыцы да канца сямідзесятых гадоў наогул больш паловы машынаў мелі дзьвухдзьверныя кузавы; у Эўропе іх папулярнасьць была меншае, але ўсё ж у клясах «Запарожца», ды нават і «Масквіча», асноўная маса продажаў даводзілася менавіта на дзьвухдзьверкі, да самага масавага распаўсюду напачатку-сярэдзіне сямідзесятых гадоў трохдзьверных хечбэкаў накшталт Volkswagen Golf, Volkswagen Polo, Fiat 127 і аналягічных, якія пасля пасьпяхова занялі месца аналягічных «Запарожцу» дзьвухдзьверных сэданаў у вытворчай гаме заходнеэўрапейскіх аўтабудаўнічых фірмаў.

Канвеерны лёс «Запарожца» не адрозьніваецца ад лёсу большае часткі ўсходнеэўрапейскіх мадэляў аўтамабіляў. Калі першае пакаленьне (мадэль ЗАЗ-965) было цалкам сучасным на момант засваеньня ў вытворчасьці, і нават знята з канвеера раней свайго італьянскага прататыпа, тое другое (ЗАЗ-966/ 968) ужо было другасна ў адносінах да першага ў тэхнічным пляне, і, ва ўмовах росту крызысных зьяваў і паступовае стагнацыі эканомікі СССР на працягу 1970-х і 1980-х гадоў, выпускалася на працягу дзесяцігоддзяў без істотных мадэрнізацыяў, так што ўжо да канца шасцідзесятых — пачатку сямідзесятых гадоў было па асноўных паказчыках відавочна ніжэй сярэдняга ўзроўню эўрапейскіх «аднакляснікаў», што пагаршалася масавым пераходам замежных вытворцаў у гэтай клясе да пярэдняга прываду, што даваў скачкападобны рост усяго комплексу спажывецкіх якасьцяў у параўнаньні са старымі заднематорнымі й пабудаванымі па «клясычнай» схеме мадэлямі.

У сямідзесятыя і васьмідзесятыя гады ж, на фоне паўсюднай адмовы ад заднематорной схемы, якая была ў свой час — пяцідзесятыя і вялікую частку шасцідзесятых гадоў — дамінантнае на эўрапейскіх мікралітражных аўтамабілях, а таксама наогул хуткага разьвіцця дызайну й тэхналёґіяў, «Запарожац» канчаткова састарэў і ўжо не карыстаўся вялікім попытам нават на ўнутраным рынку, нягледзячы на адносна нізкі раздробны кошт, паступова пераходзячы ў вузкую нішу спэцыялізаваных аўтамабіляў для інвалідаў з абмежаванымі магчымасьцямі да перасоўваньня.

Пасьля распаду СССР, ва ўмовах агульнага эканамічнага крызысу, ЗАЗ у 1994 годзе спыніў выпуск «Запарожцаў».

Мадэль ЗАЗ-965 выраблялася з 1960 па 1969 год.

Асноўным прататыпам ЗАЗ-965 быў Фіат 600 (у стаўленьні агульнага дызайну кузава, часткова — незалежнае спружыннае задняе падвескі, рулявога мэханізму, трансмісіі), базавым узорам — Масквіч-444, але канструкцыя была істотна перапрацавана, а сілавы агрэгат распрацаваны нанова.

Кузаў — чатырохмясцовы, з узаемазаменнымі лэбавым і заднім шкламі, прываранымі пярэднімі крыламі. Дзьверы (іх дзьве) адкрываюцца назад, а не наперад. Рухавік — рэдкага ў сусьветным аўтабудаваньні тыпу, чатырохцыліндравы V-вобразны, паветранага астуджэньня, разьмешчаны ззаду. Картар рухавіка й трансмісіі з магніевага сплаву. Вядучыя колы — заднія. Памер шынаў — 5,20-13. ЗАЗ-965 вырабляўся ў экспартным і інвалідным выкананьні.

Мадэль ЗАЗ-965А адрозьніваецца рухавіком павялічанага працоўнага аб'ёму (887 см3) і магутнасьцю (27 л.з.), адным глушыцелем (замест дзьвюх), адсутнасьцю дэкаратыўнага молдзінга на бакавінах.

ЗАЗ-966/ 968/ 968А/ 968М[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Распрацоўка наступнага пакаленьня «Запарожцаў» пачалася практычна адразу пасьля засваеньня ў вытворчасьці першага, у 1961 годзе. Прататыпы зьявіліся ўжо да восені таго ж году.

Сэрыйны «Запарожац» ЗАЗ-968.

Аднак з прычыны адсутнасьці ў калектыва заводу досьведу («965-ю» мадэль распрацоўвалі на МЗМА у супрацоўніцтве з НАМІ), а таксама недахопу фінансаваньня пастаноўка ў вытворчасьць расьцягнулася на доўгія гады, а дызайн выніковага варыянту ўяўляў сабою кампіляцыю элемэнтаў, запазычаных у розных замежных мадэляў тых гадоў, галоўным чынам, мяркуючы па ўсім, — заходненямецкага NSU Prinz IV.

ЗАЗ-968 у разрэзе.

Мадэль ЗАЗ-966 знаходзілася ў сэрыйнай вытворчасьці з 1966 па 1974 год, прычым першы год выпускалася толькі «пераходная» мадыфікацыя 966В з састарэлым 28-моцным рухавіком — вытворчасьць 1,2-літровага 40-моцнага матора МЕМЗ-966 было гатова толькі на наступны год.

ЗАЗ-968 выпускаўся з 1972 году (па іншых дадзеных, з 1971). Першапачаткова ён ня меў вонкавых адрозьненьняў ад «966-га», а галоўнаю яго асаблівасьцю быў некалькі мадэрнізаваны рухавік МЕМЗ-968. Мадэль увесь час мадэрнізавалася, і да канца выпуску ў 1978 годзе была практычна неадрозная ад таго, што выпускаўся паралельна і які ўвайшоў ў сэрыю ў 1973 году (па іншых дадзеных, рэальна вытворчасьць пачалася толькі ў канцы 1974) ЗАЗ-968А, які меў абноўлены вонкавы выгляд і шэраг канструктыўных зьменаў, што палепшылі бясьпеку, накшталт двухконтурных тармазоў, рамянёў бясьпекі і «мяккае» панэлі прыбораў.

Наступнаю мадыфікацыяю быў ЗАЗ-968М, які выпускаўся з 1979 па 1994 год, — гэтая машына завяршыла эру «Запарожцаў». На яе таксама ставіліся розныя сілавыя агрэгаты працоўным аб'ёмам 890 см³ ці 1,2 л. і магутнасьцю 28, 41(Асноўная маса машынаў), 45 ці 50 л.з.

Ад мадэлі ЗАЗ-968 яна першым чынам адрозьнівалася дызайнам экстэр'ера і інтэр'еру, стала менш храмаваных дэталяў, і, у сваю чаргу,— больш плястыка. «Вушы» на бакавінах кузава зьніклі, бо была радыкальна зьменена сыстэма астуджэньня, — што практычна канчаткова пазбавіла аўтамабіль ад праблемаў з перагрэвам пры штатнай эксплюатацыі, але дадало новыя — з герметычнасьцю паветравода і запарушваньнем яго скрынкі. Гэта версія «Запарожца» з'ьўляецца найболей масаваю.

Працягвалі выпускацца аўтамабілі для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. «968-я» мадэль была заменена на зусім новы аўтамабіль — ЗАЗ-1102 «Таўрыя», які канструктыўна нічога агульнага з «Запарожцам» ня меў. ЗАЗ-1102 — пярэдняпрывадны трохдзьверны хетчбэк з новым рухавіком МЕМЗ вадкаснага астуджэньня.

Экспартны варыянт «Jalta» / «Eliette»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Jalta 968

Нароўні з базавымі мадыфікацыямі аўтамабіляў ЗАЗ-965, ЗАЗ-965А, ЗАЗ-966, ЗАЗ-968 і ЗАЗ-968А, выпускаліся таксама іх экспартныя варыянты (у тым ліку і з рулём справа, для краінаў трэцяга сьвету, дзе левабаковы рух) — ЗАЗ-965Э, ЗАЗ-965АЭ, ЗАЗ-966Э, ЗАЗ-968Э і ЗАЗ-968АЭ. Яны мелі гандлёвае пазначэньне Jalta («Ялта») ці «Eliette» (у залежнасьці ад мэтавага рынка), і адрозьніваліся ад базавых мадэляў палепшанымі спажывецкімі якасьцямі.

Напрыклад, мадэлі «965Э» і «965АЭ» адрозьніваліся ад «965» і «965А» палепшанаю шумаізаляцыяю, наяўнасьцю зьлева вонкавага люстэрка задняга выгляду, попельніцаю, радыёпрымачом, молдынгамі па баках аўтамабіля і ніжняму беражку багажніка.

ЗАЗ-968Э і ЗАЗ-968АЭ у колькасьцях да 5000 штукаў у год прадаваліся ў Эўропе праз фінскую кампанію Konela і бэльгійскую Scaldia-Volga N.V.

Жарты пра «Запарожац»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лімузін на аснове ЗАЗ-965 (Масква, ст. м. "Аэрапорт", красавік 2009 г.)

Збольшага з-за нязвыклай для большасьці насельніцтва заднематорнай кампаноўкі, малагабарытнасьці і невысокага сацыяльнага стаса маркі, а таксама не заўсёды дастатковай якаьсці выраба, аўтамабілі ЗАЗ даволі часта былі аб'ектам жартаў і анэкдотаў. Так, ЗАЗ-965 быў празваны «гарбатым» за характэрную форму кузава, а таксама «габрэйскім браневіком»[1], ЗАЗ-966 і ЗАЗ-968 — «вушастым» ці «чабурашкаю» за форму бакавых паветразаборнікаў сыстэмы астуджэньня, а ЗАЗ-968М — «мыльніцаю» за падабенства формы страцілага бакавыя паветразаборнікі («вушы») кузавы з гэтым прадметам і наяўнасьці шчылінаў астуджэньня на капоце. У постсавецкія часы зьявілася мноства анекдотаў пра розныя ДТЗ з удзелам кіроўцы «Запарожца» і «новым расейцам» на «600-м Мэрсэдэсе»[2]. Таксама вядомыя анэкдоты пра перамовы з канцэрнам «Пежо» (іншы варыянт — «Паршэ») з-за немілагучнай камбінаванай назвы патэнцыйнае сумеснае маркі машыны («Запежонец», «Пежерожац», «Запаршывец» і іншыя).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ГРАМАТА.РУ — даведкава-інфармацыйны інтэрнэт-партал «Расейская мова» | Слоўнікі | Слоўнік рускага арго
  2. ^ Выява «новых расейцаў» у сучасным фальклоры // Народная культура Сыбіры. — Омск: Изд-у ОМГПУ, 1998. — С. 197—202.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фучаджи, К.С., Стрюк, Н.Н. Автомобиль ЗАЗ-968М "Запорожец". — 2-е изд., перераб і доп.. — М.: Транспарт, 1988. — ISBN 5-277-00139-5

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Запарожац (аўтамабіль)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў