Зволе (футбольны клюб)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зволе
Поўная назва Prins Hendrik Ende Desespereert Nimmer Combinatie Zwolle
Заснаваны 12 чэрвеня 1910
Горад Зволе, Нідэрлянды
Стадыён Эйсэльдэльта
Умяшчальнасьць: 12 500
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Эрэдывізія
 · 2022—2023 Ээрстэ дывізія, 2 месца (падвышэньне)
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
peczwolle.nl (нід.)

«Зволе» (па-нідэрляндзку: Zwolle) — нідэрляндзкі футбольны клюб з гораду Зволе. Заснаваны ў 1910 годзе. Уладальнік Кубка Нідэрляндаў (2014) і Супэркубка Нідэрляндаў (2014).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Футбольны клюб «ПЭК Зволе» быў закладзены 12 чэрвеня 1910 году як аб’яднаньне клюбаў «Прынс Гэндрык» і «Эндэ Дэсэспэрээрт Німэр». Прафэсійны статус клюб набыў 23 лютага 1955 году. ПЭК быў адным з трох самых папулярных клюбаў гораду поруч з ЗАК і «Звольсхэ Бойз». Цікава, што ЗАК быў клюбам, які падаваў інтарэсы мясцовай эліты, клюб «Звольсхэ Бойз» быў прадстаўніком рабочай клясы, а заўзятарамі ПЭКу звычайна былі людзі сярэдняе клясы[3]. Матчы клюбаў паміж сабой былі прынцыповымі, а асабліва зацятымі былі гульні паміж ПЭК і «Звольсхэ Бойз». Гэта было зьвязана ня толькі з тым, што стадыёны абодвух клюбаў месьціліся побач, але і з тым, што дружыны часта перасякаліся паміж сабой у спаборніцтвах. Не зважаючы на супрацьстаяньне, ПЭК і «Звольсхэ Бойз» ў 1969 годзе аб’ядналіся.

У 1977 годзе «Зволе» дакрочыў да фіналу Кубка Нідэрляндаў, але ў дадатковым часе саступіў «Твэнтэ». У тым жа годзе клюбу не хапіў толькі адзін пункт, каб прасунуцца ў Эрэдывізію. Ужо праз год паводле вынікаў сэзону 1977—1978 гадоў «Зволе» ўпершыню ў гісторыі трапіў у Эрэдывізію. Зволеўцы адразу ж фінішавалі на восьмым радку ў турнірнай табліцы на доўгія годы ўсталяваўшы асабісты рэкорд. Наступным разам гэтага ж месца клюб дасугнуў толькі ў сэзоне 2014—2015 гадоў. У той час у складзе клюбу быў цэлы шэраг таленавітых гульцоў, сярод якім асабліва вылучаўся Рынус Ісраэль. У хуткім часе фінансавы стан клюбу пагоршыўся, і, маючы мільённыя пазыкі ў гульдэнах, клюб фактычна быў на мяжы банкруцтва. У 1982 годзе кантроль над клюбам атрымаў Мартэн Эйбрынк, які сплаціў усе пазыкі і перабудаваў клюб. Акрамя таго, на клюбны стадыён быў перабудаваны, а да складу клюба былі запрошаныя легендарныя гульцы, як то Піт Схрэйвэрс, Джоні Рэп і Кеэс ван Коотэн. Клюб адужэў, але на вельмі непрацяглы час. Знакамітыя гульцы сышлі з клюбу, а «Зволе» апусьціўся ў Ээрстэ дывізію. Стан клюбу пагаршаўся і ў 1990 годзе ён ня здолеў унікнуць банкруцтва. Пасьля рэарганізацыі і запрашэньня талентаў, як то Яап Стам, Бэрт Контэрман, Ёган Гансма і Гэнры ван дэр Вэхт, справы пайшлі ўгору. У сэзоне 1992—1993 гадоў «Зволе» ня здолеў прасунуцца ў Эрэдывізію, але ў кубку спыніўся на стадыі чвэрцьфіналу, саступіўшы «Фэеноорду» толькі ў сэрыі пэнальці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]