Зьнешняя палітыка Мальты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

На працягу шэрагу год пасьля атрыманьня незалежнасьці ў 1964 годзе, Мальта праводзіла палітыку цеснага супрацоўніцтва зь Вялікабрытаніяй і іншымі краінамі НАТО. Пасьля перамогі Лейбарысцкай партыі на яе загад быў зачынены офіс НАТО на Мальце, а таксама былі спыненыя паходы Шостага флёту ЗША ў краіну.

Пасьля істотнага павелічэньня аб’ёму фінансавых унёскаў ад шэрагу краінаў НАТО (у тым ліку ЗША), брытанскія войскі заставаліся на Мальце да 1979 году. Па заканчэньні знаходжаньня замежнага кантынгенту лейбарысты намецілі курс нэўтралітэту і ўваходу краіны ў Рух недалучэньня.

Мальта зьяўляецца актыўным удзельнікам ААН, Садружнасьці нацыяў, Савету Эўропы, АБСЭ і шэрагу іншых міжнародных арганізацыяў.

Нацыяналістычная партыя (Partit Nazzjonalista) абраная ў траўні 1987 году, некаторы час працягвала праводзіць палітыку нэўтралітэту і недалучэньня. Для разьвіцьця гандлю і інвэстыцыяў Мальта выйшла з Руху недалучэньня і пачала збліжэньне з ЗША і Эўропай. З 1992 году караблі ВМС ЗША пачалі рэгулярна выконваць візыты на Мальту.

1 траўня 2004 году Мальта стала паўнапраўным чальцом Эўрапейскага зьвязу.