Косаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Ohlumon (гутаркі | унёсак) у 21:24, 7 траўня 2015. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Косава
Палац Пуслоўскіх у Косаве
Палац Пуслоўскіх у Косаве
Герб Косава
Першыя згадкі: 1492
Горад з: 1921
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Івацэвіцкі
Насельніцтва: 2 300 (2008)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1645
Паштовы індэкс: 225262
Геаграфічныя каардынаты: 52°45′ пн. ш. 25°09′ у. д. / 52.75° пн. ш. 25.15° у. д. / 52.75; 25.15Каардынаты: 52°45′ пн. ш. 25°09′ у. д. / 52.75° пн. ш. 25.15° у. д. / 52.75; 25.15
Косава на мапе Беларусі
Косава
Косава
Косава
Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Ко́сава, Ко́саў — горад у Беларусі, на рацэ Грыўда. Цэнтар сельсавету Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва 2,3 тыс. чал. (2008). Знаходзіцца за 15 км ад Івацэвічаў, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Косава-Палескае (лінія Берасьце — Баранавічы). Аўтамабільныя дарогі на Ружаны, Івацэвічы, Няхачава.

Назва

Тапонім «Косаў», імаверна, мае зьвязкі з асновай «касы́» і вытворным прозьвішчам Косаў. Таксама магчыма, што пачатковае «к» мае пратэтычнае паходжаньне[1]. Паводле народнага паданьня, у 13 ст. у часе набегаў татараў каваль Каса рабіў зброю; мясцовыя жыхары абараняліся ад ворагаў, калі ішлі да каваля, казалі, што ідуць да Касога; месца, дзе ён жыў, паступова пачалі зваць Косавым. Згодна зь іншымі зьвесткамі, вакол Косава было шмат лугоў, якія ўвосень так гучна скашвалі, што стаяў моцны шум; адсюль і ўзьнікла назва.

Традыцыйная гістарычная назва паселішча — Косаў[2][3], афіцыйная — Косава (рас. Коссово).

Гісторыя

Першыя паселішчы на тэрыторыі Косава ўзьніклі ў 1011 стагодзьдзях. Захавалася гарадзішча 10—12 стагодзьдзяў, якое дасьледавалі Юры Кухарэнка, Пётар Лысенка, Леанід Побаль ды Павал Рапапорт.

Напалеон Орда: «Палац Вандаліна Пуслоўскага і дом, у якім нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка 12 лютага 1746»

Першы пісьмовы ўспамі пра Косаў зьмяшчаецца прывілеі вялікага князя Аляксандра, які перадаў яго маршалку І. Храптовічу, і датуецца 1494[4] Пазьней у розны час паселішча знаходзілася ў валоданьні Флемінгаў і Чартарыйскіх. У 1510 вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў прывілей на правядзеньне ў мястэчку таргоў ды кірмашоў. У гэты час Косаў зрабіўся цэнтрам павету, аднак згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформай (15651566) увайшоў у склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. 11 траўня 1569 мястэчка перайшло да Льва Сангушкі-Кашырскага. Станам на 1597 тут было 79 двароў, 2 вуліцы, царква, касьцёл (з 1526), 27 корчмаў, шынок.

З 1611 Косавам валодалі Сапегі. У 1626 паводле фундацыі Льва Сапегі тут збудавалі новы касьцёл. У 2-й пал. 18 ст. мястэчка перайшло да Пуслоўскіх, якія збудавалі ў ім суконную фабрыку, цагельню, гуту ды бровар.

Сядзіба Касьцюшкаў, 19 ст.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Косаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 у Гарадзенскай губэрні. У 18251855 у мястэчку працавала суконная мануфактура. У 1838 граф Вандалін Пуслоўскі збудаваў тут палац. Станам на 1845 у Косаве існавала фабрыка дываноў ды іншыя прадпрыемствы, на якіх налічвалася каля 200 працоўных. У 1850-я працавала вінакурнае прадпрыемства. У 1861 мястэчка зрабілася цэнтрам воласьці. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (18631864) пад Косавым адбыўся бой паміж паўстанцамі ды расейскімі карнымі войскамі. У 1865 адкрылася народная вучэльня. У 1867 пачаў працаваць млын (у 1881 абсталяваны паравым рухавіком). У 1868 у мястэчку збудавалі мураваную царкву Сьвятога Антонія, у 1878 — Траецкі касьцёл. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 431 будынкі, 2 царквы, касьцёл, капліца, народная вучэльня, суконныя фабрыкі, гарбарня, пошта, 58 крамаў, рэгулярна праводзілася па 8 кірмашоў. 1516 кастрычніка 1900 у Косаве адбыліся хваляваньні навабранцаў (каля 900 чал.) у часе перастрэлкі з паліцыяй некалькі чалавек застрэленыя. За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 мястэчка занялі нямецкія войскі; да восені 1918 непадалёк стаяў фронт. Ад чыгуначнай станцыі Косаў-Палескі немцы правялі вузкакалейныя чыгункі ў лясныя масівы Гуліна ды Міхаліна Ружанскай пушчы. Разрабаваны палац, загінулі сад ды аранжарэя[5].

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Косаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе атрымаў статус места і зрабіўся цэнтрам павету. За польскім часам тут меўся міравы суд, паліцэйская камэндатура. З 1922 дзейнічаў шпіталь на 930 ложкаў, у 1923 адкрыўся лесапільны завод «Тартак». 3 лютага 1927 у Косаве адбылася дэманстрацыя працоўных, арганізаваная падпольным райкамам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі; паліцыя расстраляла дэманстрацыю, гэты дзень увайшоў у беларускую гісторыю пад назвай Косаўскага расстрэлу. У 1930-я ў месьце дзейнічала электрастанцыя магутнасьцю 100 кВт.

У 1939 Косаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 зрабіўся цэнтрам раёну (з 20 верасьня 1947 у складзе Івацэвіцкага раёну). Па агрэсіі СССР мясцовае насельніцтва было прыгнечанае і рэпрэсаванае, а пэўныя гістарычныя будынкі разбураныя — у наш час Інстытут Нацыянальнай Памяці Польшчы вядзе расьсьледаваньне справы забойства 25 палякаў 17—20 верасьня блізу Косава. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1942 у Косаве існавала гета; у часе апэрацыі партызанаў усе юдэі былі вызваленыя і схаваліся ў лясы, але ў выніку нямецкай агітацыі, якая абяцала ім спакойнае жыцьцё ў гета, частка юдэяў вярнуліся зь лясоў, адразу ж усіх іх расстралялі.

Насельніцтва

Адукацыя

У Косаве працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова.

Мэдыцына

Мэдычныя паслугі надае лякарня.

Культура

Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэка.

Эканоміка

Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці, камбінат бытавога абслугоўваньня насельніцтва.

  • ААТ «Косаўскае мэблевае вытворчае аб’яднаньне»

Турыстычная інфармацыя

Выдатныя мясьціны

Касьцёл Найсьв. Тройцы
Адноўленая сядзіба Касьцюшкаў
  • Палац Пуслоўскіх (1838, нэаготыка); узьведзены паводле праекту архітэктара Францішка Яшчолда, у будаваньні палаца дапамагаў архітэктар У. Марконі. Фасад палаца складаў 120 мэтраў у шырыню. У міжваенны час тут разьмяшчалася сядзіба Косаўскага староства. У 1942 годзе быў спалены савецкімі партызанамі і цалкам закінуты, а прылеглы парк — высечаны (цяпер на гэтым месцы хваёвы бор). Частка руінаў палаца добра захавалася і ўражвае нават сёньня. У 2009 годзе Палац Пуслоўскіх у Косаве ўлучылі ў інвэстыцыйную праграму турыстычных цэнтраў Беларусі (разам зь Мірскім замкам, Палацава-замкавым комплексам у Нясьвіжы ды Старым Замкам у Горадні)[10]
  • Царква Сьвятога Юр’я (18 ст., драўляная; колішняя грэка-каталіцкая, цяпер у валоданьні БЭМП)
  • Царква Сьвятога Антонія (1868)

Страчаная спадчына

  • Сядзіба Сапегаў (18—19 стагодзьдзі)

Вядомыя асобы

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 178.
  2. ^ Вольга Іскрык, Зьміцер Саўка. (16.01.2011) Сапраўдныя назвы беларускіх гарадоў. Белсат ТВПраверана 9 чэрвеня 2011 г.
  3. ^ Косов // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  4. ^ Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область, под ред. Марцелова С. В. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1990. С. 208.
  5. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006.
  6. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
  7. ^ Kossów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 473.
  8. ^ Коссово // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  9. ^ Косава // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 241.
  10. ^ Алесь Пятровіч. Косаўскі палац будзе ўзноўлены // «Deutsche Welle», 7 жніўня 2008.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Косаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў