Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў (Берасьце)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў
Краіна Беларусь
Места Берасьце
Каардынаты 52°04′47.03″ пн. ш. 23°39′33.68″ у. д. / 52.0797306° пн. ш. 23.6593556° у. д. / 52.0797306; 23.6593556Каардынаты: 52°04′47.03″ пн. ш. 23°39′33.68″ у. д. / 52.0797306° пн. ш. 23.6593556° у. д. / 52.0797306; 23.6593556
Канфэсія Лацінская Царква
Заснавальнік Марцін Шышкоўскі[d]
Дата заснаваньня XVII ст.
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў

Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Берасьці. Знаходзіўся ў Валынскім прадмесьці, на гістарычным Бэрнардынскім пляцы, пры ўтоку ракі Мухаўцу ў Буг. Твор архітэктуры барока.

Комплекс Берасьцейскага мужчынскага бэрнардынскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса. Утвараў адзіны ансамбль з кляштарам бэрнардынак. Пры будаваньні Берасьцейскай фартэцыі ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі і часткова зруйнавалі кляштар. За савецкім часам зьнішчэньне помніка працягнулася. Да нашага часу захаваліся падмуркі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1605 годзе біскуп луцкі Марцін Шышкоўскі заснаваў у Берасьці кляштар бэрнардынаў. Будынкі касьцёла і кляштару былі драўлянымі, побач існавала мураваная капліца Сьвятой Дароты. Па пажары 1617 году кляштар адбудавалі на сродкі ваяводы амсьціслаўскага і старосты берасьцейскага Гераніма Хадкевіча.

У 1623 годзе Я. Галімскі пры фінансавай падтрымцы канцлера Льва Сапегі збудаваў мураваны касьцёл Яна Хрысьціцеля і Сьвятой Ганны. Да касьцёла далучаўся мураваны будынак кляштару, y якім у 1647 годзе жыло 30 манахаў. У адмыслова прыбудаванай да касьцёла капліцы захоўвалася копія абраза «Маці Божая» з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ, атрыманая Іпаціем Пацеем ад Папы Рымскага Клімэнта VIII разам зь бізантыйскім абразом «Хрыстос».

Плян бэрнардынскіх кляштараў

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) кляштар значна пацярпеў. У якасьці кампэнсацыі ён атрымаў зь дзяржаўнага скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля і вялікага князя Яна Казімера і Паўла Сапегі. Апошні завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касьцёле. У XVIII ст. праводзілася рэстаўрацыя комплексу, тут працаваў архітэктар і мастак Б. Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я. Бяляўскі[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Берасьце апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У час будаваньня Берасьцейскай крэпасьці расейскія ўлады ліквідавалі кляштар і ў 1830 годзе перабудавалі комплекс пад кадэцкі корпус.

У 1864 годзе корпус перавялі ў Маскву, а будынкі пачалі выкарыстоўвацца як шпіталь.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Комплекс пацярпеў у Другую сусьветную вайну, па якой яго да падмуркаў зьнішчылі савецкія ўлады.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар па руйнаваньні

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл — 3-нэфавая базыліка з моцным прэзьбітэрыюмам даўжынёй 19,7 м, які працягваўся з цэнтральнага нэфа. Бязьвежавы галоўны фасад карнізамі падзяляўся на чатыры гарызантальныя ярусы, вязкамі пілястраў — на тры вэртыкальныя часткі: сярэдняя завяршалася трыкутным франтонам, бакавыя мелі стылізаваныя валюты. Над франтонамі і вязкамі пілястраў узвышаліся скульптуры. Сьцены падзяляліся аркавымі аконнымі праёмамі. У будынку існавалі капліцы Сьвятой Дароты (з паўночнага боку прэзьбітэрыюму), Пацеяў (з паўднёвага боку), Сьвятога Міхала (Трызнаў, побач з капліцай Пацеяў).

Унутраная прастора цэнтралнага нэфу перакрывалася крыжовымі скляпеньнямі, бакавых нэфаў — эліпсападобнымі. Інтэр’ер аздаблялі 7 алтароў, у якіх былі багатыя абразы Сьвятых Францішка, Кляры, Антонія. Сьцены пакрываліся фрэскавымі росьпісамі.

Кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштарны корпус — 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак з рызалітам у паўночнай частцы. Рызаліт і тарэц, умацаваныя контрфорсамі, завяршаліся атыкавымі франтонамі з валютамі[2].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ярашэвіч А. Берасцейскі кляштар бернардзінцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 320.
  2. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 92.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]