Калікст III (папа рымскі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Папа
Калікст III
Callistus III
Пачатак папства8 красавіка 1455
Канец папства6 жніўня 1458
ПапярэднікМікалай V
НаступнікПіюс II
Пасьвечаньні
Кансэкрацыя 31 жніўня 1429
 П’ерам дэ Фуа
Кардынальства 2 траўня 1444
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньніАльфонса дэ Борха
Нарадзіўся 31 сьнежня 1378
Канальс, Валенсія, Арагонская карона
Памёр 6 жніўня 1458
Рым, Папская дзяржава
Пахаваны
Дэнамінацыякаталіцтва[1]
Бацькі Дамінга дэ Борха[d]
Francisca (Marti)[d][2]
Заняткікаталіцкі сьвятар
Гербгерб
Іншыя папы па імені Калікст

Па́па Ка́лікст III (па-лацінску: Callixtus III) або Каліст III (лац. Callistus III; 31 сьнежня 1378, Канальс, Валенсія, Арагонская карона — 6 жніўня 1458, Рым, Папская дзяржава), ад нараджэньня Альфонс дэ Борха (Борджыя) (па-гішпанску: Alfons de Borja, па-італьянску: Alfonso di Borgia) — Папа рымскі (8 красавіка 1455 — 6 жніўня 1458[3]). Апошні папа, які ўзяў пасьля абраньня імя Калікст.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Альфон дэ Борха нарадзіўся ў Ля Тарэце, цяпер у ваколіцах Канальсу (Гішпанія).

Падчас заходняй схізмы падтрымаў антыпапу Бэнэдыкта XIII. Выкладаў права ва ўнівэрсытэце Льейды, пазьней быў дыпляматам пры двары каралёў Арагону, у прыватнасьці падчас Базэльскага сабору (1431—1439). Калі дзякуючы ягоным намаганьням кароль Нэапалю Альфонс I прызнаў папам Марціна V, апошні прызначыў Альфонса біскупам Валенсіі. У 1444 року папа Эўгеніюш IV падняў яго да кардынальскай годнасьці.

На канкляве 1455 року Альфон дэ Борха быў абраны Папам у вельмі сталым веку як кампрамісны кандыдат. На стальцы ўсяляк прасоўваў на царкоўныя пасады прадстаўнікоў і прыхільнікаў роду Борджыя. 20 лютага 1456 надаў двум сваім пляменьнікам званьні кардыналаў. Адзін зь іх, Радрыга дэ Борха (Борджыя), пазьней стаў Папам Аляксандрам VI, які запомніўся сваёй карумпаванасьцю і распустай[4]; другім быў Люіс Хуліян дэ Міля.

У 1456 Калікст III выдаў Партугаліі папскую булу Inter Caetera, якой пацьвярджаў правы партугальцаў на заняволеньне няверных і маўраў, нададзеныя ім ранейшымі буламі Romanus Pontifex і Dum Diversas, што фактычна пацьвярджала згоду папства на прыгнёт афрыканцаў. Такім чынам, ягоная Inter Caetera наўпрост супярэчыла сьцьвярджэньню ў буле Sicut Dudum Эўгеніюша IV (1435), паводле якой няверныя былі прызнаныя стварэньнямі паводле падабенства Божага і мелі душу, а значыцца, хрысьціяне ня мелі права пазбаўляць іх волі.

Адной з галоўных мэтаў ягонага пантыфікату была арганізацыя крыжовага паходу супраць туркаў, што захапілі ў 1453 року Канстантынопаль. Насуперак гераічным намаганьням, ніхто з эўрапейскіх кіраўнікоў не адгукнуўся на заклік. Аднак Калікст усё ж здолеў сабраць даволі буйны флёт, які вызваліў некаторыя з Эгейскіх астравоў.

29 чэрвеня 1456 Калікст загадаў званіць ва ўсе званы апоўначы як заклік да малітвы, а пазьней да малітвы ў падтрымку абаронцаў Бялграду[5][6]. Пасьля перамогі над туркамі 22 ліпеня аблога Бялграду была спыненая, і ў гонар гэтай падзеі Калікст III пастанавіў сьвяткаваць 6 жніўня сьвята Перамяненьня, якое й дагэтуль абавязковае ва ўсёй Заходняй царкве.

Калікст загадаў перагледзець працэс над Жаннай д’Арк, і 7 ліпеня 1456 року яна была апраўданая[7].

Ён зацьвердзіў заснаваньне ў 1456 року Грайфсвальдзкага ўнівэрсытэту.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Catholic-Hierarchy.org (анг.)USA: 1990.
  2. ^ Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
  3. ^ Hibbert, Christopher, The Borgias and their enemies: 1431—1519, (Houghton Mifflin Harcourt, 2008), 11.
  4. ^ The Lives and Times of the Popes, Vol.4, Ed. Artaud de Montor, (Catholic Publication Society of America, 1911), 190.
  5. ^ Thomas Henry Dyer. The history of modern Europe: from the fall of Constantinople, in 1453, to the war in the Crimea, in 1857. — J. Murray, 1861. — С. 85.
  6. ^ István Lázár. 6. The Fleur-de-lis and the Raven // Hungary. A Brief History / Translated by Albert Tezla.
  7. ^ Ronald Sutherland Gower. Chapter VII. The Rehabilitation // Joan of Arc. — J. C. Nimmo, 1893.
Папярэднік
Мікалай V
Папа рымскі
8 красавіка 1455 — 6 жніўня 1458
Наступнік
Піюс II