Касьцёл Сьвятой Вэранікі і кляштар рохітаў (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятой Вэранікі і кляштар рохітаў
Краіна Беларусь
Места Менск
Дата заснаваньня XVIII ст.
Дата скасаваньня 1824

Касьцёл Сьвятой Вэранікі і кляштар рохітаў — помнік архітэктуры XVIII ст. у Менску. Знаходзіўся ў канцы Койданаўскай вуліцы. Твор архітэктуры драўлянага барока.

Комплекс складаўся з касьцёла, кляштару, шпіталя і гаспадарчых пабудоваў, аточаных парканам з брамай. У сярэдзіне XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцёл і кляштар.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

2 жніўня 1752 року ксёндз Тамаш Стацэвіч заснаваў шпіталь, які перадаў манахам-рохітам(pl). Свае грошы на ўтрыманьне кляштару і шпіталю ахвяравалі ўнукі Лукаша Шышкі — Юры, Базыль, Тодар і Міхал.

Дзякуючы гэтым ахвяраваньням на вуліцы Койданаўскай, каля мескай брамы паўстала дабрачынная ўстанова зь невялікім касьцёлам і сваёй фундацыяй, якая складала 7000 срэбрам[1].

У 1788 року М. Ансялеўскі падараваў кляштару 2 сенажаці непадалёк ад места. У XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў кляштару належалі некалькі пляцаў з пабудовамі ў месьце, а таксама фруктовы сад каля вуліцы Няміскай і вятрак пры дарозе на Сьмілавічы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. На 1796 рок у рэзыдэнцыі было 5 манахаў. У 1824 року кляштар рохітаў разам з усёй маёмасьцю далучылі да Менскага кляштару баніфратаў.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 рокаў расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, зруйнавалі ягоныя збудаваньні, а тэрыторыю паступова забудавалі жылымі дамамі[2].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле візыты 1796 року, невялікі 2-вежавы драўляны касьцёл галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Койданаўскую. Інтэр’ер упрыгожвалі 3 драўляныя разныя алтары. У галоўным алтары знаходзіліся абразы сьвятых Роха, Веранікі і Юзэфа.

На тэрыторыі кляштару знаходзіўся 1-павярховы драўляны шпіталь на 30 ложкаў, а таксама 3 драўляныя жылыя дамы (у адным зь іх жыў ксёндз-капэлян), комплекс гаспадарчых пабудоваў і гарод. Тэрыторыю кляштарнага комплексу атачаў драўляны паркан, галоўная брама разьмяшчалася з боку вуліцы Койданаўскай[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 269.
  2. ^ а б Дзянісаў У. Менскі кляштар рахітаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 295.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]