Клаўдзі Дуж-Душэўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Клаўдзі Дуж-Душэўскі
Клаўдзі Дуж-Душэўскі, 1920-я гады
Род дзейнасьці архітэктар, выдавец, журналіст, грамадзкі дзяяч
Дата нараджэньня 27 сакавіка 1891
Месца нараджэньня Глыбокае, Дзісенскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 25 лютага 1959
Месца сьмерці Вільня, паводле іншых зьвестак — Коўна, Летувіская ССР
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак журналіст, дыплямат, архітэктар, палітык
Навуковая сфэра выдавецтва
Месца працы
Узнагароды
Life Saving Cross

Клаўдзі Дуж-Душэўскі (27 сакавіка 1891, паводле іншых зьвестак 26 красавіка, Глыбокае — 25 лютага 1959, Вільня, паводле іншых зьвестак Коўна) — беларускі архітэктар, выдавец, журналіст, грамадзкі дзяяч. Лічыцца аўтарам эскізу бел-чырвона-белага сьцяга — дзяржаўнага сьцяга Беларускай Народнай Рэспублікі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Віленскую рэальную вучэльню. Іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Янкі Купалы. У 1912—1917 вучыўся ў Пецярбурскім горным інстытуце. Удзельнічаў у выданьні часопіса «Раніца». Паводле яго сьведчаньня, стварыў эскіз беларускага нацыянальнага сьцяга. У 1917 годзе ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), у чэрвені — кастрычніку 1917 сябра яе ЦК і прэзыдыюму. Удзельнік Зьезду беларускіх нацыянальных арганізацыяў (сакавік 1917 г., Менск), Усерасейскай дэмакратычнай нарады (верасень 1917 г., Петраград) і іншых.

У 1918 працаваў загадчыкам бежанскага аддзела Белнацкаму. Пасьля распаду БСГ (лета 1918) у Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. З красавіка 1919 году ў Вільні: сябра Беларускага нацыянальнага камітэту, старшыня Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны (травень — ліпень 1919), узначальваў камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускай вайсковай камісіі. У восень 1919 — дыпляматычны прадстаўнік ураду БНР у дзяржавах Балтыі, дзяржаўны сакратар ва ўрадзе Ластоўскага. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 арыштаваны польскімі ўладамі. Вызвалены 7 лютага 1921. Зьехаў у Летуву ў Коўна.

Магіла Клаўдзія Дуж-Душэўскага ў Коўне

У 1920—1930-я гады працаваў у міністэрствах беларускіх справаў, замежных справаў, сувязі Летувы, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтру ў Летуве, Летувіска-Беларускага таварыства. У 1927 ён скончыў факультэт будаўніцтва Летувіскага ўніверстітэта ў Коўна (факультэт адлучаны і ператвораны ў Ковенскі тэхналягічны ўнівэрсытэт), атрымаўшы спэцыяльнасьць інжынэра-будаўніка, пасьля чаго працаваў інжынэрам у праектным бюро Дубянецкага.

Пасьля далучэньня Летувы да СССР Дуж-Душэўскі трапіў у савецкую турму. Падчас нямецкай акупацыі яго за дапамогу габрэям кінулі ў нацысцкі канцлягер. За ратаваньне габрэяў Клаўдыюш і Алена Дуж-Душэўскія пасьмяротна 13 красавіка 2004 г. атрымалі ўзнагароду ад прэзыдэнта Літвы. Гэта адбылося на просьбу габрэйскай супольнасьці ў Літве.[1][2]

У 1944—1946 працаваў дацэнтам у Ковенскім унівэрсытэце. У 1946—1947 арыштаваны савецкімі ўладамі. У лютым 1952 году Душэўскі як «актыўны беларускі нацыяналіст» быў ізноў арыштаваны і асуджаны да 25 гадоў зьняволеньня ў савецкіх канцлягерах. Вызвалены ў красавіку 1955. Працаваў у інстытуце «Летбудпраект»

Пахаваны ў Коўне.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар дзясяткаў будынкаў у Коўне, Панявежы, Клайпедзе, Шаўлях. Рэдактар часопісаў «Беларускі сьцяг» і «Беларускі асяродак».

Менавіта ён на падставе гістарычных сьведчаньняў і колераў народных строяў і арнамэнтаў стварыў у свой час эскіз сьцяга БНР. У сьнежні 1917 году ў Менску падчас Усебеларускага зьезду бел-чырвона-белы сьцяг ужо адзінадушна ўважаўся за нацыянальны сымбаль Беларусі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Луцкевіч Л. Барацьбіт і будаўнік / Л. Луцкевіч // Літаратура і мастацтва. — 1991. — 3 мая. — С. 13.
  • Луцкевіч Л. Заслужыў пашану нашчадкаў / Л. Луцкевіч // Голас Радзімы. — 1991. — 2 мая. — 18. — С. 4—5.
  • Радкевіч С. Душэўскі (Дуж–Душэўскі) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3 — С. 269—270.
  • Радкевіч С. Душэўскі (Дуж–Душэўскі) // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2 — С. 322.
  • Рудовіч С. Белы, чырвоны, белы… // Звязда. 1992, 25 сак.
  • Рудовіч С. Палітык, асветнік, дойлід / С. Рудовіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. Сачанка і інш. — Мн., 1995. — С. 126—129.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]