Зікурат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
5-ці ступеневы зікурат рэлігійнага цэнтру Эламу Дур-Унташ (цяпер — Чогха-Занбіль), XIII ст. да н. э.

Зікура́т (ад акадзкага ziqqurrat — вяршыня, найвышэйшая вяршыня гары) — ступеневая культавая пабудова ў старажытным Міжрэччы. Такія пабудовы были тыповымі для бабілёнскай, эламскай, асырыйскай і шумэрскай культураў. Зікураты таксама былі першымі ў гісторыі чалавецтва цэнтрамі навукі, своеасаблівымі абсэрваторыямі, у якіх жрацы назіралі за нябёснымі сьвяціламі і жыцьцём Сусьвету.

Першыя зікураты ў форме прымітыўных ступеневых тэрасаў зьявіліся ў Шумэры ў канцы IV тысячагодзьдзя да н. э.. Шумэры, а за імі — асырыйцы ды бабілёнцы пакланяліся сваім багам на вяршынях гор і, захаваўшы гэтую традыцыю пасьля перасяленьня ў нізіннае Міжрэчча, ўзводзілі храмы-насыпы, злучаючы неба й зямлю.

Зікурат уяўляе сабою вежу з разьмешчанымі адна на адной звужаных да верху плятформаў — паралелепіпэдаў або ўсечаных пірамідаў колькасьцю ад трох (у шумэраў) да сямі (у бабілёнцаў), што ня мелі інтэр’еру, за выняткам верхняга пляцыку, на якім разьмяшчалася сьвятыня — «жытло Бога». Тэрасы зікурату расфарбоўваліся ў яскравыя колеры і злучаліся лесьвіцамі або пандусамі, сьцены падзяляліся прастакутнымі нішамі. Усярэдзіне сьценаў разьмяшчаліся пакоі, у якіх мешкалі сьвятары і храмавая прыслуга. Побач зь зікуратам разьмяшчаўся храм, яго лічылі домам багоў, а не памяшканьнем для рытуалаў, абрадаў і малітваў. Матэрыялам для збудаваньня зікуратаў была цэгла — саман, дадаткова ўзмоцненая слаямі трысьнягу, звонку зікураты абліцоўвалі апаленаю цэглаю. Дажджы і ветры руйнавалі гэтыя будынкі, іх пэрыядычна паднаўлялі й рэстаўравалі, таму яны з часам станавіліся вышэйшымі і большымі, зьмянялася й іхняя канструкцыя.

Шумэры будавалі трохступеневыя зікураты ў гонар вярхоўнай тройцы свайго пантэону — бога паветра Энліля, бога водаў Эа і бога неба Ану. Бабілёнскія зікураты былі сяміступеневымі, расфарбаванымі ў сымбалічныя колеры плянэтаў (у старажытным Бабілёне было вядома пяць плянэтаў): чорны (Сатурн, Нінурта), белы (Мэркурый, Набу), пурпуровы (Вэнэра, Іштар), сіні (Юпітэр, Мардук), яскрава-чырвоны (Марс, Нэргал), срэбны (Месяц, Сын) і залаты (Сонца, Шамаш).

Зікурат Этэмэнанкі. Графічная рэканструкцыя, аўтар — Робэрт Ёган Колдэўэй, 1919 р.

Кожнае места Бабілёніі мела ўласны зікурат. Пэўна вядома пра 32 зікураты Мэсапатаміі і вакол яе. Найзнакаміцейшым ёсьць Зікурат Этэмэнанкішумэрскае — Нарожны камень Зямлі ды Неба) у Бабілёне — легендарная Бабілёнская вежа. Вышынёю ды шырынёю ў 90 мэтраў, Этэмэнанкі меў 7 вэртыкальных выступаў, расфарбаваных у розныя колеры. Аблямаваная цэглаю паверх сырцовае кладкі, вежа была моцна змацаваная росчынай бітуму. Выкладзены сіняй кафляй верхні храм бога Мардука быў увенчаны залатымі рагамі — знакам пладароднасьці. Усярэдзіне храму не было ні статуяў, ні барэльефаў — адно пазалочаныя стол ды ложа вызначалі месца мяшканьня бажышча. Этэмэнанкі быў складоваю часткаю разьмешчанага на плошчы ў 16 гектараў ды аточанага мурам з 12-цю брамамі храмавага комплексу бога Мардука — Эсагіла, які ўшчэнт зруйнавалі ў VI ст. да н. э. войскі пэрскага цара Ксэркса.

У пазьнейшыя часы зікураты былі больш адміністрацыйнымі цэнтрамі, чымся сакральнымі пабудовамі. Апошні заўважны выбух актыўнасьці ва ўзьвядзеньні мэсапатамскіх зікуратаў зафіксаваны ў VI ст. да н. э., у канцы Новабабілёнскага пэрыяду. Зікураты зьберагліся ў Іраку (у старажытных месцах Барсыпе, Бабілёне, Дур-Шарукіне, усе — I-га тыс. да н. э.) ды ў Іране (архітэктурны комплекс Чогха-Занбіль, XIII ст. да н. э.). Цяпер часткова адрэстаўраваны адзін з найстарэйшых зікуратаў цара Ур-Наму ў Уры канца III-га тыс. да н. э. (гл. Вялікі зікурат Ура).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дмитриева Н. А., Виноградова Н. А. Искусство Древнего мира — М., 1989 (рас.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Зікуратсховішча мультымэдыйных матэрыялаў