Дзьмітры Даўгяла

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Зьміцер Даўгяла»)
Дзьмітры Даўгяла
Дзьмітры Іванавіч Даўгяла
Дата нараджэньня 20 кастрычніка (1 лістапада) 1868
Месца нараджэньня вёска Казьяны, Гарадоцкі павет, Віцебская губэрня
Дата сьмерці красавік 1942 (73 гады)
Месца сьмерці сяло Пахта-Арал, Чымкенцкая вобласьць, Казахстан
Месца вучобы Пецярбурская духоўная акадэмія (1894)
Занятак архівіст, гісторык
Навуковая сфэра Гісторыя
Месца працы Бібліятэка Беларускай акадэміі навук (1929-1937)
Навуковая ступень кандыдат багаслоўя[d]

Дзьмітры Іванавіч Даўгяла (1 лістапада [ст. ст. 20 кастрычніка] 1868 , вёска Казьяны Гарадоцкага павету Віцебскай губэрні, цяпер Шумілінскі раён Віцебскай вобласьці — красавік 1942, Казахстан; Крыптанімы: Д. Д., Дм. Д.) — беларускі археограф і гісторык.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1894 скончыў Пецярбурскую духоўную акадэмію. Працаваў у Віцебскім і Віленскім цэнтральных архівах старажытных актаў. У 1906 рэдагаваў газэту «Белая Русь». Чалец, а з 1913 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі, рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества». У 1915 пераехаў у Магілёў, дзе працаваў у архіве. У сьнежні 1917 году ўдзельнічаў у Першым Ўсебеларускім кангрэсе. З 1921 загадчык Магілёўскага губэрнскага архіву. 3 1925 супрацоўнічаў у Інбелкульце. У 1929 узначальваў бібліятэку Акадэміі навук Беларусі, а з 1937 навуковы супрацоўнік акадэмічнага Інстытуту гісторыі АН Беларусі.

3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Зьмітра Даўгялы прадугледжвалася «спальваць»[1]. 10 сьнежня 1937 арыштаваны і згодна з пастановай пазасудовых органаў 11 верасьня 1939 высланы ў Казахстан тэрмінам на 5 рокаў. Паводле неўдакладненых зьвестак памёр там у красавіку 1942. Рэабілітаваны пасьмяротна 9 чэрвеня 1964.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар працаў па гісторыі беларускіх местаў. Складальнік і рэдактар «Гістарычна-юрыдычных матэрыялаў...» (т. 27 — 32, 1899—1906), браў удзел у выданьні Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі (т. 32-37, 1907—1912), рэдактар і складальнік «Беларускага архіву» (т. 1 — 3, 1927—1930) падрыхтаваў «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду фэадалізму» (т. 1 — 2, 1934—1935), адзін са складальнікаў «Гісторыі Беларусі ў дакумэнтах і матэрыялах» (т.1, 1936). Першы дасьледаваў гісторыю і гістарычную тапаграфію полацкіх, Барысаўскага, Сьвіслацкага і Аршанскага замкаў. Аўтар працаў па гісторыі местаў і мястэчак Беларусі. Сярод якіх магчыма адзначыць:

  • Радошковичи, заштатный город Виленской губэрнии. Вильна, 1907;
  • Дацэнт Дзьм. І. Даўгяла. Літоўская Мэтрыка. (Гісторыя, склад) // Савецкая Беларусь : штодзённая грамадзка-палітычная газэта. — 1926, 29-га студзеня. — № 22 (1617). — С. 6, 7.
  • З гісторыі беларускага пісьменства XVII ст. Мн., 1927;
  • Літоўская Мэтрыка і яе каштоўнасьць для вывучэньня мінуўшчыны Беларусі. Рыга, 1933;
  • Дакументы да гісторыі музэю Г.Х. Татура ў Менску. //Запіскі адзелу гуманітарных навук.Працы клясы гісторыі. — Менск, 1929. — Кн.8. — с.549-560.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аляксандар Агееў, Ігар Пушкін. Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта (1917—1918 гг.) : да 100-годдзя стварэння Магілёўскага Беларускага Камітэта і абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. — Магілёў: Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. А. А. Куляшова. — Т. 2017. — С. 15, 20, 22, 30, 32, 38, 42, 48, 77, 80, 82, 117, 119, 126. — 288 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-568-270-8
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Улащик Н. Н.. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. — Москва: Наука, 1973. — С. 13, 14, 65, 81, 87, 115, 116, 126, 143, 148, 149, 156, 171, 173, 178, 179, 181, 182, 184, 195, 199, 239, 248—256, 264, 273, 277. — 302 с. — 1650 ас.