Зруб

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зруб, Антарыё

Зруб — канструкцыя зь бярвеньняў, аснова драўлянага збудаваньня ў выглядзе пакладзеных адно на адно і змацаваных па краёх бярвеньняў. Зруб рабіўся звычайна з сасны, радзей зь яліны, на Берасьцейшчыне таксама ўжывалася асіна і алешына.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі зруб вядомы з ІІ-ІІІ стагодзьдзяў, калі ён прыйшоў на зьмену больш архаічнай слупавай канструкцыі збудаваньняў. А з ў Х-ХІІІ стагодзьдзях зрубная тэхніка стала пануючай на Беларусі. У далейшым на аснове зруба як плянава-прасторавай адзінкі збудаваньняў у выніку вар’іраваньня парамэтраў саміх збудаваньняў і іх завяршэньня былі вынайдзены разнастайныя віды кампазыцый: падоўжана-восевая, цэнтрычная і ярусная. Асабліва гэта характэрна для культавай архітэктуры.

На Беларусі па традыцыі зруб рабіўся адкрытым, не абмазваўся глінаю і не тынкаваўся. Для ўцяпленьня пазы між бярвеньняў маглі закладвацца імхом, або замазвацца глінаю. Ужо ў ХХ ст. шырокае распаўсюджаньне атрымала практыка ашалёўваньня зруба хаты звонку. Звычайна першы вянок зруба рабіўся з моцнага дрэва (дуба), якое магло класьціся проста на зямлю ці на спэцыяльныя калодкі (штандары) ці камяні па вуглах.

Віды змацаваньня зруба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Злучалі бярвеньні шляхам урубкі аднаго бервяна ў другое па вуглах зруба. Выдзяляюць наступныя спосабы змацаваньня бярвеньняў:

Вугал у чашку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вугал у чашку (спосабы злучэньня у абло, у вугал, просты вугал, расейскі вугал), або вугал з астаткам, калі за сьцены зруба выступалі канцы бярвеньня. Спачатку чашкі і пазы высякаліся ў ніжніх бярвеньнях, а на іх накладваліся верхнія, а пазьней пачалі высякацца ў верхніх, што лепей засьцерагала бярвеньні ад узьдзеяньня вільгаці. Тэхніка распаўсюджана ва ўсходняй і паўночнай Беларусі.

Просты замок[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Зруб клаўся з брусоў, у месцы злучэньня якіх рабіліся выемкі зьнізу і зьверху для больш трывалага змацаваньня. Тэхніка распаўсюджана ў заходнім Палесьсі. Магчыма запазычаны з Украіны.

Вугал у каню[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Чашкі вырэзваюцца з выемкай у адным бервяне і з выступам ў другім. Лічыцца самабытнай зьявай заходняга Палесься.

Чысты вугал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Таксама гладкі, нямецкі або вугал у лапу — зруб клаўся з брусоў, якія не выступалі вонкі. Лічыцца, што тэхніка ўзьнікла пад уплывам мураванай архітэктуры. Параўнальна шырока распаўсюджаны на захадзе Беларусі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Якімовіч, Ю. А. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся. Мн., 1978.
  • Сабаленка, Э. Р., Гуркоў, У. С., Іваноў, У. М., Супрун, Дз. Д. Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зрубсховішча мультымэдыйных матэрыялаў