Кошык валют

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Ко́шык валю́т, валю́тны кошык — пэўны набор валют з рознымі вагавымі каэфіцыентамі, па адносінах да якога вызначаецца сярэднеўзважаны курс аднае валюты. У асноўным выкарыстоўваецца для мінімізацыі рызыкі ад ваганьня валютных курсаў[1], а таксама пры стварэньні міжнародных разьліковых грашовых адзінак, індэксацыі валюты цаны і валюты займу ў міжнародных эканамічных стасунках.

Валютны кошык у залежнасьці ад набору валют можа быць бі- альбо мультывалютны.

Прынцыпы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасьць валюты, уключанай у валютны кошык, вызначаецца ўдзельнай вагой кожнай з валют. Сума удзельных ваг усіх валют кошыку роўная адзінцы або 100%. Удзельная вага кожнай валюты, уключанай у валютны кошык, вызначаецца паводле вызначанага эканамічнага крытэру. Такімі крытэрамі могуць быць доля эканомікі краіны ў сукупным валавым прадукце ўсіх краін, чые валюты ўключаныя ў валютны кошык, або доля валюты, ужыванай у міжнародных разьліках ці ў зьнешнегандлёвым звароце.

Прыклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыкладам валютнага кошыка зьяўлялася эўрапейская грашовая адзінка (ЭКЮ), якая выкарыстоўвалася як разьліковая адзінка чальцамі ЭЭС да іхняга пераходу на эўра[2]. У цяперашні час прыкладам могуць служыць спэцыяльныя правы запазычаньня Міжнароднага валютнага фонду.

Апошнім часам у сувязі зь фінансавым крызісам і ўзрастаньнем ролі ў сусьветнай эканоміцы краін, што разьвіваюцца, паўстала ідэя разьліку глябальнай валютнай адзінкі, заснаванай на ўдзеле ў ёй шырэйшага кола вядучых краін сьвету. Валюта атрымала назву Вакю(en) (анг. World Currency Unit). Такая ўмоўная грашовая адзінка рэгулярна разьлічваецца на падставе кошыку валют, куды ўваходзяць валюты краін Вялікай дваццаткі. Пры разьліку кошту Вакю ўлічваецца доля СУП краін-удзельніц у сусьветным СУП[3].

На Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 2 студзеня 2009 Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь адначасна з дэвальвацыяй беларускага рубля замест прывязкі курсу рубля да даляра ЗША перайшоў да выкарыстаньня кошыка валют: даляр, эўра і расейскі рубель — з выкарыстаньнем кожнае з трох валютаў у роўных долях. Неабходнасьцю зьмяненьня мэханізму прывязкі курсу Нацбанк назваў значныя ваганьні сусьветных валют, якія пачасьціліся ў 2008 годзе. Пры новым мэханізме зьніжэньне курсу беларускага рубля адносна аднае з валютаў кошыка павінна кампэнсавацца яго ўмацаваньнем адносна іншых валютаў[4].

Курс беларускага рубля разьлічваўся як сярэдняе геамэтрычнае двухбаковых курсаў да даляра, эўра і расейскага рубля на зададзеную дату. На момант пачатку дзеяньня мэханізму рублёвы кошт валютнага кошыка складаў 960 рублёў. Калідор ваганьняў на 2009 год быў устаноўлены ў памеры ±5% ад гэтага значэньня[4] і ў сярэдзіне таго ж году падняты да ±10%[5], у 2010 — ±10%[5]. На 2011 год Нацбанк напачатку ўсталяваў калідор ваганьняў у памеры ±8%, аднак з прычыны валютнага крызісу калідор сьпярша быў павялічаны да ±12%[6], а 24 траўня 2011 году адбылася дэвальвацыя беларускага рубля адразу на 54,4% адносна даляру ЗША. Адначасна цэнтральнае значэньне рублёвага кошту кошыка валют было ўсталяванае на адзнацы 1810 рублёў, і 12-ціадсоткавы калідор адлічваецца ад новага значэньня[7].

Па стане на 6 чэрвеня 2011 году кошык валют падаражэў з пачатку году на 801,31 базавыя пункты, або 75,81%[8]. Увосень адбылася яшчэ адна дэвальвацыя беларускага рубля, і ў выніку па стане на 1 лістапада 2011 году кошык валют вырас у параўнаньні з пачаткам году на 191,52%[9], а па стане на 27 сьнежня — на 175,81%[10].

Прыклады валютных кошыкаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Currency Basket(анг.). ІнвэстапэдыяПраверана 18 верасьня 2010 г.
  2. ^ Penelope Kent. Law of the European Union. — Pearson Education, 2008. — С. 258. — ISBN 9781405835268
  3. ^ Wocu Value Calculation(анг.) WOCU Праверана 14 сакавіка 2012 г.
  4. ^ а б Как считается валютная корзина(рас.) Банковские новости. InfoBank.by (6 студзеня 2009). Праверана 6 чэрвеня 2011 г.
  5. ^ а б Корзина валют(рас.) Банковские новости. InfoBank.by (31 сьнежня 2010). Праверана 6 чэрвеня 2011 г.
  6. ^ Новый коридор(рас.) Банковские новости. InfoBank.by (6 траўня 2011). Праверана 6 чэрвеня 2011 г.
  7. ^ Об установлении обменных курсов белорусского рубля(рас.) Прэс-рэлізы. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (23 траўня 2011). Праверана 6 чэрвеня 2011 г.
  8. ^ Обзор рынка валют, 30 мая — 5 июня(рас.) Экономические новости. InfoBank.by (6 чэрвеня 2011). Праверана 6 чэрвеня 2011 г.
  9. ^ Сусин Егор, Иосуб Вадим. (1 лістапада 2011) Валютная корзина прибавила с начала года 191,52%(рас.) Экономические новости. InfoBank.by. Праверана 14 сакавіка 2012 г.
  10. ^ Иосуб Вадим. (27 сьнежня 2011) Белорусский валютный рынок(рас.) Экономические новости. InfoBank.by. Праверана 14 сакавіка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]