Кастамлоты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кастамлоты
польск. Kostomłoty
Кастамлоты
Першыя згадкі: 1412
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Люблінскае
Павет: Бельскі
Гміна: Кодань
Насельніцтва: 561 чал. (2011)
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 83
Паштовы індэкс: 21-509
Нумарны знак: LBI
Геаграфічныя каардынаты: 51°58′32″ пн. ш. 23°39′29″ у. д. / 51.97556° пн. ш. 23.65806° у. д. / 51.97556; 23.65806Каардынаты: 51°58′32″ пн. ш. 23°39′29″ у. д. / 51.97556° пн. ш. 23.65806° у. д. / 51.97556; 23.65806
Кастамлоты на мапе Польшчы
Кастамлоты
Кастамлоты
Кастамлоты
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Кастамлоты (Кастамалоты; па-польску: Kostomłoty) — вёска ў Польшчы, у Люблінскім ваяводзтве, у Бельскім павеце, у гміне Кодань, разьмешчаная на Коданскай раўніне, на левым беразе ракі Бугу, на мяжы зь Беларусьсю, на паўночна-заходнім краі Заходняга Палесься. Знаходзіцца за 15 км ад памежнага пераходу Тэрэспаль — Берасьце.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кастамалоты як адна з прыбускіх вёсак Берасьцейскай зямлі ў гістарычных дакумэнтах ўзгадваецца з 1412 году, калі вялікі князь літоўскі Вітаўт падараваў яе кляштару аўгустынаў у Берасьці.

Вёска знаходзілася ў Берасьцейскім павеце Падляскага, пазьней Берасьцейскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.

У 1627 годзе ў Кастамалотах была заснаваная ўніяцкая парафія.[1] Царква была пабудавана ў гонар сьвятога вялікамучаніка Мікіты. У 1852 годзе царква была перабудаваная. У 1875 годзе вернікі мясцовай парафіі як і ўсе жыхары Падляшша былі гвалтоўна пераведзены ў праваслаўе.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай Кастамалоты — у складзе Аўстрыі, ад 1815 году — Царства Польскага. У XIX стагодзьдзі адным з уладальнікаў маёнтку ў Кастамалотах быў публіцыст Tygodnika Ilustrowanego Юзаф Лоскі.

31 студзеня 1927 году на просьбу 12 мясцовых гаспадароў на чале з войтам гміны Янам Пракапюком у Кастамалотах дэкрэтам рыма-каталіцкага біскупа Г. Пшазьдзецкага была адноўлена ўніяцкая парафія.[2]

22 верасьня 1939 году ў Кастамалоты ўвайшлі часткі Чырвонае Арміі, якія занялі Заходнюю Беларусь у адпаведнасьці з пактам Молатава-Рыбэнтропа. Але праз тыдзень Чырвоная Армія перадала заходні бераг Бугу пад кантроль нямецкага Вэрмахту.

У 1947 годзе ў выніку апэрацыі «Вісла» значная частка аўтахтоннага насельніцтва вёскі польскімі ўладамі была выселена ў паўночна-ўсходнія раёны Польшчы (на Мазуры), нямала сем’яў вымушаны былі выехаць у СССР, многія зь іх потым аселі ў мясцовасьцях на правым беразе Бугу ў Беларусі. У Кастамалотах тады дазволілі застацца толькі хворым і старым. На іх месца засялялі польскіх перасяленцаў з СССР і мігрантаў зь іншых куткоў Польшчы. Толькі ў 1956 годзе выселеным мясцовым жыхарам дазволілі вярнуцца ў іх родныя мясьціны.

У Кастамлотах знаходзяцца могілкі з пахаваньнямі жаўнераў Чырвонай Арміі.

Рэлігійнае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква сьв. Серафіма Сароўскага

З 1960-х гадоў Кастамлоты — адзіны асяродак у Польшчы, дзе вядзецца каталіцкае душпастырства ў бізантыйска-славянскім абрадзе. З мэтай ушанаваньня памяці ўніяцкіх мучанікаў Падляшша намаганьнямі шматгадовага душпастыра парафіі а. Рамана Пенткі ў Кастамлотах створаны Санктуарыюм Падляскіх мучанікаў — блаславёных Каталіцкай царквы. Царква сьв. Мікіты (першая палова XVII ст.) і Санктуарыюм Падляскіх мучанікаў на працягу многіх гадоў зьяўляюцца месцам экумэнічных сустрэч і адпачынку моладзі. Сюды прыязджае шмат пілігрымаў як з Польшчы, так і зь Беларусі, Украіны, Расеі, Славаччыны, Нямеччыны і іншых краінаў сьвету.

У 1996 годзе каля ўніяцкай царквы на 400-я ўгодкі Берасьцейскай царкоўнай уніі ўстаноўлены памятны знак.

З 1985 году да апошняга часу ў Кастамлотах знаходзіўся дом Малых Сясьцёр Ісуса, якія жылі як звычайныя вяскоўцы і дапамагалі мясцоваму сьвятару ў душпастырскай працы. У 1998—2007 гадах у Кастамлотах існаваў таксама манаскі дом Ордэну Марыянаў.

У 2003 годзе ў Кастамлотах заснаваны праваслаўны манастыр і парафія сьв. Серафіма Сароўскага, а зь вёскі Дабравода была перанесена драўляная царква.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Zbigniew Nikoniuk. Kostomłoty droga ku jedności.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кастамлотысховішча мультымэдыйных матэрыялаў