Казімер Леў Сапега

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Казімер Леў Сапега
Казімер Леў Сапега. Партрэт XVII ст.
Казімер Леў Сапега. Партрэт XVII ст.

Герб «Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 15 ліпеня 1609
Вільня
Памёр 19 студзеня 1656 (46 гадоў)
Берасьце
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Леў Сапега
Гальшка з Радзівілаў
Жонка Тэадора з Тарнаўскіх
Дзейнасьць палітык

Казі́мер Леў Сапе́га (15 ліпеня 1609, Вільня — 19 студзеня 1656, Берасьце) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Каралеўскі сакратар і пісар вялікі (1631—1637), маршалак дворны (1637—1645) і падканцлер (з 1645).

Быў старостам рагачоўскім[2], слонімскім, волпенскім і любашанскім[3], а таксама адміністратарам Берасьцейскай эканоміі. Валодаў лятыфундыяй з цэнтрам у Ружанах, дамогся ад вялікага князя прывілеяў на Магдэбурскае права і кірмашы для сваіх мястэчак Бялынічаў, Талачына, Бешанковічаў, Ружанаў[4]. Таксама вядомы як заснавальнік картускага кляштару ў Бярозе і катэдры права ў Віленскім унівэрсытэце.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Льва, канцлера літоўскага, і Гальшкі з Радзівілаў. Меў братоў Крыштапа Міхала і Яна Станіслава.

Навучаўся ў Віленскай акадэміі, працягваў адукацыю ў Мюнхэнскім езуіцкім калегіюме, Інгальштацкім, Лёвэнскім і Балёнскім унівэрсытэтах[2].

Тэадора з Тарноўскіх

У 1631 годзе атрымаў урады каралеўскага сакратара (ліпень) і пісара вялікага літоўскага (22 верасьня 1631 году), займаўся ўпарадкаваньнем архіву Кароны. Браў удзел у канвакацыйным сойме 1632 году. Удзельнічаў у складаньні Палянаўскай мірнай дамовы 1634 году, меў вялікі давер у караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы. У траўні 1637 году стаў маршалкам надворным літоўскім. Абіраўся паслом на соймы ў 1637 і 1647 гадох. 6 сакавіка 1645 году атрымаў урад падканцлера літоўскага.

Па сьмерці Ўладзіслава Вазы стаў прыхільнікам Яна Казімера Вазы, хоць перад гэтым падтрымліваў Карла Фэрдынанда Вазу, які лічыў К. Л. Сапегу сваёй апорай у Вялікім Княстве Літоўскім у часы безкаралеўя.

Пры Віленскай акадэміі заснаваў фонд на ўтрыманьне 4-х прафэсараў і ахвяраваў на гэта 12 500 злотых. Таксама перадаў акадэміі Ружанскую бібліятэку, сабраную яго бацькам і ім самым. Тая бібліятэка, названая як і акадэмія — Сапежынскай, налічвала каля 3 тысячаў тамоў і складалася з рэдкіх кніг[3].

Браў удзел у вайне з казакамі ўва Ўкраіне (1648—1653), складаньні Збораўскага пагадненьня, бітве пад Берастэчкам.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) выставіў уласны полк. Выступаў супраць пагадненьня Януша Радзівіла з Карлам X Густавам. Увосень 1655 году пад Берасьцем каардынаваў ваенныя дзеяньні супраць маскоўскіх і швэдзкіх войскаў, аднак стан ягонага здароўя ў той час пагоршыўся. У лістападзе 1655 году, па паразе пад Вярховічамі, фармальна прызнаў швэдзкі пратэктарат над Вялікім Княствам Літоўскім. У пачатку 1656 году атрымаў ад Яна Казімера даручэньне весьці перамовы пра мір з маскоўскім гаспадаром Аляксеем Міхайлавічам, аднак неўзабаве памёр.

У 1639 годзе ажаніўся з Тэадорай Тарнаўскай. Нашчадкаў не пакінуў. Спачыў у касьцёле картузаў у Бярозе Картускай[5].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малярства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі (белар.)Мінск: Віктар Хурсік, 2017. — С. 57. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  2. ^ а б Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 548.
  3. ^ а б Трызна Ц. Казімер Леў Сапега(недаступная спасылка) // «Гістарычная брама» № 2, 1997.
  4. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1.
  5. ^ Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 47.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]