Каспар Бекеш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Каспар Бэкеш»)
Каспар Бекеш

Каспар Бекеш (кл. 15201579 гг.) — ваенны, палітычны дзяяч, атэіст і матэрыяліст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў з старадаўняга вугорскага роду. У 1557 г. служыў у Сямігродзьдзі пры двары Яна Жыгімонта Заполі. У 1565 г. узначальваў пасольства ў Канстантынопаль, каб атрымаць ваенна-палітычную дапамогу ад турэцкага султана супраць цэсара Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі. Падтрымліваў нацыянальна-вызваленчы рух у цэсарскай Вугоршчыне. Пасьля сьмерці свайго патрона супернічаў са Стэфанам Баторыям за вугорскі трон, аднак у 1575 г. ягоныя войскі ўшчэнт разьбітыя, досыць значныя зямельныя ўладаньні канфіскаваныя, а сам ён уцёк ад перасьледу у Рэч Паспалітую.

Пасьля абраньня Стэфана Баторыя на трон Рэчы Паспалітай ён замірыўся са сваім старым супернікам, і Бекеш стала асеў у Рэчы Паспалітай. Ваеннымі талентамі і асабістай мужнасьцю вызначыўся ў абароне Эльблёнгу ў 1577 г. і ў полацкай кампаніі 1579 г.

Па хадайніцтве мясцовай шляхты ў 1579 г. атрымаў шляхецтва Вялікага Княства Літоўскага, дадатковыя маёнткі, у тым ліку ў Гарадзенскім павеце. Пазьней Бекеш даслужыўся да пасады ваяводы.

Атэістычныя погляды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Відаць, яшчэ ў Сяміградьдзі Бекеш далучыўся да антытрынітарызму, бо ў Рэч Паспалітую ён прыехаў ужо перакананым арыянінам (антытрынітарыям), а ужо тут стаў атэістам.

Памёр у Горадні. Ніводная царква не пагадзілася, каб Бекеша як атэіста хавалі на могілках. Тады па загадзе караля нябожчыка перавезьлі ў Вільню і пахавалі на Лысай гары, якая у далейшым атрымала назоў «гара Бекеша».

У сваім тэстамэнце Бекеш загадаў напісаць на яго надмагільлі наступныя радкі: «Усё сам маю: ня веру ў Бога, ня прагну яго неба, не баюся пекла, не спадзяюся на ягоную міласэрнасьць і ня вызнаю ягоны суд. Я ня маю грахоў, і нікому я ні ў чым ня вінны. Заўжды я спадзяваўся на сябе і ў жыцьці быў працавіты. Мяне не клапоціць лёс майго цела і яшчэ меней лёс маёй душы. Яна памерла разам са мною, і я гэта сьмела сьцвярджаю. У мяне ня будзе працы, якую прыдумалі сабе іншыя: пасьля ўваскрасеньня зь мёртвых шукаць свае душы».