Калячыцкія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Калячы́цкія (па-расейску: Калечицкие), Сасіны-Калячы́цкія — шляхецкі род уласнага гербу, вядомы з 15 ст. Згодна з высновамі дваранскага паходжаньня ў Расейскай імпэрыі, гербу Котвіч, узыходзіць да XVII ст. і занесены ў VI частку РК Валынскае й Смаленскае губэрняў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснавальнік роду — Тодар, дзяк на службе пана Якуба Іванавіча Шчыта, ад якога атрымаў у 1469 г. войтаўства Бацікоўскае ў павеце Мельніцкім на Падляшшы. Адзін зь яго сыноў, гаспадарскі дваранін Сасін, або Сенька Федаровіч атрымаў 24.04.1501 г. прывілей ад Вялікага князя Аляксандра Ягелончыка на жрэбій Хадасоўскі ў сяле Калечычы (Калечыцы) у Берасьцейскім павеце, які перад гэтым быў набыты возным гаспадарскім Рачко ў Калечычаў . Яго нашчадкі менаваліся Сасінамі, або Сасіновічамі з Калечыц, ці Калячыцкімі. У 1518 і 1524 г. даводзілі свае паходжаньне, ставілі «род свой» — баяраў-шляхту Слонімскага павета Сьвецічаў (Сьвіцічаў) і, па жаночай лініі, двараніна гаспадарскага Разанца (нашчадка смаленскіх і бранскіх баяр татарскага паходжання Разанцаў, ці Разанцавых). Ужо ў 2 палове XVI ст. род быў моцна разгалінаваны, у XVII ст. розныя галіны жылі ў Берасьцейскім і Пінскім паветах Берасьцейскага ваяводзтва, Менскім павеце Менскага, Ковенскім і Гарадзенскім паветах Троцкага і Наваградзкім павеце Наваградзкага ваяводзтваў, на Валыні, у Люблінскім ваяводзтве і Віскай зямлі.

У часы ВКЛ прадстаўнікі роду займалі земскія ўрады і пасады: скарбнік, падчашы, мечнік, струкчашы надворны, пісар гродзкі, дэпутат Галоўнага трыбуналу ВКЛ, войт, архімандрыт. Абіраліся шляхтай да подпісу элекцыі ў 1632 і 1648 г. з павету Пінскага, у 1674 г. зь Менскага і Гарадзенскага паветаў.

Бралі шлюб з шляхтай з наступных родаў: Храптовічы-Багурынскія, князі Багрыноўскія, Стэцкевічы, Курапатніцкія, Вількоўскія, Ілічы, Касіньскія, Умецкія, Бенькоўскія, Кандзераўскія, Андраноўскія, Маркоўскія.

У XV-XVIII стст. прадстаўнікі роду валодалі маёнткамі:

  • Мельніцкі павет Падляскага ваяводзтва: Бацікі, або Бацікава, Бацікоўская воласьць і войтаўства на нямецкім праве.
  • Берасьцейскае ваяводзтва: Калечыцы, Рагачы, Тумін, Мілейчыцы (частка), Баравікі, Крышоўшчына, Зьдзітава, Рагозна, Межылесьсе, Целяціцкі, Кудзіна, Шарашова.
  • Наваградзкае ваяводства: Гледневічы.
  • Менскае ваяводзтва: Коргава Станавішча, Ганавішча, Пархава, Панізоўе, Туркакоўшчына, Сьвідна.
  • Віленскае ваяводзтва: Гоза.
  • Троцкае ваяводзтва: Котра (да 1530-х г.), Казельнішкі, Альшэнішкі, Панiжаны.

У якасьці нашчадкаў па жаночай лініі прозьвішча, верагодна, захавалі Халюціны-Калячыцкія ў Смаленскім ваяводзтве.


Іншы род, які насіў прозвішча Калячыцкі у ВКЛ, быў польскага паходжання і паходзіў ад сыноў Станіслава Калецкага, войта з Маколіна, набілітаваных у 1533 г. на Петракоўскім сойме. Атрымалі герб Котвіч праз адопцыю ад Крыцкіх. З тых Мацей Калецкі, ксёндз-пробст, канонік Віленскі і сакратар Жыгімонта Аўгуста і Павел, абат і афіцыял Плоцкі набылі частку маёнтка Калечыцы, якая ляжала ў Бельскім павеце на мяжы з грунтамі Сасінаў-Калячыцкіх у Берасцейскім павеце і ад гэтых зямель, менаваўшыяся Калячыцкімі. Па тэстаменту Мацея Калячыцкага 1576 г. землі адышлі да яго пляменніка Міхала, сына Яна Калячыцкага. Паводле С. Урускага, ад іх паходзілі Каліцкія гербу Котвіч, выводзячыяся ў Віленскай і Ковенскай губернях у XIX ст.


У Менскім павеце на землях Койданаўскага графства на чыншы, баярскай і зямянскай павіннасьці таксама жыла шляхта Калячыцкія, ці Калечыцы , паходзячыя з сяла Калечыцы Дзеляціцкай воласці Наваградзкага павета, якія мелі іншае паходжанне і паходзілі ад урадніка Вераскоўскага Якуба Андрэевіча Калечыца Хадасовіча, які атрымаў землі на земскім праве ад Настассі з Неміровічаў Мікалаевай Глябовічавай каля 1542-1550 г. Даводзілі свае шляхецкае паходжаньне ў Менскім ніжнім земскім судзе да 1817 г., матэрыялаў суда не захавалася. 02.04.1859 г. адна галіна роду была далучана да роду Каліцкіх гербу Котвіч Віленскай губэрні, зацьверджаных у дваранстве указам паводле Герольдыі 30.04.1837 г. за №4201 і была ўнесена ў I частку РК Ковенскае губэрні. Зацьверджана Указам Сэнату №5426 14.06.1860 г.

Некаторыя прадстаўнікі роду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Філёзаф Фёдаравіч Сасін-Калячыцкі — архімандрыт Марэнінскага мужчынскага манастыра на Валыні, ягоны пажыцьцёвы карыстальнік паводле ліста 29.03.1577 г., наданага Янам Хадкевічам;
  • Крыштаф Сасіновіч Калячыцкі Нагорны Мінкоўскі — праўнук Філёзафа, сын Яна Гаўрылавіча Сасіна Калячыцкага і княжны Марыны Дзьмітрыеўны Адзінцэвіч Багрыноўскай. Удзельнік ваенных экспедыцый Жыгімонта III, пісар гродскі Менскі (1635), мечны ваяводства Менскага (1636);
  • Максімільян Васільлевіч Сасін-Калячыцкі — ганец да Івана Андрэевіча Хаванскага пад Смаленскам у 1615 г., дзяржаўца Маладзечненскі, пазьней струкчашы каралеўскі, падпісаў элекцыі 1632 і 1648 гг.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Herbarz polski Kaspra Niesieckiego, t.11, s.206.
  • Rodzina. Herbarz szlachty polskiej, Uruski Seweryn.
  • Акты Віленскай археаграфічнай камісіі.