Зэўс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зэўс

Зэўс
бог грому і маланкі, вярхоўны бог
Месцазнаходжаньне гара Алімп
Сымбалі эгіда (шчыт), скіпэтр, арол
Жонка Гера
Бацька Кронас
Маці Рэя
Браты і сёстры Пасэйдон, Гадэс, Дэмэтра, Гестыя, Гера
Дзеці Арэс, Атэна, Апалён, Артэміда, Афрадыта, Дыёніс, Гэбэ, Гермэс, Гэракл, Алена Траянская, Гефэст, Пэрсэй, Мінас, Музы
Адпаведнік у Рымскай міталёгіі Юпітэр

Зэўс (па-старажытнагрэцку: Δίας (літ. «Сьветлае неба») ці Ζεύς, мікен. di-we «Дзій») — у грэцкай міталёгіі вярхоўнае божышча, сын тытанаў Кронаса й Рэі. Усемагутны бацька багоў, уладар вятроў і хмараў, дажджу, грымотаў і маланкі.

Зьяўленьне і станаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зэўс зьяўляецца сынам тытанаў Кронаса ды Рэі. Кронас, баючыся напаткаць лёс свайго бацькі Ўрана і быць зьвергнутым сваімі дзецьмі, загадаў Рэі прыносіць сваіх народжаных немаўлят да сябе, каб пазбавіцца іх. Кожны раз ледзь вытрымлівала мацярынскае сэрца калі Кронас праглынаў чарговае дзіця. Перад зьяўленьнем Зэўса ўжо пецярых немаўлят пазбавіўся тытан: Гестыі, Дыметры, Геры, Аіда і Пасэйдона. І Рэя, па радзе сваіх бацькоў Урана ды Геі схавалася ў пячоры, што на Крыце, дзе і нарадзіла тайна малодшага Зэўса, а Кронасу замест дзіця аддала запеленаны камень.

Пакуль Зэўс рос на Крыце, німфы Адрастэя і Ідэя забаўлялі малога, кармілі малаком казы Амалфэі, пчолы насілі мёд з высокай гары Дзікты, а пры ўваходзе ў пячору стаялі юныя курэты, што білі ў шчыты кожны раз, калі малы плакаў, каб гэтага не пачуў жорсткі Кронас.

Пасталеўшы, Зэўс вымусіў Кронаса вярнуць паглынутых ім братоў і сясьцёр, зь якімі, пасяліўшыся на гары Алімп, і прадоўжыў барацьбу з тытанамі. На бок паўстанцаў сталі некаторыя тытаны, таксама цыклёпы і вызваленыя Зэўсам сторукія веліканы-гекатанхэйры. Пасьля працяглай барацьбы богі перамаглі тытанаў, якіх скавалі і зрынулі ў вечную цемру Тартара, у меднай нязломнай брамы якога паставілі на стражу сторукіх гекатанхэйраў. Даведаўшыся аб лёсе сваіх дзяцей-тытанаў, Гея разгневалася на Зэўса, і нарадзіла ад Тартара стогаловую пачвару Тыфона, якога Зэўс, ўрэшце, таксама скінуў у Тартар.

Дасягнуўшы перамогі над усімі ворагамі і ўсталяваўшы мір і супакой, богі падзялілі паміж сабой вотчыну: Зэўс узяў сябе недасяжнае неба, Аід — падземнае царства душ памерлых, а Пасэйдон — марское бязьмежжа.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кун, Н. А. Легенды и мифы древней Греции. — М.: Государственное учебно - педагогическое издательство министерства просвещения РСФСР, 1957. — 464 с.