Кобрынская эканомія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ко́брынская экано́мія — сталовы маёнтак(pl) вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, які існаваў у 1519—1795 роках. У эканомію ўваходзілі месты Кобрынь, Пружана (Дабучын) і Гарадзец[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1518 (або 1519[2]) року памерла апошняя кіраўніца ўдзельнага Кобрынскага княства Ганна Сямёнаўна Кобрынская. З Кобрыня і прылеглых земляў было створанае дзяржаўнае ўладаньне Кобрынскае староства, перададзенае ў пажыцьцёвае валоданьне мужу Ганны Вацлаву Касьцевічу на правох арэнды. Пасьля ягонай сьмерці ў 1532 року вялікі князь Жыгімонт Стары падарыў староства сваёй жонцы Боне Сфорцы[1]. Адміністратарам староства быў прызначаны Іван Міхайлавіч Харэвіч з Куранцу[2]. У 1556 року Бона вярнулася ў Італію, эканомія зноўку адышла да вялікага князя (гэтым разам Жыгімонту II). У адміністрацыйным пляне староства складала Кобрынскі павет Падляскага, а з 1566 року — Берасьцейскага ваяводзтва[2].

У 1589 эканомія была перададзеная дачцэ Боны Сфорцы, удаве Сьцяпана Батуры, каралеве польскай і вялікай княгіні літоўскай Ганьне Ягелонцы[3]. 10 сьнежня 1589 году Кобрыню было нададзенае Магдэбурскае права, а зь ім і герб, была пабудаваная ратуша. Паводле прывілею, кобрыньскія землеўласьнікі атрымлівалі права на ўласны орган улады — магістрат. У магістрат абіралі радцаў, зь ліку якіх абіралі бурмістраў. Аднак кіраўніком магістрату заставаўся войт, які абіраўся зь ліку мескай шляхты і меў паўнамоцтвы зацьвярджаць абраньне радцаў. Ён жа старшыняваў у судзе, дзе яму асіставалі лаўнікі[4]. Разам з Кобрынем Магдэбурскае права было нададзенае і Гарадцу, які, аднак, ня меў самастойнага кіраваньні і выконваў загады з Кобрыню.

У першай палове XVII стагодзьдзя эканомія належала сужэнцы Жыгімонта III каралеве Канстанцыі Аўстрыйскай[1].

У 1757 року Ежы Флемінг атрымаў агульнае права на Берасьцейскую і Кобрынскую эканоміі тэрмінам на 6 рокаў.

У 1768 року распачатая рэарганізацыя Кобрынскай эканоміі пад кіраўніцтвам Антонія Тызэнгаўза, якая, аднак, не прынесла жаданых вынікаў.

У 60—70-я рокі XVIII стагодзьдзя існаваў і альтэрнатыўны праект рэфармаваньня Берасьцейскай і Кобрынскай эканоміяў, прапанаваны каморнікам Віленскага ваяводзтва Людвікам Кройцам. Сутнасьць праекту заключалася ў тым, каб перадаць сялянам у карыстаньне ўсе фальваркавыя землі і перавесьці іх з адпрацовачнай на грашовую рэнту. Акрамя таго, былі прапанаваныя й іншыя, меней значныя зьмяненьні. На думку Кройца, рэформа павысіла б даход зь дзьвюх эканоміяў са 110 тысячаў тынфаў, якія паступалі ў каралеўскую казну ад арандатара Ежы Флемінга, да 294 тысячаў. Кройц дададваў, што азначаная рэнта ня будзе для сялянаў цяжкай, і сам прапаноўваў узяць на сябе частку выдаткаў па правядзеньні рэформы наўзамен на некаторыя прэфэрэнцыі[5].

З далучэньнем Палесься да Расейскае імпэрыі частку земляў эканоміі зь сялянамі расейскі ўрад прадаў прыватным асобам зь ліку расейскіх памешчыкаў, большую частку атрымалі фаварыты царыцы, у тым ліку Аляксандар Сувораў, які завалодаў Кобрынскім ключом.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З праведзенай у 1563 року рэвізіі(ru) вядома, што эканомія складалася з 6 воласьцяў: Кобрынскай, Блудзенскай, Вежыцкай, Гарадзецкай, Дабучынскай, Чаравачыцкай. Адміністрацыйным цэнтрам эканоміі быў Кобрынскі замак, у кожнай воласьці існаваў асобны двор, у якім разьмяшчалася ўправа. Воласьці падзяляліся на войтаўствы, якіх агулам было 18. На чале кожнага войтаўства стаяў войт зь сялянаў. Войтаўствы падзяляліся на вёскі, якіх было 98. У склад эканоміі ўваходзіла 109 населеных пунктаў — 3 месты (Кобрынь, Дабучын і Гарадзец), 8 двароў або фальваркаў і 98 вёсак. Па прыкладных падліках у эканоміі было 77 тысячаў дзесяцінаў зямлі (89 валокаў фальваркавай пашавай зямлі і 612 валокаў цяглых сялянаў)[6][1].

Рэвізіі таксама ладзіліся ў 1549 і 1597 роках. У эканоміі адбываліся працы, накіраваныя на павелічэньне плошчы пашавых земляў: мэліярацыя, вырубка лесу[1]. У 1597 року прыбытак з эканоміі складаў 11 тыс. злотых, у 30-я рокі XVIII ст. — 47 тыс. злотых.

У 1757 року ўведзены новы падзел: замест воласьцяў і войтаўстваў створаныя губэрні і ключы. Такім чынам паўстала Кобрынская губэрня з 8 ключоў[1]:

Ключ Месты Мястэчкі Вёскі Фальваркі
Кобрынскі Кобрынь Агароднікі Кобрынскія, Дубавое, Лягаты, Ляхчыцы, Паляцічы, Патрыкі, Плоскае, Руховічы, Сухоўчыцы, Хідры Гарыздрычы, Залесьсе
Вежыцкі Агароднікі Вежыцкія, Глінянкі, Лышчыкі, Мацясы, Песьцянькі, Стаўпы
Гарадзецкі Гарадзец Асмолавічы, Вуглы, Грушава, Камень Каралеўскі, Худлін, Чалішчавічы
Закросьніцкі Закросьніца, Астромічы, Быстрыца, Сялец, Турная
Ліцьвінкаўскі Ліцьвінкі, Вострава, Кляшчы, Ластаўкі, Пруска
Іласкі Іласк, Баршчы, Бярозна, Засімы, Лушчыкі, Стрыі
Тэвельскі Тэўлі, Залесьсе, Мацы, Рынкі
Чаравачыцкі Агароднікі Чаравачыцкія, Батчы, Глінянкі, Мельнікі, Пескі, Пяркі, Шыповічы, Яскаўчыцы

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Л. Р. Казлоў (23 чэрвеня 2008) Кобрынская эканомія (~1519 г.) История Кобрина. Кобрин-онлайн. Праверана 31 сакавіка 2012 г.
  2. ^ а б в Дзярнович А. Берестейский повет до и после Реформы 1565—1566 гг.: к истории административно-территориальных единиц в Великом княжестве Литовском. — К.: Ukraina Lithuanica, 2009. — Т. І. — С. 44.
  3. ^ Справочная информация. Город Кобрин (рас.) Geographic Information System. Republic of Belarus. Геоинформационная система. Беларусь. Праверана 31 сакавіка 2012 г.
  4. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Кобрынскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с.: іл. ISBN 985-6302-44-7.. — С. 34.
  5. ^ Кітурка І. Нескарыстаная альтэрнатыва развіцця Берасцейскай і Кобрынскай эканомій у другой палове 18 ст. // Гістарычны альманах. — Т. 5. — С. 68—77.
  6. ^ Ревизия Кобринской экономии, составленная в 1563 году королевским ревизором Дмитрием Сапегою. ― Вильна, 1876. — С. — IV.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Володимир Леонюк. Словник Берестейщини. — Львів: Видавнича фірма «Афіша», 1996. — 360 с. — ISBN 966-95063-0-1
  • Дмітрый Сапега. Ревизія Кобринской экономіи. — Вильна: Въ типографіи А. Г. Сыркина, 1876. — 360 с.