Карл I Анжуйскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карл I Анжуйскі
Charles I d'Anjou
Статуя Карла Анжуйскага на фасадзе каралеўскага палаца ў Нэапалі
  11-ы Кароль Сыцыліі
6 студзеня 1266 — 1282
Папярэднік Манфрэд Гагенштаўфэн
Наступнік Пэдра III Арагонскі
1-ы Кароль Нэапалю
1282 — 7 студзеня 1285
Наступнік Карл II Анжу
Граф Анжу й Мэна
1246 — 7 студзеня 1285
Папярэднік Жан Трыстан Францускі
Наступнік Карл II Анжу
Граф Правансу й Фаркальк’ер
1246 — 7 студзеня 1285
Папярэднік Раймунд Бэрынгер IV Праванскі
Наступнік Карл II Анжу
Тытулярны Кароль Ерусаліму
18 сакавіка 1278 — 7 студзеня 1285
Папярэднік Юго III Кіпрскі
Наступнік Генрых II Кіпрскі
5-ы князь Ахейскі
1272 — 7 студзеня 1285
Папярэднік Гіём II дэ Вілардуэн
Наступнік Карл II Анжу
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 21 сакавіка 1227,
Памёр 7 студзеня 1285 (57 гадоў), Фоджа
Каралеўскі дом Анжу-Сыцылійскі дом
Жонкі Бэатрыс Праванская, Маргарыта Бургундзкая
Бацька Людвіг VIII Леў
Маці Бланка Кастыльская

Карл I Анжуйскі (па-француску: Charles d'Anjou; 21 сакавіка 1227 — 7 студзеня 1285, Фоджа) — заснавальнік Анжу-Сыцылійскага дома, кароль Сыцыліі ў 1266—1282 гадох, Нэапалю з 1266—1285 гадох, граф Анжу й Мэна ў 1246—1285 гадох, Граф Праванса й Форкальк’ера ў 1246—1285 гадох, тытулярны кароль Ерусаліму ў 1277—1285 гадох, кароль Альбаніі ў 1272—1285 гадох, князь Ахейскі ў 1278—1285 гадох.

Нараджэньне й юнацкія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Карла I Анжу да 1246 году

Карл I Анжу быў самым малодшым сынам караля Францыі Людовіка VIII і Бланкі Кастыльскай. Нарадзіўся ён празь некалькі месяцаў пасьля сьмерці бацькі[1]. Ягоная маці, Бланка, стала рэгенткай каралеўства пры малалетнім каралі Людовіке IX. Дзяцінства Карла прыйшлося на той час, калі Бланка была вымушана падпарадкоўваць сваёй волі непакорлівае францускае магнацтва. У яе практычна не было часу займацца дзецьмі, у выніку чаго Карл зь юнацкіх гадоў звыкся спадзявацца толькі на сябе. Ён быў чалавекам высокага росту, моцнага складу, зь цёмна-аліўкавай скурай і меў каралеўскі выгляд. Ён атрымаў добрую адукацыю, паважаў паэзію й мастацтва. Пры гэтым ён, як і ягоны старэйшы брат, быў пабожным. Ён быў храбрым рыцарам, адрозьніваўся разважлівасьцю, стрыманасьцю, цьвёрдасьцю й праніклівасьцю. Але разам з гэтым быў уладалюбівым, прагным і жорсткім.

Карл у Францыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граф Анжу, Мэна й Праванса[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Карла I Анжуй з 1246 году

У 1246 годзе Карл быў пасьвечаны ў рыцары й атрымаў багатыя апанажы Анжу й Мэн, якія дараваў яму бацька (пры ўмове, што народзіцца сын)[2]. У 1246 годзе маці зладзіла яму шлюб з Бэатрыс Праванскай, малодшай дачкой Раймунда Бэрынгера V, графа Правансу й Форкальк’ер. У яе былі 3 старэйшыя сястры, зь якіх Маргарыта ў 1234 годзе ажанілася са старэйшым братам Карла, каралём Францыі Людовікам IX Сьвятым, Элеанора — у 1236 годзе з караля Англіі Генрыхам III, а Санча — у 1243 годзе з малодшым братам Генрыха III, Рычардам Карнўольскім, будучым каралём Нямеччыны. У Раймунда Бэрынгера не было сыноў, таму ён па фэадальнаму звычаю быў павінен падзяліць свае ўладаньні паміж усімі дачкамі. Аднак ён, лічачы, што старэйшыя дачкі дастаткова узнагароджаны багатым пасагам і не жадаючы драбіць свае ўладаньні, дараваў усе свае землі Бэатрыс. Паколькі пасаг ня быў выплачаны да канца, то старэйшыя дочкі палічылі сябе абдзеленымі. Маргарыта Праванская з тых часоў ненавідзела Карла, які неўзабаве пасварыўся і з удавой Раймунда Бэрынгера, Бэатрыс Савойскай, якая патрабавала ў якасьці ўдовінай долі графства Форкальк’ер.

Графства Праванскае знаходзілася ў васальнай залежнасьці ад Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі як частка былога Бургундзкага каралеўства. Карл адмовіўся прыносіць прысягу імпэратару Фрыдрыху II, які быў заняты іншымі праблемамі й не стаў змагацца за свае правы. Пры гэтым ранейшыя графы давалі гарадам і знаці поўную свабоду, з чым Карл ня меў намер мірыцца. Калі ён упершыню прыбыў у Праванс, то зь ім прыбыў натоўп юрыстаў і рахункаводаў, якія прыступілі да вывучэньня ягоных графскіх правоў і прывілеяў. Гэта выклікала паўстаньне прованскага шляхецтва на чале з Баралем дэ Бо й Баніфацыюсам дэ Кастелянам, якое падтрымала графіня-ўдава Бэатрыс. Паўстаньне падтрымалі таксама гарады Марсэль, Арль і Авіньён, якія асьцерагаліся за сваю незалежнасьць[3]. Калі ў 1247 годзе Карл зьехаў з Праванса для таго, каб фармальна ўступіць у валоданьне графства Анжу й Мэн, гарады ўтварылі абарончы зьвяз, які ўзначаліў Бараль дэ Бо.

Разам зь Людовікам IX у 1248 годзе Карл адправіўся ў крыжовы паход у Эгіпет[4]. Перад гэтым ён пайшоў на кампраміс з Бэатрыс Савойскай, саступіўшы ёй графства Форкальк’ер. У крыжовым паходзе ён праявіў сябе храбрым ваяром. Але падчас ягонай адсутнасьці ў Правансе ўспыхнула паўстаньне. У 1250 годзе брат адпусціў Карла разам зь іншым братам, Альфонсам дэ Пуацье, дадому і ў кастрычніку ён вярнуўся ў свае ўладаньні. З дапамогай ваеннай моцы й дыпляматыі Карл здолеў да жніўня 1252 году падпарадкаваць мяцежныя гарады. Карл апынуўся паблажлівым да кіраўнікоў паўстаньня. Бараль дэ Бо стаў ягоным верным паплечнікам, а ўсе 3 гарады былі вымушаны прызнаць Карла сваім сюзэрэнам.

Барацьба за графства Эно[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лістападзе 1252 году памерла маці Карла, Бланка Кастыльская, якая была рэгенткай Францыі падчас адсутнасьці Людовіка IX. У выніку Карл быў вымушаны паехаць у Парыж, дзе ён разам з братам Альфонсам дэ Пуацье прыняў рэгенцтва. У гэты час Папа Рымскі Аляксандар IV прапанаваў Карлу карону Сыцылійскага каралеўства. Альфонс гэту прапанову не ўхваліў, а Людовік IX у сваім лісце забараніў Карлу прымаць карону.

Расчараваны Карл увязаўся ў грамадзянскую вайну, якая бушавала ў Фляндрыі й Эно. Графіня Маргарыта, змагалася са сваім сынам Жанам д’Авэнам. Яна прапанавала Карлу графства Эно й пост рэгента Фляндрыі. Карл пачаў сьцягваць войскі ў графства. Але ў 1254 годзе з крыжовага паходу вярнуўся Людовік IX і загадаў Карлу адмовіцца ад графства Эно, якое ён у 1256 годзе аддаў Жану д’Авэн.

Супакаеньне Праванса[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас адсутнасьці Карла ў Правансе зноў стала бунтаваць шляхецтва, якое ўзначальвалі Баніфацыюс дэ Кастэлян і Бэатрыс Савойскай. Вярнуўшыся ў Праванс, Карл справіўся зь незадаволенымі. Пры пасярэдніцтве караля Бэатрыс ў лістападзе 1256 году пагадзілася адмовіцца ад Форкальк’ер у абмен на буйную суму грошаў і пажыцьцёвы пэнсіён, які пагадзіўся выплаціць Людовік. У тым жа годзе ён уціхамірыў і Марсэль.

Ўмацаваўшы сваю ўладу ў Правансе, Карл стаў пашыраць свае ўладаньні. У 1257 годзе ён набыў некалькі сеньярый у Альпах у дафіна В’енскага, акрамя таго ён атрымаў ад прынца Аранскага Раймунда дэ Бо правы рэгента Арэляцкага каралеўства. У 1258 годзе васалам Карла прызнаў сябе граф Вэнтымільлі. У 1259 годзе Карл атрымаў сюзэрэнітэт над Кунэо, Альбай і Кераскай у паўднёвым П’емонце, а ў 1260 годзе — над Мандовай, Чэвай і Біяндратэ ў Салуццо.

Напачатку 1262 году ў Правансе падчас адсутнасьці Карла ўспыхнула новае паўстаньне, якое ўзначаліў Баніфацыюс дэ Кастэлян. Ён заручыўся падтрымкай Генуі й сыноў караля Арагона. Замяшчаў Карла Бараль дэ Бо, які захаваў яму вернасьць нягледзячы на ўдзел у паўстаньні свайго кузэна Юго, ён здолеў затармазіць паўстаньне. Карл вярнуўся й дамовіўся з генуэзцамі, аддаўшы ім прыбярэжныя землі, пасьля чаго прымусіў да ўцёкаў Баніфацыюса й Юго дэ Бо. Пасьля гэтага ён пры пасярэдніцтве караля Арагона дамовіўся з Марсэлем. У выніку яму ўдалося ўціхамірыць Праванс, які да канца ягоная кіраваньня цалкам падтрымліваў ўсе ягоныя пачынаньні.

Карл і Сыцылійскае каралеўства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Барацьба за Сыцылію[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папы Рымскія даволі доўга ўжо вялі барацьбу з прадстаўнікамі дома Гагенштаўфэнаў за Каралеўства Сыцылію. У 1258 годзе каралём Сыцыліі стаў незаконнанароджанны сын імпэратара Фрыдрыха II Манфрэд. Жадаючы зрушыць Манфрэда, Папы шукалі кіраўніка, які мог бы заваяваць каралеўства. У выніку выбар паў на Карла Анжу. Карону яму прапаноўваў яшчэ Папа Аляксандр IV, але тады Карл быў вымушаны адмовіцца. Новы Папа, Урбан IV у 1262 годзе аднавіў перамовы з францускім дваром. У траўні 1263 году Людовік IX даў Карлу дазвол на перамовы з Папам. Дамова быў заключана ў чэрвені. Па ўмовах дамовы на Карла накладалася мноства абмежаваньняў (ён ня мог распараджацца назначэньнямі на царкоўныя пасады, ня мог прэтэндаваць на імпэратарскі сталец і займаць ніякі пост на тэрыторыі імпэратарскай частцы Італіі й ва ўладаньнёх Папства). Але ўжо восеньню Карла абралі сэнатарам Рыма, што было парушэньнем дамовы. Перамовы працягнуліся, у выніку чаго абодва бакі пагадзіліся на саступкі, пры гэтым Карл адмовіўся ад сэнатарства ў Рыме.

2 кастрычніка 1264 году памёр Урбан IV. Новы папа, Клімэнт IV, абраны 15 лютага 1265 году, заклікаў у Рым Карла, які за гэты час пасьпеў заключыць некалькі зьвязаў са знацьцю у паўночнай Італіі. 10 траўня ён адплыў з Марсэлю, пазьбегнуўшы сыцылійскага й саюзнага зь ім пізанскага флёту, 23 траўня ўжо быў у Рыме, дзе пасяліўся ў Латэранскім палацы. 21 чэрвеня яму афіцыйна ўручылі сэнатарскія знакі узнагароды, прычым Карл паабяцаў Папе, што адмовіцца ад іх пасьля заваёвы Сыцылійскага каралеўства. 28 чэрвеня Карла афіцыйна абвясьцілі каралём Сыцыліі.

Манфрэд, сабраўшы войска, выступіў супраць Карла, але не адважыўся атакаваць лягер Карла, які разьмясьціўся каля Тывалі. Пасьля невялікай сутычкі Манфрэд адступіў, у выніку чаго страціў уладу ў Анканскай марцы, а ягоны ўплыў у Таскане аслаб. Да канца году Карл пры пасярэдніцтве Папы сабраў грошы, якія былі неабходныя для кампаніі супраць Манфрэда й у кастрычніку набраная ім армія выступіла зь Ліёну й прыбыла ў Рым у студзені 1266 году. 6 студзеня Карл у Саборы Сьвятога Пятра быў каранаваны як кароль Сыцыліі.

20 студзеня Карл з усімі сіламі выступіў на заваёву Сыцылійскага каралеўства. 26 лютага каля Бэнэвэнта адбылася бітва з войскам, якія ўзначальваў Манфрэд. У выніку армія Манфрэда была разьбіта, а сам ён забіты. 7 сакавіка Карл урачыста ўехаў у Нэапаль, які стаў сталіцай ягонага каралеўства. Жонка Манфрэда, Алена, з дзецьмі трапіла ў палон і была заключана ў Начэры. У выніку толькі дачка Бэатрыс у 1284 годзе была выпушчана са зьняволеньня[5].

Барацьба з Конрадынам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэзыдэнцыя Карла Анжу ў Нэапалі.

Перамогшы праціўніка, Карл не стаў перасьледваць ягоных прыхільнікаў, абвясьціўшы амністыю. Але нягледзячы на ягоную першапачатковую паблажлівасьці, Карл не карыстаўся папулярнасьцю. Ён усталяваў высокія падаткі, ад якіх ніхто ня мог ухіліцца.

У траўні 1266 году Карл выканаў абяцаньне, дадзенае папу, і адмовіўся ад пасады сэнатара ў Рыме, які ў выніку ў чэрвені 1267 году дастаўся аднаму з паплечнікаў Карла, Энрыке Кастыльскаму, брату караля Кастыліі Альфонса X. Папа Клімэнт быў вымушаны даць Карлу поўную свабоду дзеяньняў у Паўночнай Італіі. Да канца 1266 году практычна ўся Лямбардыя апынулася ў руках Карла й ягоных саюзьнікаў. У 1267 годзе ягоныя войскі падышлі да Флярэнцыі. Гэта выклікала ўцёкі кіруючых у Флярэнтыйскай рэспубліцы гібэлінаў і прыход да ўлады радыкальных гвэльфаў. Карл быў абраны падэстам Флярэнцыі й заставаўся на гэтай пасадзе на працягу 13 гадоў, кіруючы зьнешняй палітыкай рэспублікі. Ён таксама быў прызначаны генэральным папскім вікарыем у Таскане. Падпарадкаваўшы Флярэнцыю, Карл працягнуў экспансію ў дачыненьні да іншых гібэлінскіх камунаў Тасканы. Пакуль Карл трымаў у аблозе Паджыбонсі, у ліпені 1267 году ў Начэры памерла ягоная жонка Бэатрыс.

Але ў Баварыі жыў сын нябожчыка імпэратара Конрада й унук Фрыдрыха II, Конрадын[6]. Знаць герцагства Швабія прызнала Конрадына сваім герцагам, бароны Ерусалімскага каралеўства абвясьцілі яго сваім каралём. Незадаволеныя Карлам сваякі Манфрэда ў канцы 1266 году пачалі сьцякацца да яго. Занепакоены папа Клімэнт выдаў булы, у якіх пагражаў адлучэннем кожнаму, што прызнае ўладу Конрадына. Але ўвосень 1267 году на Сыцыліі пачалося паўстаньне ў падтрымку Конрадына, а сам ён разам з войскам выступіў у Італію. Конрадына падтрымаў і сэнатар Рыма, Энрыке Кастыльскі, пакрыўджаны на Карла, паколькі той не выдзеліў яму ніякіх уладаньняў у заваяваным каралеўстве.

Карл, заняты падпарадкаваньнем гарадоў у Таскане, выступіў на падтрымку Папе толькі ў траўні 1268 году. Ён сустрэўся з папам у Вітэрбо, дзе быў прызначаны імпэратарскім намеснікам у Лямбардыі, пасьля чаго выступіў супраць сарацынскіх мяцежнікаў ў Лучэры.

24 сакавіка 1268 году Конрадын заехаў у Рым, дзе быў урачыста сустрэты. 14 жніўня ён з павялічаным войскам выступіў на заваёву сыцылійскага каралеўства. Пачуўшы пра гэта, Карл зьняў аблогу з Лучэры й накіраваўся насустрач Конрадыну. 23 жніўня 1268 году адбылася бітва пры Тальякоцца, у выніку якой войска Конрадына атрымала паразу, многія паплечнікі Конрадына трапілі ў палон. Конрадын са сваім сябрам Фрыдрыхам Бадэнскім і некалькімі паплечнікамі зьбег, але ў невялікім марскім порце Астурыя ўцекачоў схапілі й апазналі, пасьля чаго выдалі Карлу. 29 кастрычніка 1268 году Конрадын і Фрыдрых Бадэнскі былі публічна абезгалоўлены ў Нэапалі. Гэтае пакараньне прывяло Эўропу ў стан шоку[7].

Перамога над Конрадынам дазволіла Карлу працягнуць заваёву Тасканы. У 1269 годзе ў бітве ў Кале флярэнтыйска-францускімі войскамі былі разьбітыя сілы гібэлінскіх камунаў на чале зь Сіенай. У выніку ў Сіене, а затым у Пізе й іншых гарадох Тасканы да ўлады прыйшлі ўрады гвэльфаў, падкантрольныя Карлу. Зацьвердзіўшы сваю ўладу над Паўднёвай Італіяй, а таксама стаўшы пратэктарам гвэльфаў Лямбардыі й Тасканы, захаваўшы ў сваіх руках Анжу й Праванс, Карл стаў самым уплывовым чалавекам у Эўропе.

Кароль Сыцыліі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неўзабаве пасьля пакараньня Конрадына Карл ажаніўся другі раз з Маргарытай Бургундзкай, якая прынесла яму графствы Танэр, Нэвэр і Асэр, а таксама чатыры невялікія сеньярыі, якія былі раскіданыя па Паўночнай Францыі (Монмірай, Алюе, Тарын’і і Брун’і). Але адзіная дачка ад гэтага шлюбу памерла дзіцём, таму гэтыя ўладаньні пасьля сьмерці Маргарыты адышлі назад да ейных сваякоў.

28 лістапада 1268 году памёр папа Клімэнт IV, пасьля чаго Рым перайшоў пад кантроль Карла — яго абралі сэнатарам. Новы папа Рыгор X быў абраны толькі ўвосень 1271 году, да гэтага Карл адзінаўладна распараджаўся ў Італіі, прысвоіўшы ў адсутнасьць папы правы прызначаць імпэратарскіх намесьнікаў у Італіі. Да канца 1270 году ён падпарадкаваў сабе ўсю Таскану. Вясной таго ж году Карл падавіў і паўстаньне на Сыцыліі.

З паўстанцамі Карл абышоўся вельмі сурова. Многіх прыхільнікаў Гагенштаўфэнаў Карл пакараў сьмерцю, кінуў за краты альбо выгнаў. Карл абвясьціў несапраўднымі ўсе ранейшыя наданьні, дадзеныя пасьля адлучэньня Фрыдрыхам II і ягонымі пераемнікамі. Гэтыя валоданьні ён раздаў сваім прыхільнікам.

Панаваньне Карла было ўмелым і эфэктыўным. Ён забяспечваў правасудзьдзе й парадак, але папулярным ніколі ня быў, бо заўсёды жорстка караў лідэраў апазіцыі. Усе вышэйшыя пасады ў каралеўстве былі занятыя правансцамі ці французамі. Пачаўся паступовы дэмантаж цэнтралізаванай манархіі эпохі Готвіляў і Гагенштаўфэнаў і прасоўваньне францускай мадэлі фэадальнага грамадзтва. Масавыя зямельныя наданьні, ажыцьцёўленыя Карлам, суправаджаліся прадастаўленьнем шырокіх правоў новым уладальнікам. Кароль істотна абмежаваў сваё права на набыцьцё ленаў, рэзка пашырыўшы кола нашчадкаў зямель. Была адменена абавязковасьць атрыманьня каралеўскай згоды дзеля ўступленьня шляхты ў шлюб і ўведзена абмежаваньне памеру падаткаў каралю, якія аплачваліся пры пераходзе лена па спадчыне. Маючы патрэбу ў грошах, Карл Анжу абклаў каралеўства высокім падаткам. Усё гэта выклікала незадавальненьне насельніцтва.

Біцьцё манэтаў пры Карле[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Салюта д’Ора, адчаканеныя пры двары Карла I

Як любы сувэрэнны кіраўнік, стаўшы каралём, Карл стаў чаканіць свае манэты. Ён асабіста прыняў удзел у распрацоўцы праекту ў 1278 годзе. Таксама для распрацоўкі манэтаў былі прыцягнуты найлепшыя майстры манэтных двароў Брындызі і Мэсыны. Манэты выпускаліся ў двух варыянтах: залатыя (Салюта д’Ора) і срэбныя (Салюта д’Аржэнта)[8]. Кіравалі выпускам флярэнтыйскія мінмэйстэры Франчэска Фармікі й Джавані Фарціна. Пазьней выпуск манэтаў працягнуў ягоны сын Карл II і ўнук Робэрт. Гэтыя манэты атрымалі назву Карліна (па-італьянску: Carlino).

Спроба стварэньня міжземнаморскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адной са сваіх мэтаў Карл зрабіў адваяваньне Канстантынопалю й аднаўленьне Лацінскай імпэрыі. Для гэтага ён пры пасярэдніцтве папы ў траўні 1267 году памірыўся з апошнім імпэратарам Балдўінам II[9]. Балдўін перадаў Карлу сюзэрэнітэт над Ахейскім княствам і сюзэрэнітэт над большасьцю выспаў Эгейскага мора. Дагавор быў змацаваны заручынамі сына Балдўіна, Філіпа, і дачкі Карла Бэатрыс, прычым у выпадку бязьдзетнасьці Філіпа ўсе правы на імпэрыю павінны былі адысьці да Карла. Адначасова Карл заключыў дамову й з князем Ахейскім Гіёмам II дэ Вілардуэнам, які рады быў прызнаць сваім сюзэрэнам моцнага валадара. Шукаючы саюзнікаў, Карл заключыў таксама дамову з каралём Вугоршчыны Бэлай IV, дамовіўшыся аб шлюбе дачкі, Ізабелы, з вугорскім прынцам Ласлам, унукам Бэлы, і сястры Ласла, Марыі са спадкаемцам Карла, будучым Карлам II. Дзякуючы гэтаму шлюбу Анжуйская дынастыя пазьней узышла на вугорскі трон.

Пасьля перамогі над Конрадынам Карл запатрабаваў у Гіёма Вілардуэна выдаць старэйшую дачку й спадкаемніцу Ізабэлу за свайго другога сына Філіпа. Пры гэтым у дамову быў уключаны пункт, што пры бязьдзетнай сьмерці спадкаемніцы права на Ахейскае княства пяройдуць да Карла. Шлюб быў заключаны ў 1271 годзе.

Паходу Карла супраць Бізантыі перашкодзіла ўварваньне Конрадына ў 1268 годзе. Пасьля сьмерці Папы кароль Людовік IX сабраўся ў крыжовы паход і запатрабаваў дапамогі Карла. Адмовіць Карл ня мог, але ён пераканаў брата адправіцца ў Туніс, эмір якога Аль-Мустансір аказваў дапамогу Манфрэду й Конрадыну, а таксама даў прытулак іхным прыхільнікам.

Крыжакі высадзіліся ў Афрыцы й з баямі дайшлі да старажытнага горада Картагена. Але з-за затрымак шанец на перамогу быў упушчаны. З-за вялікай цеснаты ў лягеры пачалася маравая пошасьць, памёр сын караля Жан-Трыстан, а хутка захварэў і сам кароль Людовік IX. 25 жніўня 1270 году ён памёр. Карл са сваім флётам прыбыў ужо пасьля сьмерці брата й узяў камандаваньне на сябе. Ён разьбіў туніскае войска, пасьля чаго эмір запрасіў мір, які быў заключаны 30 кастрычніка. Па ягоных выніках Карл апынуўся ў вялікім выйгрышы. Але няўдачы перасьледвалі крыжовы паход, хваробы працягваліся. Памёр кароль Навары Тыбальд. Флёт Карла моцна пацярпеў ад шторму, многія караблі патанулі.

Тэрыторыя, заваяваная Карлам I Анжу ў Эпірскім дэспатаце

Завяршэньне паходу дазволіла Карлу вярнуцца да сваіх ўсходнеэўрапейскіх праектаў. Буйнамаштабны паход на Канстантынопаль яму прыйшлося адкласьці, але ён змог адваяваць у дэспатаў Эпіра горад Дурацца й вялікую частку Альбаніі. У лютым 1272 году ён абвясьціў сябе каралём Альбаніі. Але дзеяньні супраць Бізантыі былі немагчымымі, паколькі новы Папа Грыгорыюс забараніў Карлу прадпрымаць варожыя дзеяньні, спадзеючыся на унію паміж дзьвюма царквамі.

15 кастрычніка 1273 году быў адсьвяткаваны шлюб паміж Філіпам дэ Куртанэ й Бэатрыс Анжуйскай. Празь некалькі дзён памёр імпэратар Балдўін II і тытул «імпэратар Канстантынопаля» быў прызнаны за Філіпам. Пакуль Карл знаходзіўся ў вымушанай бязьдзейнасьці, імпэратар Бызантыі Міхаіл VIII Палеалёг разьвіў бурную дыпляматычную дзейнасьць, заключыўшы зьвязы з каралямі Баўгарыі й Вугоршчыны, а таксама з Нагаем, фактычным кіраўніком Залатой Арды. А ў 1274 годзе ён аб’явіў Папу, што прымае унію.

У 1275 годзе папа Грыгорыюс дамогся дамовы аб сяброўстве паміж імпэратарам Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Рудольфам Габсбургам і Карлам, які быў змацаваны шлюбам старэйшага ўнука Карла Карла Марцэлам, і дачкі Рудольфа, Клемэнцыі. Неўзабаве пасьля гэтага, 10 студзеня 1276 году, папа Грыгорыюс памёр.

Зь лістапада 1272 году Карл вёў вайну супраць Генуі, а ў 1275 годзе яна перарасла ў вайну супраць адроджанай лігі гібэлінаў. Склалася яна няўдала: да лета 1276 году ён страціў амаль усе ўладаньні ў П’емонце. 22 чэрвеня пры пасярэдніцтве новага папы Інацэнта V, які памёр неўзабаве пасьля гэтага, быў заключаны мір.

Герб, прыняты Карлам Анжу ў 1277 годзе

25 лістапада 1277 году быў абраны Папам Мікалай III. 24 траўня 1278 году па ягоным патрабаваньні Карл быў вымушаны адмовіцца ад пасады сэнатара Рыма. Таксама ён прыклаў высілкі да таго, каб памірыць зноў пасварыўшыхся Карла й імпэратара Рудольфа. Каменем спатыкненьня стала графства Праванс. Паколькі намінальна ягоны граф лічыўся васалам імпэратара (хоць Карл аб гэтым хацеў «забыцца»), то ўдава Людовіка IX Маргарыта Праванская, якая ненавідзела Карла, зьвярнулася да Рудольфа з просьбай аддаць ейнае графства. Яе падтрымаў у гэтым кароль Ангельшчыны Эдўард I. Улетку 1278 году паслы Маргарыты дамовіліся з Рудольфам аб траістым зьвязе. Па дамове старэйшы сын Рудольфа, Гартман, шлюбаваўся з дачкой Эдўарда. Пасьля каранацыі Рудольфа імпэратарам Гартман павінен быў быць прызнаны ягоным спадкаемецам і рымскім каралём, атрымаўшы пры гэтым Арэляцкае й В’енскае каралеўства, уключаючы Праванс. У жніўні Рудольф разьбіў караля Чэхіі Пржэмысла Атакара II, зь якім ён ваяваў з-за Аўстрыі. Пасьля гэтага ў Рудольфа зьявілася магчымасьць уварвацца ў Італію й Праванс. Толькі ў траўні 1280 году Папе атрымалася прымірыць бакі. Карл пры гэтым адмовіўся ад намесьніцтва ў Таскане. Пры гэтым Арэляцкае каралеўства ў пэрспэктыве павінна было перайсьці да ўнука Карла, Карла Марцэла, калі ён шлюбаваўся на Клемэнцыі Габсбург.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ С. Рансимен, стар.93. У адных крыніцах пазначаны год ягонага нараджэньня 1226, у іншых — 1227.
  2. ^ Першапачаткова Анжу й Мэн атрымаў старэйшы брат Карла, Жан Трыстан, памерлы ў 1232 годзе.
  3. ^ Гэтыя гарады афіцыйна былі часткай Імпэрыі й не ўваходзілі ў склад графства Праванса. (С. Рансімэн, стар.96)
  4. ^ Карл далучыўся да паходу толькі ўвесну 1249 году, паколькі ня змог выйсьці ў мора да надыходу зімы.
  5. ^ Бэатрыс у выніку пашлюбавалася з макграфам Салуццо
  6. ^ маці Конрадына Лізавета, дачка герцага Баварыі Атона II, таму малалетні Конрадын выхоўваўся ў Баварыі й яго падтрымлівалі браты маці, Людвіг і Генрых Баварскія.
  7. ^ За гэтае пакараньне Карла ганілі нават французы. Для Дантэ, які пісаў пра гэта праз стагодзьдзе, Конрадын быў нявіннай ахвярай. У Нямеччыне гэтае пакараньне лічылі найвялікшым злачынствам у гісторыі. (Рансимен С., ст. 144)
  8. ^ Салюта Карла I
  9. ^ Балдўін быў саюзнікам Манфрэда, паколькі лічыў яго адзіным кіраўніком, здольным дапамагчы ў вяртаньні страчанай імпэрыі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карл I Анжуйскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў