Захоп Масджыд аль-Хараму

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Захоп Масджыд аль-Хараму
Саудаўскія жаўнеры ўрываюцца ў падзямельлі Ка’абы пад Вялікім мячэтам
Дата: 20 лістапада — 4 сьнежня 1979
Месца: Мэка, Саудаўская Арабія
Вынік:
  • Адваёва Вялікага мячэту Саудаўскай Арабіяй
  • Пакараньне сьмерцю арганізатараў і ўдзельнікаў
Супернікі
Саудаўская Арабія Саудаўская Арабія Іхваны[3]
Камандуючыя
Сьцяг Саудаўскай Арабіі кароль Халід
Сьцяг Саудаўскай Арабіі прынц Фахд
Сьцяг Саудаўскай Арабіі прынц Султан
Сьцяг Саудаўскай Арабіі прынц Абдула
Сьцяг Саудаўскай Арабіі прынц Наеф
Сьцяг Саудаўскай Арабіі Бадр бін Абдул-Азыз
Сьцяг Саудаўскай Арабіі Туркі бін Файсал
Сьцяг Саудаўскай Арабіі бр. ген. Фалех аль-Дхахеры
Сьцяг Саудаўскай Арабіі лейт. А. Кудэйбі
Сьцяг Саудаўскай Арабіі м. М. Зувэйд аль-Нэфай
Сьцяг Францыі лт. Поль Барыль
Джухайман аль-Утайбі
Абдула аль-Кахтані
Махамэд Файсал
Махамэд Эліяс
Колькасьць
  • ~10 000 гвардзейцаў Саудаўскай Арабіі
  • пакістанскія камандас
  • ня менш за 3 францускіх камандас
300—600 паўстанцаў[4]
Страты
  • 127 забітыя[1]
  • 451 параненыя

Захоп Масджыд аль-Хараму — ваенная апэрацыя ў лістападзе — сьнежні 1979 року, зьвязаная з захопам экстрэмістамі Масджыд аль-Хараму ў Мэцы (Саудаўская Арабія) з мэтаю скіданьня дынастыі Саўда. Паўстанцы абвясьцілі, што Махдзі («збавіцель ісламу») прыйшоў у абліччы аднаго зь іхніх лідараў — Махамэда Абдулы аль-Кахтані — і заклікалі мусульманаў падпарадкавацца яму.

Аблога найвялікшай сьвятыні ісламу, захоп у закладнікі вернікаў і сьмерць сотняў баевікоў, спэцслужбаў і закладнікаў пры атацы на сьвятыню патрэсьлі ісламскі сьвет. Аблога скончылася праз два тыдні пасьля захопу, мячэт быў зачышчаны[5]. Неўзабаве Саудаўская дзяржава ўвяла больш строгі кантроль ісламскага права[6].

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Захо ўзначаліў Джухайман аль-Утайбі, чалец уплывовай сям’і ў Надждзе. Ён назваў свайго зяця Махамэда Абдулу аль-Кахтані Махдзі, ці збавіцелем, які прыйшоў на зямлю за некалькі гадоў да Суднага дню. Ягоныя паплечнікі асабліва падкрэсьлівалі той факт, што імя Аль-Кахтані і ягонага бацькі тыя ж, што і ў прарока Магамэта з бацькам. Датаю нападу было абранае 20 лістапада 1979, першы дзень 1400 року паводле ісламскага календару, бо паводле аднаго з хадысаў у гэты дзень Муджадыд аб’явіць сябе[7].

Аль-Утайбі, прапаведнік і былы вучань аль-База, які стаў вялікім муфтыем Саудаўскай Арабіі, выступіў супраць свайго настаўніка «і пачаў заклікаць да вяртаньня на сапраўдны шлях ісламу, апроча іншага; разрыву з Захадам; забарона тэлебачаньня і выгнаньне немусульманаў»[8]. Ён заявіў, што кіроўная дынастыя Аль-Саудаў страціла легітымнасьць, бо стала скамрумпаванай, фанабэрыстай і зруйнавала саудаўскую культуру агрэсіўнай вэстэрнізацыяй[9].

Аль-Утайбі і Кахтані пазнаёміліся ў турме пры адседцы за заклікі да мецяжу, калі першы нібыта пабачыў відзеж ад Бога пра тое, што Кахтані ёсьць Махдзі. Яны займелі падтрымку мноства студэнтаў ісламскага ўнівэрсытэту Мэдыны. Прыхільнікі распаўсюджвалі іхняе радыкальнае пасланьне ў шматлікіх мячэтах па Саудаўскай Арабіі[10], і ўрад не імкнуўся абмяжоўваць іхнюю дзейнасьць, не выяўляючы ў іхніх словах ерасі ці загрозы[11]. Нават пасьля захопу Масджыду ўлемы адмовіліся назваць аль-Утайбі і ягоных аднадумцаў нявернымі, хоць яны і апаганілі сьвятыню.

Дзякуючы фундаваньням багатых прыхільнікаў група аль-Утайбі была добра ўзброеная і вымуштраваная. Сам ён і яшчэ некалькі чальцоў адслужылі ў Нацыянальнай гвардыі[12]; асобныя гвардзейцы пастаўлялі кантрабандныя зброю, амуніцыю, адгазьнікі і абсталяваньне[13]. За некалькі тыдняў да пачатку 1400 року кантрабандныя боепрыпасы і аўтаматычная зброя складалася ў сотнях падземных памяшканьняў мячэту, якія служылі пустэльняю(en)[14].

Хада падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Захоп[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зранку 20 лістапада 1979 року імам Вялікага мячэту шэйх Махамэд аль-Субаіль рыхтаваўся да малітвы для пяцідзесяці тысячаў вернікаў, якія прыйшлі на службу. Прыкладна а 5:00 яго спынілі паўстанцы са схаванай пад вопраткай зброяй, зачынілі браму і забілі двух паліцыянтаў, якія мелі з сабою толькі драўляныя дручкі[15]. Колькасьць захопнікаў была ацэненая ў «ня меней як 500»[9] альбо «ад чатырох да пяці соцень», сярод якіх былі некалькі жанчын і дзяцей[14].

Перш, чым паўстанцы перарэзалі тэлефонную сувязь, супрацоўнік рэстаўрацыйнае кампаніі «Saudi Binladin Group» пасьпеў паведаміць пра аблогу.

Інсургенты адпусьцілі большасьць пілігрымаў, зачыніўшыся з астатнімі ўнутры. Яны занялі абарончыя пазыцыі на верхніх паверхах і снайпэрскія пазыцыі ў мінарэтах, адкуль камандавалі астатнімі. Засталася невядомай колькасьць закладнікаў і саміх захопнікаў, і якую падрыхтоўку яны правялі.

У гэты час насьледны прынц Фахд зьехаў у Туніс дзеля ўдзелу ў арабскім саміце. Камандуючы нацыянальнай гвардыяй прынц Абдула знаходзіўся з афіцыйным візытам у Марока. Таму кароль Халід даручыў правядзеньне апэрацыі на міністра абароны прынца Султана і міністра ўнутраных справаў прынца Наефа.

Аблога[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Smoke rising from the Grand Mosque during the assault on the Marwa-Safa gallery, 1979.

Неўзабаве пасьля захопу мячэту каля сотні афіцэраў бясьпекі Міністэрства ўнутраных справаў правялі спробу атакі, аднак былі адбітыя зь вялікімі стратамі.

Да вечара ўсе насельніцтва Мэкі было эвакуяванае. Прынц Султан даручыў непасрэднае кіраўніцтва вайсковай апэрацыяй на месцы Туркі бін Файсалу аль Сауду, старшыні агульнай выведкі. Аднак першыя загады на дзеяньне мусілі быць ухваленыя ўлемамі на чале зьвялікім муфтыем Абдулам ібн Базам. Іслам забараняе любы гвалт унутры Вялікага мячэту, усутыч да таго, што без рэлігійнага дазволу нельга вырываць расьліны, што прарасьлі скрозь падлогу. Ібн Баз апынуўся ў далікатнай сытуацыі з улікам таго, што сам вучыў аль-Утайбі ў Мэдыне. Аднак улемы выдалі фатву на прымяненьне сьмяротнай зброі ў выпадку атакі на мячэт[16].

Пасьля атрыманьня дазволу спэцсілы правялі лабавую атаку на адну з трох галоўных брамаў і зноў былі адкінутыя, ня здолеўшы прарваць абарону. Эфэктыўна дзейнічалі снайпэры паўстанцаў. Свае патрабаваньні захопнікі трансьлявалі праз гучнамоўнікі мячэту, заклікаўшы спыніць экспарт нафты ў Злучаныя Штаты і выгнаць усіх замежных жыхароў і вайсковых экспэртаў з Арабійскага паўвостраву[17].

Афіцыйна саудаўскі ўрад пазыцыянаваў, што зьбіраецца не атакаваць мячэт, а замучыць нападнікаў голадам. Аднак разам з тым адбыліся яшчэ некалькі няўдалых спробаў захопу, адна зь іх праз падземныя тунэлі вакол храму[18].

Урэшце з дапамогай францускіх спэцназаўцаў быў распрацаваны плян па сьвідраваньні дзірак у падлозе і закіданьні памяшканьняў каністрамі з бэнзінам з мэтай «выкурыць» захопнікаў на вышэйшыя ўзроўні, дзе яны былі больш уражальныя да снайпэрскага вагню (паводле іншых зьвестак, у памяшканьні пускалі газ, аднак ён слаба распаўсюджваўся па ўсіх пакоях і ня даў жаданага эфэкту). Падчас уварваньня ў Масджыд аль-Хараму абодва бакі панесьлі значныя страты. Тых, хто схаваўся, шукалі, пырскаючы сьлезацечным газам[19].

За больш як два тыдні аблогі афіцыйна загінулі 255 пілігрымаў, жаўнераў і нападнікаў, яшчэ 560 параненыя.

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

The surviving insurgents under custody of Saudi authorities (c. 1979).
The surviving insurgents under custody of Saudi authorities (c. 1979).

Неўзабаве пасьля апублікаваньня зьвестак пра захоп Масджыд аль-Хараму новы ісламісцкі рэвалюцыйны лідэр Ірану Аятала Хамэйні па радыё заявіў, што гэта справа рук амэрыканскага імпэрыялізму і міжнароднага сыянізму[20][21]. Гэтыя плёткі спрычынілі антыамэрыканскія дэманстрацыі па ўсім мусульманскім сьвеце: у Філіпінах, Турэччыне, Бангладэшы, самой Саудаўскай Арабіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Пакістане[22]. У Ісламабадзе на наступны дзень была спаленая амбасада ЗША, праз тыдзень яшчэ адзін напад на амбасаду ЗША адбыўся ў Трыпалі[23].

Аль-Кахтані быў забіты пры атацы спэцназаўцаў на мячэт, а Джухайман і яшчэ 67 паплечнікаў былі схопленыя і пазьней абезгалоўленыя[9]. Кароль пацьвердзіў фатву (эдыкт) рады старэйшынаў[9], якая вінаваціла захопнікаў у сямі злачынствах:

  • парушэньне сьвятасьці Масджыд аль-Хараму;
  • парушэньне сьвятасьці падчас мухараму;
  • забойства мусульманаў;
  • непадпарадкаваньне законным уладам;
  • перашкода малітве ў Масджыд аль-Хараме;
  • памылковая ідэнтыфікацыя Махдзі;
  • выкарыстаньне бязьвінных у супрацьпраўных дзеяньнях.

9 студзеня 1980 63 паўстанцы былі публічна абезгалоўленыя на пляцах васьмі местаў (Бурайда, Дамам, Мэка, Мэдына, Рыяд, Абха, Хаіль і Табук).

Кароль Саудаўскай Арабіі Халід ня стаў здушваць пурытанскія плыні ў ісламе, але надаў улемам і рэлігійным кансэрватарам большую ўладу на дзесяцігодзьдзе, лічачы, што «супраць рэлігійнага бунту найлепшы сродак — болей рэлігіі». Сьпярша былі забароненыя фатаздымкі жанчынаў у газэтах, пасьля жанчыны на тэлевізіі. былі зачыненыя кінатэатры і музычныя крамы. У школах была павялічаная колькасьць гадзінаў вывучэньня рэлігіі за кошт такіх прадметаў, як неісламская гісторыя. Плоцевая сэгрэгацыя распаўсюдзілася на ўсе грамадзкія мясьціны нават да драбнюткае крамы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Pierre Tristam, "1979 Seizure of the Grand Mosque in Mecca", About.com Праверана 1 November 2011 г.
  2. ^ Attack on Kaba Complete Video. YouTube (23 July 2011). Праверана 8 June 2013 г.
  3. ^ {{{аўтар}}} 2009. С. 13.
  4. ^ THE SIEGE AT MECCA Праверана 2015 г.
  5. ^ Benjamin, The Age of Sacred Terror (2002) p. 90
  6. ^ Wright, Sacred Rage, (2001), p. 155
  7. ^ Benjamin, The Age of Sacred Terror, (2002) p. 90
  8. ^ Wright, Sacred Rage, (2001), p. 152
  9. ^ а б в г 1979 Makkah - Grand Mosque [aka Holy Mosque, Global Security
  10. ^ Wright, Looming Tower, (2006), p.88-9
  11. ^ Wright, Looming Tower, (2006), p. 103 — softcover
  12. ^ Wright, Looming Tower, (2006), p. 102 — softcover
  13. ^ Benjamin, The Age of Sacred Terror, (2002), p. 90
  14. ^ а б Wright, Looming Tower, (2006), p. 104 — softcover
  15. ^ Wright, Looming Tower, (2006), p. 101 — softcover
  16. ^ Wright, Looming Tower, (2006), pp. 103—104 — softcover
  17. ^ Wright, Looming Tower, (2006), p.92
  18. ^ US embassy cable of 22 November
  19. ^ US embassy cable of 27 November
  20. ^ On This Day, 21 November, BBC
  21. ^ «Khomeini Accuses U.S. and Israel of Attempt to Take Over Mosques», by John Kifner, New York Times, 25 November 1979
  22. ^ Wright, Robin B., 1948. Sacred Rage: The Wrath of Militant Islam. Simon & Schuster, c 2001, p. 149
  23. ^ [On 2 December 1979.] EMBASSY OF THE U.S. IN LIBYA IS STORMED BY A CROWD OF 2,000; Fires Damage the Building but All Americans Escape — Attack Draws a Strong Protest Relations Have Been Cool Escaped without Harm 2,000 Libyan Demonstrators Storm the U.S. Embassy Stringent Security Measures Official Involvement Uncertain, New York Times, 3 December 1979

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Aburish, Said K. The Rise, Corruption, and Coming Fall of the House of Saud, St. Martin’s (1996)
  • Benjamin, Daniel. The Age of Sacred Terror by Daniel Benjamin and Steven Simon, New York : Random House, (c2002)
  • Fair, C. Christine and Sumit Ganguly. «Treading on Hallowed Ground: Counterinsurgency Operations in Sacred Spaces», Oxford University Press (2008)
  • Hassner, Ron E. «War on Sacred Grounds», Cornell University Press (2009) ISBN 978-0-8014-4806-5
  • Kechichian, Joseph A. «The Role of the Ulama in the Politics of an Islamic State: The Case of Saudi Arabia», International Journal of Middle East Studies, 18 (1986), 53-71.
  • Trofimov, Yaroslav. The Siege of Mecca: The Forgotten Uprising in Islam’s Holiest Shrine and the Birth of Al Qaeda, Doubleday (2007) ISBN 0-385-51925-7 (Also softcover — Anchor, ISBN 0-307-27773-9)
  • Wright, Robin B. Sacred Rage : The Wrath of Militant Islam, Simon & Schuster (2001)
  • Wright, Lawrence. The Looming Tower: Al Qaeda and the Road to 9/11, New York : Knopf (2006) ISBN 978-0-375-41486-2 (Also softcover — New York : Vintage, ISBN 978-1-4000-3084-2)