Калі нацысты прыйшлі…

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Калі́ нацы́сты прыйшлі́…» — вядомае выказваньне пастара Мартына Німёльлера, датычнае бязьдзейнасьці нямецкіх інтэлектуалаў падчас прыходу нацыстаў да ўлады і пачатку імі чыстак розных слаёў грамадзтва. Існуюць некалькі вэрсіяў фразы. Паводле аднае зь іх, тэкст выглядае наступным чынам:

Калі нацысты прыйшлі па жыдоў,
я змаўчаў, бо ня быў жыдом.

Калі яны прыйшлі па камуністаў,
я змаўчаў, бо ня быў камуністам.

Калі яны прыйшлі па чальцоў прафзьвязу,
я змаўчаў, бо ня быў чальцом прафзьвязу.

Калі яны прыйшлі па мяне,
не было каму заступіцца за мяне.

Пэўна нельга вызначыць ані арыгінальны выгляд сьцьверджаньня, ані час ягонага зьяўленьня.

Аўтар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мартын Німёльлер быў антыкамуністам і сьпярша з гэтае прычыны вітаў прыход Гітлера да ўлады. Але, зразумеўшы, што Гітлер ставіць дзяржаву вышэй за рэлігію, Марцін стаў лідэрам аднаго з рэлігійных аб’яднаньняў, што супрацьстаяла Гітлеру. У 1937 годзе ён быў арыштаваны, у 1938 годзе трапіў у канцлягер Заксэнхаўзэн, пазьней у Дахаў.

Пасьля вызваленьня ў 1945 годзе войскамі хаўрусьнікаў працягнуў пастарскае служэньне ў Нямеччыне. Ягонае выслоўе, якое часам прадстаўляецца ў выглядзе верша, стала шырока распаўсюджаным і цытаваным для апісаньня пагрозы палітычнае апатыі, якая звычайна пачынаецца са страху і нянавісьць, што пасьля выходзяць з-пад кантролю.

Публікацыя тэксту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выслоўе ўпершыню зьявілася ў 1955 годзе ў кнізе Мілтана Маера «Яны думалі, што былі вольныя», напісаная паводле інтэрвію, узятых аўтарам у Нямеччыне цягам некалькіх гадоў.

Некалькі варыянтаў тэксту адрозьніваюцца пералічэньне розных групаў і народаў. Так, у апублікаваных у 1946 годзе прамовах Німёльлера ўзгадваюцца камуністы, невылечна хворыя, жыды або Сьведкі Яговы (у розных прамовах) і насельніцтва акупаваных краінаў. Тэкст 1955 году, пераказаны ў інтэрвію нямецкім прафэсарам, пералічвае камуністаў, сацыялістаў, «школы, прэсу, жыдоў і да т. п.», сканчаючыся «царквой». Верагодна, гэтае выказваньне тычылася тысячаў каталіцкіх сьвятароў і іншых царкоўных дзеячоў, увазьненых у Дахаў і іншых канцлягерох.

Гэтая вэрсія выслоўя зьмешчаная ў мэмарыяле Галакосту Яд Вашэм у Ізраілі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]