Керчанскі паўвостраў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Керчанскі паўвостраў на мапе Крыму

Керчанскі паўвостраў (па-крымскататарску: Keriç yarımadası, па-ўкраінску: Ке́рченський піво́стрів, па-расейску: Керченский полуостров) — усходняя частка Крымскага паўвострава, Украіна. Абмываецца на поўначы Азоўскім морам, на ўсходзе — Керчанскім пралівам, на поўдні — Чорным морам, на захадзе злучаецца з Крымскім паўвостравам Ак-Манайскім пярэсмыкам шырынёй 17 км. Плошча каля 3 тыс. км². Найбуйнейшае места й порт — Керч.

У паўночна-ўсходняй частцы — узгоркі (вышыня да 190 м), складзеныя пераважна вапнякамі, глінамі й пяшчанікамі. Шмат брудавых вульканаў. Паўднёва-заходняя частка Керчанскага паўвострава раўнінная, складзеная ў асноўным палеагенавымі глінамі. На Керчанскім паўвостраве ёсьць азёры й рэчышчы часовых вадацёкаў. Клімат умерана кантынэнтальны, з умерана мяккай амаль бязсьнежнай зімой і гарачым і сухім летам. Сярэдняя тэмпэратура студзеня — 1,5 °C, ліпеня — 23,5 °C. Ападкаў 500 мм у год. Назіраюцца моцныя ўсходнія й паўночна-ўсходнія вятры. Глебы — паўднёвыя чарназёмы й цёмна-каштанавыя, нярэдка засоленыя. Большая частка паверхні ўзараная. На Керчанскім паўвостраве разьмешчаны Керчанскі жалезарудны басэйн. Па назьве Керчанскага паўвострава названы мінэрал «керчаніт».

На паўвостраве зь V ст. да н. э. па IV ст. н. э. разьмяшчалася эўрапейская частка Баспорскага царства са сталіцай Пантыкапеем (сучасны Керч).